У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэт і перакладчык Ігар Кулікоў.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Цяпер чытаю некалькі кніг: актыўна — «Основные категории классической индийской поэтики» П. А. Грынцэра, «Buddhacaritam» (Дзеі Буды) індыйскага паэта ½ ст. Ашваґгошы (на санскрыце), патроху — «Страчаны рай» Джона Мілтана (у арыгінале; па-расейску чытаў, калі вучыўся на філфаку).
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Дзьве: 1) «The Language of the Gods in the World of Men» Шэлдана Полака — выдатнае дасьледаваньне аб тым, як і чаму санскрыт стаў на тысячу гадоў літаратурнаю моваю большай часткі паўднёва-усходняй Азіі. 2) Pañcatantram (Пяць настаў) настаўніка Вішнушармана (на санскрыце) — індыйскі «трактат» з палітыкі дзесьці пачатку н. э. у выглядзе павучальных баек са зьвярамі і без. Кніга была шалёна папулярная ня толькі ў Індыі, але і ў суседніх краінах. Спачатку яна была перакладзеная ў сярэднепэрсыдзкую мову, потым — у арабскую, турэцкую ды іншыя. Пераказы Паньчатантры былі вядомыя і ў Эўропе.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Пераважна ўласныя зацікаўленасьці. Цяпер гэта санскрыцкая літаратура, а таксама эпічныя паэмы. Часам прыслухоўваюся і да парадаў знаёмых. З апошняга параенага чытаў раман «Shantaram» Ґрэґары Робэртса.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
З уступнага артыкулу да расейскага перакладу Шатапатха-брагманы даведаўся пра тое, што насамрэч хутчэй за ўсё азначала слова upaniṣad. Яго першасным значэньнем, відаць, быў аб’ект мэдытацыі.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
Апошнім часам не даводзілася, але пляную прачытаць «Братоў Карамазавых». Праўда, пакуль што ў графіку часу на іх не відаць.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Шчыра кажучы, сучаснай мастацкай літаратуры амаль не чытаю, і ўсё ж некалькі прозьвішчаў назваць магу: з паэтаў — Алесь Разанаў, Наста Кудасава, Галіна Сіўчанка, Яўген Бясчасны; з прозы — Ґрэґары Робэртс.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Паньчатантра. Сюжэт байкі не зусім прыстойны, таму пераказваць тут ня буду. Спадзяюся, калі-небудзь перакладу гэту кнігу цалком: некаторыя ўрыўкі ўжо гатовыя.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Апошнім часам не, але калісьці вельмі кранула «Чырвонае і чорнае» Стэндаля.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Вельмі раззлаваў «Завадны апэльсын» Бёрджэса, дакладней, галоўны герой. З расчараваньняў — 3-я кніга з сэрыі The Dark Tower Кінґа (але гэта была аўдыёкніга — мабыць, для гэтай апытанкі яна не падыходзіць).
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Калі браць літаратурныя роды, то вельмі рэдка чытаю драматургію (хоць нядаўна і выдаў пераклад адной п’есы ). Ня часта чытаю апавяданьні, нарысы і ўвогуле кароткія жанры. Аддаю перавагу вялікім творам. З гледзішча зьместу, не асабліва люблю гумарыстычныя творы й дэтэктывы, а раманаў-жахавікоў увогуле ў жыцьці ні разу не чытаў, калі ня ўлічваць аўдыёкнігі The Shining Кінґа.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Безумоўна, аддаю перавагу паперы, але многія з патрэбных мне кніг (пераважна па санскрыце ды індыйскай культуры) маю толькі ў электронным выглядзе, таму прыходзіцца шмат чытаць як з кампутара, так і з чыталкі.
Чытаць некалькі кніг адначасова мяне прывучылі на філфаку, але цяпер стараюся такім не займацца. Люблю засяродзіцца на нечым адным. Калі і чытаю нешта паралельна, то стараюся падбіраць кнігі так, каб яны былі розных жанраў.
Што да часу чытаньня, то чытаю тады, калі ён ёсьць. Асабліва люблю чытаць у кавярні, слухаючы клясычную музыку (з апошняга — сучасны італьянскі кампазытар Ezio Bosso).
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Звычайна ведаю, але часам магу нешта забыць, бо калісьці сьпяшаўся і паклаў не туды. Кнігі збольшага разьмеркаваныя тэматычна: тут мовазнаўчая літаратура, тут санскрыцкія кнігі, а тут паэзія. Неяк так.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Нават ня ведаю. Калісьці ў мяне быў «Валадар пярсьцёнкаў» на нарвэскай — мабыць, гэта можа падацца камусьці экзатычным. Але купіў я гэту кнігу ў месцы зусім празаічным: у нашай Акадэмкнізе. Праўда, нарвэскай вучыць я так і не пачаў, таму падарыў кнігу сваёй знаёмай з Украіны, якая была адносна мовы настроеная больш сур’ёзна за мяне.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
André Padoux. Vāc. The Concept of the Word in Selected Hindu Tantras.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Цяжкае пытаньне. У школе вельмі сымпатызаваў Фрода ды Юрасю Братчыку.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Да клясы 7-й мастацкай літаратуры амаль не чытаў. Нават (ці хутчэй, тым болей) казак. Але потым выпадкова пазнаёміўся з фантастыкай — і панеслася. Праглынуў усе фантастычныя кнігі, якія былі ў хатняй бібліятэцы. Потым сябар даў пачытаць Толкіна. І я падсеў на фэнтэзі. «Валадар пярсьцёнкаў» — бадай, наймацнейшае кніжнае ўражаньне са школы. Ну, і Караткевіч. Клясыку пачаў чытаць толькі на філфаку.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Бгаґавад-ґіта.
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Гамэра, Вальмікі й Толкіна.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Нікога. Дастаткова будзе маіх твораў.
Што вы перачытваеце?
За жыцьцё перачытаў усяго некалькі кніг: «Настоящий человек» Барыса Палявога, розныя кнігі Толкіна (на розных мовах), Бгаґавад-ґіту, мабыць, нешта яшчэ — з ходу не магу ўспомніць. Асобныя вершы перачытваў безьліч разоў. Перачытаў бы Гамэра ў арыгінале, але, на жаль, ня ведаю старагрэцкай.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Хацеў бы прачытаць «Боскую камэдыю» па-ўкраінску, працягнуць чытаць у арыгінале Рамаяну, а таксама пачаць санскрыцкі раман Harṣacaritam Баны. Ну, і нарэшце ўзяцца за «Мобі Дыка» (даўно купіў кнігу ў арыгінале, але далей за першую старонку справа пакуль што не пайшла).