У цэнтры Кіева да Дня незалежнасьці адкрылася выстава сучаснага ўкраінскага ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі пад адкрытым небам. Яна мае назву «Моц новай арміі».
Экспануюцца самаходныя артылерыйскія і ракетныя ўстаноўкі, танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспартэры, грузавыя і мэдычныя аўтамабілі. Гэтая тэхніка знаходзіцца на ўзбраеньні ўсіх ваенізаваных фармаваньняў краіны — Узброеных сілаў, Памежных войскаў, Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны і структураў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
Сёлета ўпершыню былі прадэманстраваныя дроны і новыя пераносныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Стугна-П», лёгкія пераносныя ракетныя комплексы «Карсар» — апошнія распрацоўкі ўкраінскай абароннай прамысловасьці.
З выставы ўсе яны накіруюцца ў сухаземныя войскі, вайскова-марскія сілы, дэсантна-штурмавыя войскі і сілы спэцыяльных апэрацыяў.
Украінская вайсковая тэхніка на шасі МАЗа
Разам з украінскімі новымі распрацоўкамі — танкам «Аплот», браняванай машынай «Дазор-Б» і баявой машынай «Трытон» — на выставе прадстаўленыя паходны аўтамабільны клюб-друкарня, выраблены на шасі МАЗ-531605. Аўтамабіль належыць Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Мадэль распрацаваная ў 2016 годзе таварыствам з абмежаванай адказнасьцю «УкрЄвроМАЗ» — прадпрыемства, створанае ў 2011 годзе, ёсьць афіцыйным дылерам Менскага аўтамабільнага заводу для рэалізацыі пасажырскага і грузавога транспарту, а таксама шасі, прычэпаў і аўтакранаў.
Як тлумачыць інфармацыйны стэнд, клюб-друкарня прызначаная для «маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня асабістага складу ў палявых умовах, выкананьня функцыі мабільнай паходнай друкарні». Кошт аднаго такога клюбу-друкарні складае амаль 3 мільёны грыўняў — прыкладна 100 тысяч даляраў у эквіваленце.
У тым жа 2016 годзе «УкрЄвроМАЗ» забясьпечыў Нацыянальную гвардыю Ўкраіны яшчэ адным спэцыялізаваным аўтамабілем з тэнтам для перавозу асабовага складу і маёмасьці, вырабленым таксама на базе МАЗу.
Цяпер прадпрыемства на базе МАЗу стварае ячшэ 15 відаў спэцыяльнай тэхнікі — ад палівазапраўнікаў у складаных умовах надвор’я да кранаў і спэцыялізаваных машын для перавозу асабовага складу і маёмасьці. Што праўда, іх на выставу не прывезьлі.
На беларускіх шынах
Яшчэ адзін традыцыйны беларускі складнік — колы «Белшына». Летась на іх праяжджалі ракетная сыстэма залпавага агню «Сьмерч» (распрацаваная яшчэ ў 1987 годзе) і зэнітны ракетны комплекс С-300ПС. Сёлета — спэцыялізаваныя браняваныя аўтамабілі «Козак-012» і «КрАЗ-Hulk».
На шасі «Волата»
Сёлета на сьвяточным вайсковым парадзе ўпершыню прадэманстраваная новая вайсковая распрацоўка, зробленая на шасі Volat Менскага заводу колавых цягачоў — радыёлякацыйная станцыя «Гром-2», аснашчаная дзьвюма ракетамі тыпу «зямля-зямля».
Яна распрацаваная канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў горадзе Дніпры і пакуль існуе толькі ў выглядзе макетнага ўзору. На гэты момант комплекс пакуль не атрымаў сталай назвы, а раней фігураваў як «Сапсан».