Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса вылучыў на Нобэлеўскую прэмію міру кандыдатуру ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які больш за 100 дзён трымае галадоўку ў расейскай калёніі. Заяву Валэнсы публікуе Польская кінаакадэмія.
Лех Валэнса ўзначальваў у камуністычнай Польшчы прафсаюз «Салідарнасьць», які змагаўся за перамены, а пасьля дэмакратычных зьменаў у краіне быў абраны прэзыдэнтам. Ён — ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
У сваёй заяве Валэнса нагадвае, што Amnesty International і іншыя праваабарончыя арганізацыі лічаць вынесены ў Расеі прысуд Сянцову па абвінавачваньні ў тэрарызьме несправядлівым і незаконным. Ён таксама адзначае асабістую мужнасьць Сянцова і той факт, што ён трымае галадоўку з заклікам вызваліць ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі, але не сябе самога.
Паводле Валэнсы, дзеяньні Сянцова — гэта абарона тых самых ідэалаў, якімі кіраваўся сам польскі палітык, калі змагаўся за дэмакратыю ў сваёй краіне: «Вера ў дэмакратыю, у мірныя мэтады барацьбы, адмаўленьне нянавісьці, садзейнічаньне салідарнасьці паміж народамі і самаахвяраваньне дзеля іншых несправядліва перасьледуюцца людзей».
Нобэлеўскія прэміі міру прысуджае Нарвэскі нобэлеўскі камітэт у Осла ў канцы года. Некалькі разоў прэміі прысуджаліся людзям, якія знаходзіліся ў зьняволеньні або высылцы — адным зь іх у 1983 году быў і сам Валэнса.