Больш за сто дзеячаў суьсветнай культуры выступілі ў падтрымку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які галадае ў расейскай турме. Яны таксама заклікалі афіцыйныя асобы Эўразьвязу і ААН аказаць ціск на Расею, каб дамагчыся яго хуткага вызваленьня.
Зварот дзеячаў культуры апублікавала францускае выданьне Le Monde.
У звароце прысуд Сянцову названы «замахам на свабоду думкі і творчасьці». Адзначаецца, што не паважаліся правы абароны, і прысуд «зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права і асноўных нормаў правасудзьдзя». Самога Сянцова параўноўваюць з Васіліем Гросманам, Аляксандрам Салжаніцыным і іншымі дысыдэнтамі ў часы камуністычнага рэжыму ў СССР.
Подпісы пад зваротам паставілі, у прыватнасьці, клясык сусьветнага кіно францускі рэжысэр Жан-Люк Гадар, двухразовы ўладальнік «Залатой пальмавай галіны» брытанскі рэжысёр Кен Лоўч, уладальнік прэміі «Оскар» канадзкі рэжысёр Дэйвід Кронэнбэрг і міністар культуры Францыі Франсуаз Нісэн.
Алег Сянцоў, украінец і жыхар Крыму, быў затрыманы расейскімі спэцслужбамі ў траўні 2014 году. У жніўні 2015 году Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прысудзіў яго да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Сянцоў сваю віну не прызнаў і на працэсе заяўляў, што яго катавалі. Тэрмін ён адбывае ў калёніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай вобласьці.
14 траўня сёлета Сянцоў абвясьціў аб пачатку галадоўкі і запатрабаваў вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах. Расейскія ўлады ніяк не адрэагавалі на <;яго патрабаваньні. Сянцоў неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць галадоўку «да канца».