Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Хто прыдумаў літару Ў


Зьміцер Бартосік і Ігар Лабацэвіч у лёнданскім мэтро
Зьміцер Бартосік і Ігар Лабацэвіч у лёнданскім мэтро

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

Хто, дзе й калі прыдумаў літару Ў

Едучы ў лёнданскім мэтро сярод рознакаляровага натоўпу і разнамоўных гутарак, я трымаў у руцэ невялікую брашуру Аляксандра Рыпінскага «Нячысьцік», на вокладцы якой стаялі год і месца выданьня: 1853, Тотэнгэм.

Пачуцьцё, зь якім у вагоне андэрграўнду чытаецца беларуская кніжка, выда­дзеная паўтара стаго­дзь­дзя таму ў сталіцы сьвету, даволі дзіўнае. Нескладаныя вершыкі пра п’яніцу Мікіту менавіта тут, дзе яны былі напісаныя і надрукаваныя, выклікаюць адчуваньне непарушнай пэўнасьці, абсалютнай трываласьці таго, што называецца беларускім прыгожым пісьмен­ствам. Цягнік вязе мяне і майго сябра, тэоляга і сьвятара Ігара Лабацэвіча, у той самы Тотэнгэм, дзе, як сказаў нам знаўца лёнданскай беларушчыны Гай Пікарда, захаваўся будынак друкарні Рыпінскага. Нават даў жалезную падказку: «Там цяпер клініка кітайскага дантыста».

Аляксандар Рыпінскі, Лёндан, 1853
Аляксандар Рыпінскі, Лёндан, 1853

Танюсенькая брашурка памерам з далонь. Цікава, як яна гля­дзелася ў 1853-м? На фоне пазалочаных фаліянтаў лёнданскіх бібліятэк? Сьціпла? Убога? Бедна? Спрабую выклікаць у сабе жаласьць да гэтага «Нячысьціка». Як да беларускай сялянкі-жабрачкі на пляцы Пікадылі. А не атрымліваецца. Бо не бывае беларускіх жабрачак у Лёндане. «Нячысьцік» гля­дзіцца годна. Як небагаты шляхціч, што не сваёй воляй апынуўся на чужыне. У славянскага джэнтэльмэна праблемы з грашыма. Але якая прага да жыцьця! Ці мог уявіць сам аўтар, трымаючы ў руках сваю кніжку, што з гэтага ўсяго атрымаецца? Наўрад ці. Мяркуючы зь ягонай біяграфіі, яму было не да гэткіх далёкіх мараў.

— Няўжо ты думаеш, што на тым доме так і бу­дзе напісана «Кітайскі дантыст»? — усьміхнуўся Ігар.

Мы выйшлі з мэтро Seven Sisters і, прайшоўшы літаральна мэтраў сто па High Road на поўнач, пабачылі на левым баку вуліцы шпіталь з чырвонай цэглы, пабудаваны ў Віктарыянскую эпоху.

Галоўнае, да чаго я адчуваў сябе зусім не падрыхтаваным, — гэта амаль поўная адсутнасьць белых твараў навокал. А чарнаскурыя мінакі на пытаньне пра кітайскага дантыста толькі расьсеяна ўсьміхаліся ў адказ.

«Очывісьце, пане!»

Вырашылі пытацца ў нешматлікіх белых. Спачатку дзяўчына гадоў дваццаці не магла зразумець Ігараву ангельскую. Яе роднай мовай была польская. Пасьля мы натрапілі на апівоху, які, се­дзячы проста на броўцы, жлукціў партвайн. Я гля­дзеў на яго зачаравана. Як на прапраўнука капітана Джона Сыльвэра. Вось ён! Сапраўдны стары лёнданец. Апошні з магікан, які не пакінуў вуліцу сваіх продкаў пад напорам глябалізацыі. Я гатовы быў зараз жа зьбегаць у бліжэйшы гастраном, набыць такую самую пляшку і далучыцца да лёнданца, падсеўшы да яго на броўку. Але і тут нас чакаў сюрпрыз. Нецьвярозы прадстаўнік «старога добрага Лёндану» доўга на нас таропіўся, пакуль Ігар нэрвова ня выгукнуў: «Можэ пан муві по-польску?». І атрымаў радаснае: «Очывісьце, пане!».

Мы пагля­дзелі на супрацьлеглы бок вуліцы і ўбачылі на белым двухпавярховіку з высокім ганкам шыльду: «Dental Practice».

Вось што пісаў пра Рыпінскага дасьледнік Аўген Калубовіч у артыкуле «Нашы папярэднікі» (1974):

Аўген Калубовіч
Аўген Калубовіч

«Пераехаўшы ў Лёндан, ён дзесь каля 1852 году разам зь сябрам з Наваградчыны Ігнатам Яцкоўскім (які ў кнізе сваіх успамінаў захаваў для гісторыі беларускай літаратуры весткі пра паэта Паўлюка Багрыма й апублікаваў адзіны ведамы нам дагэтуль ягоны верш „Зайграй, зайграй, хлопча малы…“) залажыў ва ўласным доме на Grove Place, 5 (дом гэты стаіць яшчэ й цяпер) невялікую ўласную друкарню. У ёй у 1853 го­дзе асобнымі кніжачкамі трыма выданьнямі ён выдаў напісаную ім у Лёндане баляду „Нячысьцік“. У музэі на Bruce Castle захоўваюцца дзьве гравюры зь ягоных малюнкаў Eagle House School, падпісаных ім і датаваных 1854 годам».

Адрасу Grove Place, 5 даўно няма ў прыро­дзе. Старыя дамы аднесеныя цяпер да High Road. І наш дом пазначаны нумарам 256. Гэта і высьветліў у свой час Гай Пікарда.

Гай Пікарда
Гай Пікарда

Менавіта тут эмігрант зь Віцебшчыны, былы паручнік паўстанцкага аддзелу, лёнданскі прадпрымальнік, гаспадар фатастудыі Рыпінскі выдаваў беларускія кнігі. Гэта і сёньня гучыць фантастычна. А тады? Што такое свая фатастудыя? Колькі каштуе друк? І няўжо камусьці патрэбныя гэтыя беларускія кніжкі? Лёнданскі дасьледнік беларускай спадчыны Мікола Пачкаеў лічыць заслугай Рыпінскага тое, што ў той час ён увогуле друкаваў штосьці па-беларуску. Бо гэтая дзейнасьць ня толькі не прыносіла яму прыбытку і славы, але разглядалася як дзівацтва нават у ягоным уласным сацыяльным коле. Але галоўная заслуга Рыпінскага, на думку Пачкаева, у тым, што той замацаваў фанэтычны прынцып беларускага правапісу. Між іншым, увёў нескладовае Ŭ.

Мікола Пачкаеў
Мікола Пачкаеў

Страчаная «Гісторыя беларускай літратуры»

У 1859 го­дзе, як толькі ў Расейскай імпэрыі аб’явілі амністыю ўдзельнікам паўстаньня 1831 году, Рыпінскі вяртаецца на ра­дзіму, дзе пад паліцэйскім наглядам піша гісторыю беларускай літаратуры. Апошнія гады ён жыў у ро­дзічаў, у маёнтку Страганы, у ваколіцах якіх працягваў зьбіраць паданьні і казкі.

У 1982 го­дзе Гена­дзь Каханоўскі шукаў сьля­ды Рыпінскага ў навакольлі Страганоў. Тады яшчэ жылі лю­дзі, што памяталі Ксавэрыю Аляксандраўну Рыпінскую, якая ў 1930-я працавала рахункаводам у калгасе. Пасьля яе сьмерці архіў Рыпінскага быў зьнішчаны. Не захаваўся і рукапіс «Гісторыі беларускай літаратуры». Дата сьмерці нашага героя невядомая. Як і месца пахаваньня. Кажуць, ён пасьпеў яшчэ пабачыць пачатак ХХ стаго­дзь­дзя.

У вёсцы Страганы, дзе апошнія гады жыў Рыпінскі і дзе памёр, ужо няма жыхароў. Знахо­дзіцца яна на самай беларуска-расейскай мяжы, у Лёзьненскім раёне. Мясцовыя краязнаўцы адмыслова правялі там аднойчы раённае Купальле. Толькі з адной мэтай. Выбіць зь бюджэ­ту сродкі і паставіць камень у гонар Рыпінскага каля падмуркаў ся­дзібы. Хаты і калгасныя кароўнікі разваляцца. Падмуркі зарастуць. Але камень Рыпінскага не спарахнее.

Па дарозе на раку Лі

Мы зь Ігарам прайшлі яшчэ крыху на поўнач і апынуліся перад мэмарыялам памяці палеглых у дзьвюх усясьветных войнах. Адразу за помнікам вуліцы High Road і Town Hall Approach Road разьбягаюцца, утвараючы ростань. Калі ў гэтым месцы стаць тварам да мэмарыялу, дык зьлева бу­дзе сучасны будынак каледжу. На ягоным месцы і знахо­дзілася Eagle House School, дзе беларускі эмігрант Рыпінскі выкладаў францускую мову і маляваньне.

Лёнданскі паб Swan у часы Рыпінскага
Лёнданскі паб Swan у часы Рыпінскага

Пасьля, праз сквэр, мы выйшлі да старога гатычнага касьцёлу Сьвятой Тройцы. Амаль насупраць храму, на рагу High Road і Philip Line мы пабачылі стары паб з шыльдаю «Swan». Колішнія бальшакі ператварыліся ў шумныя вуліцы, Тотэнгэм ужо даўно ніякая ня вёска, а недалёкі ад цэнтру раён. А памаляваны цёмназялёнай фарбай паб так і выглядае старадаўняй карчмой на раздарожжы.

Адам Мальдзіс
Адам Мальдзіс

Калісьці Адам Маль­дзіс распавёў мне, як у 1982 го­дзе наведваў гэтую ўстанову разам з Гаем Пікардам. Тады Маль­дзіс прапанаваў гаспадару пабу павесіць шыльду ў гонар беларускага паэта Рыпінскага. Энтузіязму гэтая бліскучая ідэя ў карчмара ня выклікала. Але беларускі навуковец выклаў самы пераканаўчы аргумэнт: «Калі б была шыльда, дык кожны беларус пакінуў бы ў гэтым пабе не а­дзін фунт». «А колькі ж тых беларусаў?» — зацікавіўся карчмар. «Дзесяць мільёнаў», — з гонарам адказаў Маль­дзіс.

Лёнданскі паб Swan у часе падарожжа Зьмітра Бартосіка
Лёнданскі паб Swan у часе падарожжа Зьмітра Бартосіка

Мы адчынілі цяжкія дзьверы і зайшлі ўсярэ­дзіну. Колькі хвілінаў мы былі тут зусім адны. Ні наведнікаў, ні абслугі. Пры пэўнай долі фантазіі можна было ўявіць сябе ў тых далёкіх часах, калі тут зьбіралася літоўская шляхта. Нават сучасная музыка з дынамікаў не перашкаджала мне адчуць сябе закінутым у XIX стаго­дзь­дзе. Пацёртая мэбля, абшарпаныя сьцены і карціны зь відамі старога Тотэнгэму. Неўзабаве за барнай стойкай зьявіўся мажны мурын у акулярах. Сёньняшні гаспадар карчмы. Наліўшы нам піва, карчмар з гонарам паведаміў, што ягоная ўстанова вядомая з 1763 году як самае папулярнае сярод рыбакоў месца для выпіўкі па дарозе на раку Лі.

Зьміцер Бартосік і Ігар Лабацэвіч у лёнданскім пабе Swan
Зьміцер Бартосік і Ігар Лабацэвіч у лёнданскім пабе Swan

— Гэта ўжо не ангельскі паб, — з сумам сказаў мой непаліткарэктны сябар, глынуўшы піва і закурыўшы. — Шляхта тут больш не балюе. Сюды прыхо­дзяць афрыканскія працоўныя, каб прапіць у пятніцу свае апошнія грошы. Можа, часам бойкі ўчыняюць. Гнятлівае ўражаньне. Але ж калісьці тут зьбіраліся з падціснутай верхняй губай ангельцы. Выпівалі па куфлю піва. Гутарылі пра палітыку, пра Крымскую вайну. Але гэтага, на вялікі жаль, ужо няма. Памятаеш «Пятнаццацігадовага капітана» Жуля Вэрна? «Гэтая краіна не Амэрыка, гэта Афрыка!»

У мяне ж не было ніякага гнятлівага ўражаньня. Чарнаскурая кампанія, што зьявілася за суседнім сталом, ніякай цікавасьці да нас не выяўляла. Я піў цудоўнае піва, пускаў дым ў старую столь і разглядаў малюнкі на сьценах. Я слухаў Ігара і радаваўся, што гэты аскепак старога лёнданскага прадмесьця ўвогуле захаваўся. Раптам я павярнуўся, зірнуў у вакно і аслупянеў. З вакна на мяне гля­дзелі шэрыя гатычныя сьцены старога касьцёлу і старыя дрэвы сквэру. Ня ведаю, як выглядаў у сярэ­дзіне пазамінулага стаго­дзь­дзя дом дантыста, які быў інтэр’ер гэтага пабу. Але выгляд з вакна мог быць толькі такім! Я бачыў той самы від, што і Рыпінскі 150 гадоў таму. 1853 год быў перад маімі вачыма. Як і старая кніжка, што ляжала побач з куфлем.

2003, сакавік

P. S. Блукаючы днямі па Лёндане з дапамогаю Google Maps, я зазірнуў у знаёмы квартал. Якое ж было маё расчараваньне, калі я не знайшоў старога пабу. Сам будынак застаўся. Але цяпер там кебабня «Alamut». Паб «Swan», які існаваў ад 1763 году, не перажыў апошняга дзесяціго­дзь­дзя. Што бу­дзе зь ім далей? Якая мова бу­дзе гучаць у той кебабні? Ці застанецца нязьменным выгляд зь яе вакна? Ня ведаю. А вось літара Ў застанецца. І ня толькі яна адна.

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG