Колішні журналіст дзяржаўнага тэлеканалу АНТ на ўмовах ананімнасьці распавёў Радыё Свабода, што доступ да платнай падпіскі інфармацыйнага агенцтва БелТА меў любы супрацоўнік тэлеканалу.
Чаму мы пра гэта пішам?
7 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Прычына: крымінальная справа за «несанкцыянаваны доступ да інфармацыі». БелТА абвінавачвае кампаніі ў незаконных падлучэньнях да платнай падпіскі свайго агенцтва.
Знайсьці пароль мог кожны супрацоўнік
Суразмоўца Свабоды кажа, што працаваў у рэдакцыі навінаў тэлеканалу АНТ цягам 2016—2017 гадоў, афіцыйна гэта было аформлена як навучальная практыка. На сэрвэры тэлеканалу ў адной з тэчак ляжаў Word-дакумэнт з логінам і паролем ад платнай падпіскі на БелТА. Колькі ўсяго АНТ меў параў «логін-пароль», былы супрацоўнік ня ведае, дадаючы, што цяпер і ў аддзеле навінаў магло нешта зьмяніцца.
«Мне сказалі, дзе менавіта ляжаў логін і пароль рэдакцыі навінаў. Ён ляжаў проста на сэрвэры, і можна было зайсьці зь любога кампутара. То бок абсалютна любы чалавек, нават не датычны да рэдакцыі навінаў, проста калі меў доступ да кампутара АНТ, мог зайсьці на сэрвэр і паглядзець гэты логін і пароль», — сказаў былы практыкант АНТ.
Колькі параў «логін-пароль» было на тэлеканале ад іншых інфармацыйных агенцтваў, суразмоўца ня ведае — дадзеныя былі ўжо захаваныя ў браўзэры працоўнага кампутара.
Дырэктарка БелТА: гэта справа СК
Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч у інтэрвію Свабодзе сказала, што ў сытуацыі з тэлеканалам АНТ будзе разьбірацца Сьледчы камітэт.
Адаслаўшы цікаўных на сайт агенцтва, у БелТА не сказалі:
- колькі акаўнтаў для доступу да платнай падпіскі выдаецца адной кампаніі-партнэру;
- ці ёсьць забарона на перадачу пароляў трэцім асобам.
На сайце БелТА вывешаныя толькі ўмовы выкарыстаньня матэрыялаў, дамова карыстальніка не апублікаваная.
Хто такая Ірына Акуловіч, якая ініцыявала справу аб «несанкцыянаваным доступе» да падпіскі БелТА
Колькі каштуе падпіска на БелТА
У аддзеле маркетынгу і рэклямы БелТА Свабодзе паведамілі, што падпіска на інфармацыйную стужку дзяржаўнай інфармагенцыі на месяц каштуе 612 рублёў з ПДВ.
Для таго каб зрабіць падпіску, трэба даслаць заяўку з банкаўскімі рэквізытамі.
«Для падпісчыкаў інфармацыя паступае крыху хутчэй, яна з рубрыкатарам, больш зручная для выкарыстаньня. На сайце для падпісчыкаў інфармацыя больш паглыбленая. Паступае хвілін на 15 раней за сайт. Ёсьць яшчэ „Анонсы дня“, „Анонсы тыдня“ — кожны пакет па 27 рублёў 30 капеек, „Каляндар: даты, падзеі“ — 66 рублёў», — сказала супрацоўніца БелТА.
Як даведалася Свабода, ані Tut.by, ані БелаПАН ня маюць платнай падпіскі на БелТА.
Рэдактарка БелаПАН: Прэтэнзіі БелТА сьмешныя
Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка незалежнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, чыю журналістку Тацяну Каравянкову Сьледчы камітэт затрымаў як падазраваную па справе, назвала прэтэнзіі БелТА «сьмешнымі».
«Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіпэрспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сьцьвярджаць, што мы мелі карысьлівую выгаду, асабліва Тацяна Каравянкова, проста сьмешна», — сказала Леўшына.
Паводле рэдактаркі БелаПАН, яны вымушаныя выкарыстоўваць інфармацыю БелТА, бо ня маюць доступу да дзяржаўных структур, кіраўніцтва дзяржавы. «Гэта сьведчыць пра тое, у якіх няроўных умовах мы працуем зь дзяржаўнымі СМІ», — сказала яна.
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.