Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гедымін» перамог «Гедзіміна». Навукоўцы паспрачаліся праз помнік князю ў Лідзе


Эскіз помніку князю Гедыміну ў Лідзе, які перамог у конкурсе эскізаў (скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў)
Эскіз помніку князю Гедыміну ў Лідзе, які перамог у конкурсе эскізаў (скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў)

На помніку вершніку, які налета ўсталююць у Лідзе, напішуць «Гедымін». Але ці не навязалі гэтую форму імя палякі? Ці сапраўды так спрадвеку звалі Вялікага князя Літоўскага? У беларускіх навуковых колах чарговы раз разгарнулася заўзятая дыскусія.

«Для нашага вуха гэта больш натуральнае гучаньне»

Канчатковы варыянт подпісу — «Гедымін». Яго рэкамэндавала Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве падчас паседжаньня на пачатку жніўня. Пра гэта распавёў скульптар Сяргей Аганаў, які працуе над помнікам і прысутнічаў на паседжаньні Рады.

Скульптар патлумачыў, што гэта самая галоўная Рада ў пытаньнях мастацтва ў Беларусі. У яе склад уваходзяць каля 20 чалавек: скульптары, архітэктары, дызайнэры, дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узначальвае Раду рэктар Акадэміі мастацтваў Беларусі. Калі зьяўляюцца пытаньні па напісаньні, даецца запыт або ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, або філёлягам з НАН.

«Рада раіла напісаньне „Гедымін“, бо для нашага вуха гэта больш натуральнае гучаньне», — патлумачыў Сяргей Аганаў.

Таксама Рада ўхваліла выяву «Калюмнаў» — герба роду Гедымінавічаў — на помніку.

Мовазнаўца: «Напісаньне „Гедзімін“ робіць князя для нас сваім»

Мовазнаўца Вінцук Вячорка выказаў у абарону напісаньня і вымаўленьня другога варыянту — «Гедзімін» — чыста лінгвістычныя аргумэнты.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Па-першае, абсалютная бальшыня старых кірылічных напісаньняў імя князя — праз -ДИ-. У старабеларускай мове гэтае напісаньне абазначала мяккасьць зычнага, г. зн. сучаснае (і, хутчэй за ўсё, ужо і тагачаснае) дзеканьне: диво [дзіва], ходити [хадзіці]. Толькі ў лацінізмах спалучэньне гэтае магло чытацца [ды]: диспутъ, дискурсъ. Але князь жа наш, ня рымскі...

Па-другое, балцкія мяккія [d’, t’] па-беларуску перадаюцца празь дзь, ць. Гэта даказваюць агульныя словы (дзірван), мноства беларускіх назваў балцкага паходжаньня: Дзітва, Дзірмуны, Жодзішкі, Гадуцішкі, Гудзішкі, Відзішкі, Юрацішкі... Ёсьць у нас аднакаранёвы Гедзіміну тапонім Гедзевічы (Вялейскі р-н), а ўрэшце сучаснае беларускае прозьвішча Гедзімін.

Па-трэцяе, у вялікай паласе памежных балцкіх гаворак, у тым ліку асыміляваных беларускаю моваю, ёсьць «дзуканьне»: dzidzis замест didis («вялікі») скажуць у Дзявенішках.

Як мяркуе Вячорка, варыянт «Гедымін» узьнік пад уплывам польскай мовы.

Польскія напісаньні літоўскіх і беларускіх імёнаў часта не перадаюць дзеканьня-цеканьня. Напісаньні Witebsk, Derewno = Дзераўная выкліканыя тым, што польскі пісар перадаваў кірылічныя напісаньні палітарна. Што да імёнаў князёў, найперш балцкага паходжаньня, то на цьвёрдую перадачу зычных D, T у іх магло паўплываць пасярэдніцтва лацінскіх ці нямецкіх напісаньняў. У кожным разе бачым заканамернасьць: бел. Трайдзень — польск. Trojden, Будзівід і Будзікід — Butywid і Butygejd, Віцень — Witenes, Таўцівіл — Towtywił. Цьвёрдасьць у антрапоніме «Гедымін» выразна пярэчыць гэтай сыстэмнай рысе. Дарэчы, і імёны Радзівіл, Эрдзівіл перш мелі ў польскай напісаньне Radywił, Erdywił.

