Прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных ведамстваў патлумачылі журналістам, як будзе дзейнічаць 30-дзённы тэрмін бязьвізавага знаходжаньня замежнікаў у Беларусі.
«Бязьвіз» для замежнікаў працягнулі да 30 сутак
У плянах рэгістрацыя праз 10 дзён, бясплатна і ў інтэрнэце
- Замежнікі, якія прыехалі ў Беларусь па 5-дзённым бязьвізе, змогуць застацца на 30 дзён, калі будуць легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны на момант уступленьня ў сілу новага ўказу.
- Цягам пяці сутак замежнікі павінны зарэгістравацца па месцы знаходжаньня. Але падрыхтаваны законапраект, згодна зь якім тэрмін знаходжаньня без рэгістрацыі павялічваецца да 10 сутак.
- У будучым замежнікі, якія будуць пражываць у гатэлях, санаторыях, аграсядзібах, наагул будуць вызваленыя ад рэгістрацыі на ўвесь пэрыяд пражываньня ў гэтых установах.
- Плянуецца ў наступным годзе арганізаваць рэгістрацыю замежнікаў праз адзіны інтэрнэт-партал электронных паслугаў, таму ня будзе патрэбы ісьці ў спэцыяльныя ўстановы. Рэгістрацыю праз інтэрнэт плянуюць зрабіць бясплатнай. (Сёньня для рэгістрацыі трэба сплаціць пошліну — палову базавай велічыні.)
- Агульны тэрмін знаходжаньня замежнікаў у Беларусі складае 90 дзён на год. Па бязьвізе можна прыяжджаць на 30 дзён за раз. Фактычна цягам году замежнікі могуць гасьцяваць у Беларусі тры разы па 30 дзён.
- Калі замежнік мае важкую прычыну, каб застацца ў Беларусі звыш 30 дзён, то, калі верыць чыноўнікам, яму пойдуць насустрач.
- 99% замежнікаў, якія дапусьцілі парушэньні нормаў указу «па няведаньні», цяпер выключаныя са сьпісу неўязных.
- Па меры ўдасканаленьня інфраструктуры будзе разглядацца магчымасьць прапускаць замежнікаў праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску. (На сёньня 30-дзённы бязьвіз дзейнічае толькі для тых, хто прылятае ў нацыянальны аэрапорт «Менск».)
- У будучым плянуецца аб’яднаць Берасьцейскую і Гарадзенскую бязьвізавыя зоны, каб замежнікі маглі наведаць і Горадню, і Берасьце, не выяжджаючы зь Беларусі.
Зь бязьвізавай Беларусі замежнікам ехаць у Расею нельга
Але ў чэрвені 2019 году замежнікі бязь візы змогуць ехаць транзытам па тэрыторыі Расеі і Беларусі, калі будуць накіроўвацца на Эўрапейскія гульні ў Менску.
Беларусь і Расея таксама рыхтуюць пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў, у якім будуць прапісаныя і пытаньні бязьвізавага праезду.