Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета Аляксандра Мілінкевіча: «У Берштах інтэрнэт хутчэйшы, чым у Варшаўскім ўнівэрсытэце»


Мастацтва адпачынку: адказы і парады.

Аляксандар Мілінкевіч — былы намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму, кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі на выбарах 2006 году, заснавальнік Руху «За свабоду». Цяпер Аляксандр Мілінкеівіч выкладае ў Варшаўскім унівэрсытэце і працуе над праектам «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» з дыстанцыйным навучаньнем.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Для мяне лета толькі пачалося, хаця ўжо другая палова ідзе. Вельмі шмат працы меў, таму не было часу, каб прыехаць у свае любімыя Бершты, на радзіму продкаў, дзе ў мяне ёсьць хата. І вось — нарэшце ў Берштах. Тут прыгожая пушча, якая раней называлася Берштаўскай пушчай. Мой дом — літаральна на беразе возера. Тут для мяне яшчэ і сакральнае месца, бо тут пахаваныя мае продкі.

​Займаюся ў тым ліку і гаспадаркай. Хоць і няма каня-каровы, але працы хапае. Тое трэба падправіць, гэта падфарбаваць, адрамантаваць. Але з большага стараюся тут адпачываць, найперш плаваць. Гэта мой любімы занятак, ён дае сілы. Возера ў 30 мэтрах ад хаты. Вада цёплая, стараюся плаваць двойчы на дзень і як мага больш, даплываю да сярэдзіны возера. Для мяне гэта такая асалода, ды і мазгі потым лепш працуюць! Возера наша доўгае, 3,5 кілямэтры, у самым глыбокім месцы — 8 мэтраў. Яно ледніковага часу, завецца Берштаўскае — па назьве вёскі. І тут жа ў рэчка Котра цячэ, прыток Нёману. Калі прыяжджаюць сябры, дык рыбачым. Мне тут усё рабіць падабаецца: і адпачываць, і працаваць, і гаспадарыць.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Паездкі ў юнацтве на азёры і на Нёман. Старэйшы брат заўсёды з сабой браў, і гэта была самая вялікая асалода. Я ня быў у піянэрскіх лягерах, летам заўсёды прыяжджаў да дзеда і бабы Мілінкевічаў у Берштаўскую гміну. Запомніліся народныя сьвяты, вясельлі, якія гралі па ўсіх правілах. І танцы. Асноўныя дзіцячыя ўспаміны для мяне — гэта вёска, хаця я нарадзіўся ў Гародні. А самы важны ўспамін — расповеды дзеда Аляксандра Мілінкевіча. Ён быў сынам і ўнукам паўстанцаў 1863 году. Ягонага бацьку і дзеда рэпрэсавалі, выселілі зь вёскі.

Дзед таксама распавядаў пра 1930-я гады. Тут пры Польшчы было вельмі папулярнае «Таварыства беларускай школы», і ён быў адным з лідэраў беларускага руху ў гэтай мясцовасьці. Вельмі былі цікавыя дзедавы гісторыі. Хаця я і быў малы, але штосьці засталося ў памяці. Маю беларускасьць, адносіны да гісторыі сфармавалі бацька і дзед. За гэта я ім вельмі ўдзячны, бо ў выніку ня стаў савецкім чалавекам. У тым ліку і дзякуючы той беларускай вёсцы.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

​Нічога не бяру адмысловага, бо тут усё ёсьць у хаце. Нават кампутар не бяру, бо тут ёсьць і ён. У Бершты пракладзена оптыка-валаконная сувязь, і хуткасьць інтэрнэту тут лепш, чым у Варшаўскім унівэрсытэце, куды я прыяжджаю працаваць. Мы можам казаць пра недахопы Беларусі ў разьвіцьці дэмакратыі і свабоды, але тое, што зроблены немалыя інвэстыцыі ў інфраструктуру інтэрнэту — гэта праўда.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Інтэрнэт заўсёды працуе. Не лічу, што для мяне важна ў адпачынку зусім ад сьвету адключыцца. Хапае часу і на тое, і на тое. Я і ў адпачынку пэўны час працую, працягваю працу над праектам дыстанцыйнага беларускага ўнівэрсытэту — мне гэта ў асалоду таксама. А тэлефон? Мой «Вэлком» тут не працуе, але ёсьць хатні тэлефон ад «Белтэлекаму», дык мабільны на яго пераключаны.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

​Я прыдумляю сабе ў адпачынку працу, якой няма часу займацца ў іншы час. Вось як з гэтым інтэрнэт-унівэрсытэтам. Хочацца, каб эўрапейскія веды, эўрапейскія дыплёмы можна было атрымліваць праз онлайн-праграмы. Я фізык, праграміст, і мне гэта вельмі цікава. Мне хапае адпачынку, калі я хоць 5 гадзін на дзень працую. Гэта нармальна.

Ваша парада на адпачынак

Мой досьвед вельмі просты: я сам магу добра адпачыць на беларускай прыродзе. Для мяне гэта вёска, зь якой зьвязаныя 8 пакаленьняў Мілінкевічаў, для іншых — іншыя месцы. Таму мая парада — больш выяжджаць на прыроду. Мы ўсе думаем пра Турэччыну, Грэцыю, Эгіпет. Канешне, і туды варта зьезьдзіць, але і ў Беларусі зараз ёсьць цудоўныя магчымасьці адпачыць. У каго няма сваёй хаты ці месца на прыродзе, дык ёсьць недарагі зялёны турызм. Многія, хто ім карыстаюцца, адкрываюць Беларусь па-новаму.

Лета Аляксея Хацкевіча: «Мне дастаткова спальніка і банкаўскай карткі»

Лета Міхаэля Сэндэра: «Кароткі адпачынак — не адпачынак, а стрэс»

Лета Сяргея Далідовіча: «Пакінуўшы спорт, трэную дачок»

Лета Барыса Штэрна: «Я б параіў падарожнікам Лёндан»

Лета Меліты Станюты: «Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG