Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік пра карупцыю ў пастаўках мэдтэхнікі: Дзяржава хоча, каб нашы бабулі гнілі дома


Уладзімер Кордзік
Уладзімер Кордзік

Пастаўкі імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя ўстановы па завышаных цэнах ​—​ адзін з ключавых аспэктаў «справы мэдыкаў», у рамках якой КДБ Беларусі раскрыў карупцыйную схему. Прадпрымальнік Уладзімер Кордзік меў вопыт імпарту мэдтэхнікі ў Беларусь. Ён расказаў Свабодзе, як працуе схема паставак тэхнікі ў Беларусь і чаму ён сышоў з гэтага бізнэсу два гады таму.

Бабуля і ралятары

Бабуля Ўладзімера, якой блізу 90 гадоў, каб выйсьці ў двор, абапіралася на табурэт, які пасоўвала перад сабой. Уладзімер убачыў за мяжой зручнае прыстасаваньне — ралятар. Гэта вазок, які сунеш перад сабой, можаш на яго абапірацца і ў любы момант на яго прысесьці.

«Калі я вярнуўся дахаты, пачаў шукаць такое прыстасаваньне ў Беларусі, а яго няма. Некаторыя людзі яго мелі, але сказалі, што набылі за мяжой», — прыгадвае суразмоўца.

Уладзімер, які на той час быў індывідуальным прадпрымальнікам і меў пэўныя грошы, вырашыў завезьці гэты тавар у краіну.

«Я знайшоў пастаўшчыка ў Польшчы. У прынцыпе ён быў рэсэлерам, то бок перапрадаваў вазкі кітайскай зборкі на эўрапейскі рэгіён пад сваім брэндам. У сьпісе партнэраў Беларусі яшчэ ў іх не было — яму мая ідэя спадабалася. Ну чаму б не паспрабаваць?»

Першыя крокі

Каб гандляваць увезенай у Беларусь мэдтэхнікай або прыладамі мэдычнага прызначэньня, трэба атрымаць дазвол у Цэнтры экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя.

Дзяржаўная крама мэдтэхнікі ў Менску
Дзяржаўная крама мэдтэхнікі ў Менску

Нават такое простае прыстасаваньне, як ралятар — каркас з алюмініевых трубак, чатыры колы, сядзеньне і сумачка, — трэба зарэгістраваць, кажа Ўладзімер Кордзік.

«Пытаюся: колькі будзе каштаваць гэтая працэдура? Мне на гэтае пытаньне нават прыблізна не адказвалі цягам некалькіх гадзін. Маўляў, падавайце заяўку, мы адправім у адзін інстытут, у другі — паглядзім, колькі гэта будзе каштаваць. Тады я спытаў знаёмых, якія працуюць у гэтай сфэры. Высьвятляецца, прыблізна 10 тысяч даляраў за адно найменьне», — кажа Ўладзімер Кордзік.

Паводле яго, каля 2–3 тысяч даляраў ідзе на дакумэнтацыю, выдача якой «зацягваецца звычайна на паўгода». Астатнія грошы ідуць на паездку прадстаўнікоў экспэртных структур за мяжу, каб наведаць вытворчасьць, дзе вырабляюць абсталяваньне.

Што дае сэртыфікацыя?

«Яна вызваляе ад падатку на дабаўленую вартасьць у 20%. І далей стаўка мытнай працэдуры самога вырабу вельмі моцна зьмяншаецца. У маім выпадку — з 16% да 9%. У выніку эканоміцца амаль 30% на мытных плацяжах, уключна з НДС. Цудоўна, клопат пра нашых грамадзянаў. Але ўзамен мы абавязаныя выконваць указ № 366 ад 2005 году аб цэнаўтварэньні ў галіне аховы здароўя», — кажа Ўладзімер Кордзік.

Паводле гэтага дакумэнту, кажа ён, аптовы пастаўшчык можа мець (у выпадку з Уладзімерам) маржынальнасьць ня больш за 5%, а канчатковы, розьнічны прадавец — ня больш за 9%.

«Але гандаль ураздроб ня зможа існаваць, калі рэнтабэльнасьць складае менш за 16%, ён проста ня выжыве».

Уладзімер Кордзік робіць выснову, чаму ён не знайшоў ралятара ў дзяржаўных крамах мэдтэхнікі.

«Бо гэта нікому ня выгадна. Гэта насамрэч не абарона спажыўца, а абмежавальная мера, каб нашы бабулі і дзядулі проста сядзелі і гнілі ў сваіх кватэрах і ня мулялі вочы на вуліцы».

Пэнсіянэр, які ініцыяваў «справу мэдыкаў»: «Я думаў, ведамства Жарко — непатапляльны авіяносец»

Што адбываецца насамрэч?

«Што мы робім, калі нам нельга перавысіць гэтыя 5% і 9%? Дамаўляемся з пастаўшчыком. Адпаведна, трэба знайсьці нейкага гнілога пасярэдніка, зь якім мы дамаўляемся. Маўляў, ты нам завышаеш цану, скажам, на 30%, а мы, ужо зыходзячы з гэтай цаны, імпартуем, з табой разьлічваемся. Я прыяжджаю і на тваім баку забіраю гэтую розьніцу. Далей мае оптавыя і розьнічныя пакупнікі афіцыйна зарабляюць гэтыя 5% і 9%, а я яшчэ іх з гэтых грошай кармлю рознымі спосабамі. Некаму наяўнымі, некаму прапануюцца сыстэмы продажаў: кшталту 5 штук прадаў, а шостую атрымаў бясплатна, і гэтак далей», — кажа Ўладзімер Кордзік.

У выніку, паводле прадпрымальніка, бізнэсоўцы сутыкаюцца з сыстэмай, неспрыяльнай для паставак мэдтэхнікі ў Беларусь.

У асартымэнце крамы мэдтэхнікі ў Менску толькі адзін вазок
У асартымэнце крамы мэдтэхнікі ў Менску толькі адзін вазок

«З аднаго боку, яна, можа, і правільна зроблена дзеля мінімізацыі накруткі рынкам. З другога, яна папросту выключае гэты рынак. У нас вы ня ўбачыце дзядулю на электравазку. Бо такі вазок сюды проста не ўвязеш, няма ніякага сэнсу. На беларускім рынку існуюць 3–4 мадэлі інвалідных вазкоў. Больш няма. Калі табе трэба нейкае асаблівае прыстасаваньне, ты будзеш езьдзіць на тым, якое тут ёсьць і сэртыфікавана».

Беларусь — гэта краіна, якая клапоціцца пра тое, каб наша насельніцтва ў пэўны момант проста як мага хутчэй сышло ў магілу

Ён заключае, што Беларусь з гледзішча мэдыцыны — гэта краіна, якая «клапоціцца пра тое, каб наша насельніцтва ў пэўны момант проста як мага хутчэй сышло ў магілу і не магло карыстацца ніякімі дабротамі».

Ралятары ўсё ж увезьлі ў Беларусь. Як?

Уладзімер Кордзік увёз ралятары, але не як выраб мэдычнага прызначэньня, а як «прагулачны вазок».

«Заплацілі поўную „растаможку“, то бок ПДВ у 20% і ўжо не 9% ільготных, а 16%. У выніку павялічылася цана. У прынцыпе, мы ўжо вольныя на рынку. Але наша задача — прадаць гэта насельніцтву. А людзі па такую штуку пойдуць у крамы мэдтэхнікі. А я там гэты вазок разьмясьціць не магу, бо гэтыя крамы прадаюць усё толькі з сэртыфікатам Міністэрства аховы здароўя.

Дзяржава нібы вымушае ісьці ў гэту зону рызыкі

Таму, прадаючы ралятары праз інтэрнэт, мы апыналіся ў зоне рызыкі, бо гэта тавар усё ж мэдычнага прызначэньня. То бок дзяржава нібы вымушае ісьці ў гэту зону рызыкі. Але проста акупіць тыя 10 тысяч даляраў на адной намэнклятуры тавару было б даволі праблематычна.

Цяпер ёсьць фірмы, якія займаюцца мэдтэхнікай і пастаўляюць такія вазкі, але не пад самы адпаведны сэртыфікат — як артапэдычныя апоры».

Уладзімер кажа, што ягоны знаёмы хацеў увезьці ў Беларусь сучасны слыхавы апарат па ніжэйшай цане, чым тыя несучасныя, што цяпер прадаюцца ў Беларусі. Аднак не атрымаў дазволу на той падставе, што «рынак ня мае патрэбы».

Адзінае ўнутрывухавае прыстасаваньне для паляпшэньня слыху ў «Цэнтры карэкцыі слыху» УП «Белмэдтэхніка»
Адзінае ўнутрывухавае прыстасаваньне для паляпшэньня слыху ў «Цэнтры карэкцыі слыху» УП «Белмэдтэхніка»

«Для таго каб усё ж прынялі заяўку, зразумела, што патрэбна. Трэба занесьці тысяч 50», — кажа Ўладзімер.

Чаму Ўладзімер сышоў зь бізнэсу па пастаўках мэдтэхнікі?

«Бо псыхалягічна мне агідна штодня парушаць закон. І як мне пашырацца? Я павінен дэлегаваць парушэньне заканадаўства іншым асобам, якіх буду браць на працу. Тут ты павінен увесь час знаходзіцца ў зоне рызыкі, і цябе ў любы момант могуць пакараць. Дзейная схема вымушае знаходзіцца ў гэтай шэрай зоне. Нават у чорнай. Насамрэч, усе аптэкі і мэдустановы знаходзяцца ў гэтай зоне».

Я павінен дэлегаваць парушэньне заканадаўства іншым асобам, якіх буду браць на працу

Каб зьмяніць сытуацыю, паводле Ўладзімера, найперш трэба адмяніць прэзыдэнцкі ўказ № 366, які рэгулюе цэнаўтварэньне.

«На такую мэдтэхніку, як таномэтры, вазкі і гэтак далей, такога рэгуляваньня не павінна быць. Будзе канкурэнцыя — будзе зьніжана цана. Таксама трэба нешта памяняць з сэртыфікацыяй. Сэртыфікацыя чатырох алюмініевых палак і двух колцаў ня можа каштаваць 10 тысяч даляраў».

У цэнтры карэкцыі слыху ў Менску прапануюць завушнікі коштам ад 600 да 1030 рублёў
У цэнтры карэкцыі слыху ў Менску прапануюць завушнікі коштам ад 600 да 1030 рублёў

Пра цяперашнія арышты

Уладзімер Кордзік мяркуе, што цяперашнія арышты ў сфэры аховы здароўя наўпрост зьвязаныя са схемай, зь якой яму давялося сутыкнуцца.

Хто ўжо затрыманы ў «справе мэдыкаў». Сьпіс абнаўляецца. ВІДЭА

«Я распавёў прымітыўны прыклад з гэтымі вазкамі. А ў мэдычнай сфэры ёсьць апараты, якія каштуюць тысячы даляраў. Каб увезьці канкурэнтны апарат, і ўзьнікае сытуацыя, за якую там садзяць. Знойдуцца тыя, хто захоча на гэтым зарабіць. Але, як заўсёды, паляціць пару галоў, а ўсё застанецца, як і было», — кажа прадпрымальнік.

Ён сумняецца, што пры цяперашнім кіраўніцтве нешта памяняецца.

«У нас ёсьць дробны бізнэс, які робіць, напрыклад, вокны ці гандлюе смартфонамі — сотні-тысячы кампаній. А што да мэдыцыны, то на ўсю Беларусь усяго 5 інтэрнэт-крамаў. Бо беларускія прадпрымальнікі баяцца гэтых адносінаў, баяцца разьбірацца ў гэтым складаным імпарце», — падсумоўвае Кордзік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG