Зьняволены ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў ужо больш за 90 дзён трымае галадоўку ў расейскай калёніі.
Пра гэта паведамляецца сайце Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Жыцьцё Сянцова ў немінучай небясьпецы. Суд над ім і прысуд не адпавядалі нормам міжнароднага права, заявілі экспэрты ААН.
Яны заклікалі расейскія ўлады вызваліць Сянцова «без папярэдніх умоў у тэрміновым парадку».
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Расеяй Крыме. Сваю віну ён не прызнае.
14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем выпусьціць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў. Ён неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць яе «да канца».
14 жніўня стала вядома, што Крэмль адмовіў маці Сянцова ў памілаваньні сына. Там спасылаюцца на закон і заяўляюць, што працэдура памілаваньня пачынаецца з асабістага хадайніцтва асуджанага, а ўкраінскі рэжысэр такога прашэньня не падаваў.