Лібэральна-дэмакратычная партыя (ЛДПБ) паабяцала на будучых парлямэнцкіх выбарах, якія, як мяркуецца, адбудуцца ў 2020 годзе, «не далучацца ні да воднага саюзу ад кааліцыі», піша Naviny.by.
«Мы самадастатковыя і ня бачым блізкіх нам сілаў, — заяўляе праўладная партыя ў прэс-рэлізе. — Мы будзем жорстка і пасьлядоўна выступаць у абарону нацыянальных інтарэсаў краіны, сувэрэнітэту, Незалежнасьці зь вялікай літары. Мы зробім усё, каб у краіне не адбылося расколу на правых і левых, нацыяналістаў і прыхільнікаў інтэграцыі. Мы выступаем як адзіная правацэнтрысцкая партыя краіны».
Ідзе новае пакаленьне: нью-змагары і лукагіпстэры. І новая надзея
Пры гэтым у краіне ўжо існуе Правацэнтрысцкая кааліцыя — яна паўстала ў 2015 годзе. Адзін зь лідэраў кааліцыі, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ў Facebook выказаў зьдзіўленьне з нагоды заявы Гайдукевіча.
«Што ж, прызнаньне беларускімі ўладаміі Правацэнтрысцай кааліцыі як небясьпечнай для ўладаў палітычнай сілы залічанае, — піша Рымашэўскі са смайлікамі. — Так баяцца, што за два гады да прэзыдэнцкай кампаніі пачалі раскрутку фэйкаў. Хаця вядома, што гэтая ўлада можа напужацца нават і ўласнага ценю».
У Правацэнтрысцкую кааліцыю ўваходзяць:
- Аб’яднаная грамадзянская партыя, заснаваная ў 1995 годзе. Яна была ўтвраная праз аб’яднаньне Грамадзянскай (заснаванай у 1994-м) і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяў (заснаванай у 1990-м). АГП зь нядаўняга часу ўзначальвае Васіль Палякоў. У Палаце прадстаўнікоў ёсьць адна прадстаўніца АГП (і адна зь дзьвюх апазыцыянэрак сярод 110 дэпутатаў), Ганна Канапацкая.
- Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, адроджаная ў 2004 годзе, а заснаваная аж у 1927-м. Арганізацыя ўжо сем разоў спрабавала зарэгістравацца ў якасьці партыі, але пастаянна атрымлівала адмовы. У БХД чатыры сустаршыні: Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дмітрук і Вольга Кавалькова. У мясцовых саветах ёсьць адзін апазыцыйны дэпутат (апазыцыі ў саветах 0,0055%), прадстаўнік БХД Валер Білібуха.
- Рух «За свабоду», заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйным кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам. Рух цяпер узначальвае Юрась Губарэвіч. Сваіх дэпутатаў ня мае, хоць прадстаўнікі руху удзельнічалі ў мясцовых і парлямэнцкіх выбарах.
У Правацэнтрысцкую кааліцыю мела ўвайсьці і Партыя БНФ, ды незадоўга да абвяшчэньня аб стварэньні кааліцыі Беларускі народны фронт перадумаў, бо «важна, каб нашае пасланьне было данесенае да людзей менавіта ў тым выглядзе, якім мы яго бачым». Але БНФ не процістаіць правацэнтрыстам, чальцы партыі нярэдка працуюць разам з кааліцыяй, шмат у чым БНФ і правацэнтрысты маюць блізкія пазыцыі.
На будучых парлямэнцкіх выбарах ЛДПБ зьбіраецца выставіць 110 кандыдатаў у дэпутаты, абяцае каманду «маладых і пасьпяховых людзей, гатовых зьмяніць краіну». Цяпер партыя мае аднаго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў — намесьніка старшыні Анатоля Хішчанку, а таксама аднаго дэпутата Савету Рэспублікі — старшыню партыі Сяргея Гайдукевіча. Сына апошняга, ягонага першага намесьніка Алега Гайдукевіча называюць «найбольш верагодным» кандыдатам ад партыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.