Прадстаўнікі Сэулу і Пхэньяну правялі перамовы ў Паўднёвай Карэі і пачалі падрыхтоўку да новай двухбаковай сустрэчы. Яна прызначаная на 13 жніўня ў памежным пункце Пханмунджом. Пра гэта паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap.
Паводле дадзеных агенцтва, на перамовах будзе абмяркоўвацца выкананьне дэклярацыі, прынятай лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам і прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам на саміце 27 красавіка. Апроч іншага, бакі маюць намер абмеркаваць падрыхтоўку наступнай сустрэчы на вышэйшым узроўні.
Прадстаўнікі дзьвюх краін таксама абмеркавалі мадэрнізацыю і аб’яднаньне чыгунак, разьяднаных пасьля Карэйскай вайны 1950-53 гадоў. Акрамя таго, ідзе гаворка пра аднаўленьне ўчастку аўтамабільнай дарогі, якая злучае Пхэньян і Сэул.
27 красавіка 2018 году ў памежным паселішчы Пханмунджом на паўднёвакарэйскай тэрыторыі адбыўся саміт лідэраў Паўночнай і Паўднёвай Карэі. Кім Чэн Ын і Мун Чжэ Ін абвясьцілі пра намер падпісаць мірную дамову, якая афіцыйна пакладзе канец стану вайны паміж дзьвюма краінамі. Акрамя таго, Пхэньян і Сэул абвясьцілі пра пачатак работ над поўным ядзерным раззбраеньнем на Карэйскім паўвостраве.
Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідэрам, які наведаў Паўднёвую Карэю з 1953 году. Тады было заключанае перамір’е ў карэйскай вайне, аднак мірная дамова дагэтуль не падпісаная.