Ад 1 жніўня ў Беларусі павысяцца мінімальныя спажывецкія бюджэты (PDF) і бюджэты пражытковага мінімуму (PDF). Рост большасьці паказьнікаў складзе 2-3%.
Так, да 1 жніўня для працаздольнага насельніцтва сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт складаў 437 рублёў 85 капеек, а стане роўным 445 рублёў 83 капейкі (+1,82%); бюджэт пражытковага мінімуму быў роўны 229,78 рубля, стане роўным 236,98 рубля.
Найменшае падвышэньне з усіх паказьнікаў — у мінімальнага спажывецкага бюджэту для дзяцей да 3 гадоў, на 0,66% да 279,56 рубля. Найбольшае — у бюджэту пражытковага мінімуму ў студэнтаў, на 3,57% да 206,89 рубля.
Вырастуць, адпаведна, і выплаты сем’ям зь дзецьмі, прывязаныя да БПМ. Таксама нязначна вырастуць выплаты пры нараджэньні дзяцей: з 2065,8 да 2136,7 рубля за першае дзіця, з 2892,12 да 2991,38 рубля за другое і наступных. На пачатку году пэнсіі падалі.
Ад 1 жніўня вырастуць і працоўныя пэнсіі. Мінпрацы сьцьвярджае, што сярэдні памер пэнсіі вырасьце адразу на 10%: сярэдняя пэнсія складзе 364,2 рубля, мінімальная па ўзросьце — 207,43 рубля.
У студзені міністарка працы Беларусі Ірына Касьцевіч заявіла, што да 1 студзеня 2019 году будзе перагледжаная структура фармаваньня заробкаў бюджэтнікаў. Прынцыповым момантам рэформы стане «адыход ад тарыфнай стаўкі першага разраду да базавай стаўкі, якую прыраўнуюць да бюджэту пражытковага мінімуму».