Спасылаюцца на Хроніку Быхаўца, дзе ў лацінкавай трансьлітарацыі з кірылічнага арыгіналу пішацца Gidymin. Але ў артаграфіі гэтага летапісу моцны ўплыў украінскай фанэтыкі, магчыма, роднай для перапісьніка, і таму ён перадаваў кірылічную літару И у лацінцы не як I, а як Y: Wołodymir.

«Мы ведаем, што ЎлаДЫслаў — гэта польская форма імя, а УлаДЗІслаў — беларуская. Дакладна так, на маю думку, і з Гедымінам — Гедзімінам. Варта падтрымаць энцыкляпэдычнае напісаньне, якое робіць князя для нас сваім», — кажа Вячорка.

Гісторык: «Існуе практыка ўжываньня народам пэўных назваў»

Гісторык Алесь Краўцэвіч не пагаджаецца зь Вінцуком Вячоркам і падтрымлівае форму «Гедымін». Ён абапіраецца на ўжываньне такога варыянту імя ў фундамэнтальных працах гісторыі краіны: «Нарысы гісторыі Беларусі» (Частка 1. Мн., 1994), шасьцітомная «Гісторыя Беларусі» (Т. 2. Мн., 2008), у тэкстах гісторыкаў Георгія Галенчанкі, Паўла Лойкі, Генадзя Сагановіча. У сваіх працах Краўцэвіч таксама ўжывае форму «Гедымін».

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

«Прафэсар Галенчанка 50 гадоў займаецца ВКЛ, у тым ліку Гедымінам, напісаў дзясяткі кніг. Гэта практыка ўжываньня тэрміну ў асяродзьдзі людзей, глыбока абазнаных у тэме», — кажа Краўцэвіч.

Алесь Краўцэвіч прызнае, што з пункту гледжаньня мовазнаўства Вінцук Вячорка мае рацыю. Але адзначае, што звыш гэтага існуе практыка ўжываньня народам пэўных назваў.

«Прыкладам, практыка стагодзьдзямі называць краіну „Беларусь“, хаця больш правільна — „Літва“ або „Расея“, хаця больш правільна — „Масковія“», — кажа гісторык.

Паводле аналёгіі ён заўважыў, што ў Лідзе склалася практыка ўжываньня назвы «Гедымін». Так называюцца хлеб, піва, рэстарацыя, такі надпіс ёсьць на старым камяні.

Гісторык пагаджаецца з мовазнаўцам у тым, што ад некаторых назваў, замацаваных практыкай, усё ж варта пазбаўляцца. Гэта датычыць «тэрмінаў акупантаў-расейцаў».

«Трэба „Вільня“ замест „Вільнюс“, „Янава“ замест „Іванава“. Гэта практыка, якая нас прыніжае, якую трэба мяняць», — пераконвае суразмоўца.

Гісторык адмаўляе, што форма «Гедымін» — гэта практыка, навязаная польскім бокам.

«Гэта беларускія навукоўцы перанялі самыя, ня важна, ад палякаў ці ад немцаў. Польскі пан зь бізуном не прымушаў пісаць „Гедымін“», — кажа Краўцэвіч.

Паводле гісторыка, варыянт «Гедзімін» ужываў Мікола Ермаловіч у «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», а таксама Вячаслаў Насевіч у «Энцыкляпэдыі Вялікага Княства Літоўскага» са спасылкай на Ермаловіча. Але, паводле ягонага сьцьвярджэньня, большасьць навукоўцаў не падтрымлівае такі погляд.

«Беларускія гістарычныя энцыкляпэдыі ў значнай ступені — прафанацыя навукі. У іх можна сустрэць шматлікія спрэчныя сьцьвярджэньні, недакладнасьці і памылкі. З гэтай прычыны я адмовіўся ўдзельнічаць ў напісаньні энцыкляпэдыі ВКЛ (пазначэньне мяне як кансультанта ў першым томе — падман)», — кажа Краўцэвіч.

Вершніка ўсталююць налета

Скульптары цяпер працуюць над выдаленьнем заўваг Рады, карэктуюць працоўную мадэль у маштабе 1:4 згодна з парадамі гісторыка Мікалая Плавінскага. Пасьля ўзгадненьня рабочай вэрсіі пачнецца праца над скульптурай у патрэбным памеры.

Супольную працу скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава плянуюць усталяваць налета каля паўночнай сьцяны Лідзкага замку, на скрыжаваньні вуліц Грунвальдзкай і Замкавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG