Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяць разоў скажу «Жыве Беларусь!» і на зьезьдзе зноў паўтару, — Гайдукевіч пра разварот да гістарычнай спадчыны


Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота
Сяргей Гайдукевіч, архіўнае фота

Цэнтральны камітэт Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі выступіў з заявай наконт статусу гістарычнай сымболікі — герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга.

«У 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум, на якім людзі выбралі афіцыйныя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь. Разам з тым у ЛДПБ упэўненыя: прыйшоў час надаць бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу „Пагоня“ статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці і дазволіць іх свабоднае выкарыстаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў партыйнай рэзалюцыі.

Партыйнае кіраўніцтва мяркуе, што гэта стане «рэальным крокам для яшчэ большага яднаньня грамадзян нашай краіны і разуменьня таго, што наша гісторыя ня можа быць добрай ці дрэннай».

«Усё, што перажыла Беларусь — ад ВКЛ, БССР і да незалежнай Беларусі — павінна быць каштоўнасьцю для кожнага з нас. Менавіта з гэтай пазыцыі ад сёньняшняга моманту Лібэральна-дэмакратычная партыя будзе выступаць у тым ліку ў абедзьвюх палатах Нацыянальнага сходу. Яна ж стане часткай праграмы прэтэндэнта на пасаду ў прэзыдэнты ад ЛДПБ, які будзе вылучаны на зьезьдзе партыі».

Пракамэнтаваць апошнія ініцыятывы Радыё Свабода папрасіла заснавальніка ЛДПБ, намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, неаднаразовага кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Гайдукевіча.

— Сяргей Васільевіч, шмат для каго стала неспадзяванкай заява ЛДПБ наконт шанаваньня нацыянальных сымбаляў. Але чаму толькі сёньня? Склалася спрыяльная сытуацыя?

— Ды не, пры чым тут сытуацыя? Мяне ж можна адсочваць у інтэрнэце гадамі, усё можна падняць. Дык вось, я ніколі радыкальна ні пра што не заяўляў, наадварот, казаў пра адно: мы розныя людзі, у нас розныя погляды. Але гісторыя краіны, сувэрэнітэт, беларуская мова для мяне заўсёды былі асноватворнымі аспэктамі. Трэба аддзяляць палітыку ад сапраўдных грамадзянскіх пачуцьцяў чалавека.

Я, як вы добра ведаеце, беларус, і продкі мае беларусы. Я заўсёды быў за Беларусь. Проста погляды не з усімі супадалі, дый цяпер не супадаюць — як зрабіць лепей? І гэта нармальна з палітычных пазыцый. А што тычыцца чалавечых пачуцьцяў, то для мяне ўсё дорага. Былі «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг? Гэта гісторыя. Тады чаму не пацьвердзіць іх гістарычную каштоўнасьць? Хай прайшоў рэфэрэндум, ёсьць нейкае рашэньне, аднак мінулае таксама забываць нельга, нельга забываць нашых слаўных продкаў. Я да гэтага пытаньня стаўлюся прынцыпова і ніколі інакш ня ставіўся. Мала таго, магу нагадаць, што ЛДПБ у маёй асобе знаходзілася ў кааліцыйнай радзе апазыцыйных партый. Так, мы не знайшлі агульнай мовы. Дык не знайшлі палітычна. А што тычыцца радзімы, гісторыі, тут немагчыма не прыйсьці да кансэнсусу.

— Вы маеце паўнамоцтвы ў Нацыянальным сходзе. Магчыма, зьбіраецеся выступіць з адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі ў гэтым пытаньні?

Што тычыцца дыскусій у Нацыянальным сходзе, дык яны ўжо пачаліся, нават безь мяне

— Толькі за сёньня было, мабыць, з паўсотні тэлефанаваньняў — усё па той жа ініцыятыве. Усім адказваю адно: а што такога сказана, што дзіўнага заявіў Гайдукевіч, які пра гэта казаў усё жыцьцё? Проста я заўсёды выступаў супраць палітызацыі гэтага пытаньня, разумееце? Хтосьці ходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам, хтосьці ня ходзіць. Але павінны ўсе ў Беларусі ведаць: наша гісторыя не аднатонная, яна ў тым ліку і такая. Было ВКЛ, там была атрыбутыка, якая ўяўляе гістарычную каштоўнасьць. Нельга ад гэтага адмахвацца. Нельга ў гісторыі выбіраць: вось гэта нармальна, а гэта ненармальна. Гісторыя — гэта наша ўсё, бо гэта наша Радзіма. Таму мусім да спадчыны беражліва ставіцца.

А што тычыцца дыскусій у Нацыянальным сходзе, дык яны ўжо пачаліся, нават безь мяне (сьмяецца). Паверце — дыскутуюць ужо і ў ніжняй палаце, і ў верхняй. Маю гонар пра гэта далажыць. Званкоў было мора. І кожнаму я адказваў, што кажу вам: нічога не адбылося, трэба проста зьвярнуць на гэта ўвагу. І вырашаць усе пытаньні разам — і ня толькі вакол сьцяга, герба.

— Магчыма, перад жнівенськім зьездам вашай партыі варта чакаць і іншых гучных заяваў?

— А ўспомніце нашу пазыцыю па Курапатах. Што, у свой час яна не была дзіўная для некаторых? А для мяне гэта ніякага зьдзіўленьня не выклікае. Гэта нармальная чалавечая пазыцыя. І дай Божа, каб мы па многіх пытаньнях такую пазыцыю знаходзілі. Нам лягчэй будзе, і вы нас ня станеце падазраваць у розных грахах. Мы на працягу апошніх трох гадоў па Курапатах адкрыта выказваемся, там усё цалкам зразумела. Згадайце мой выступ, калі я быў кандыдатам у прэзыдэнты, падыміце запісы — там жа ўсё сказана!

Мала таго, я першым скончыў прамову лёзунгам «Жыве Беларусь!». І зараз дзесяць разоў скажу, і на нашым зьезьдзе паўтару. Гэта ж ня нейкая вузкая група людзей наконт Курапатаў перажывае, мы проста падыходы маем розныя. Уся каштоўнасьць у тым, што мы рана ці позна, але ўсьвядомім: мы — беларусы. Можам сварыцца палітычна, праграмы па-рознаму будаваць, але на асноватворныя рэчы мусім глядзець аднолькавымі вачыма. Ва ўсялякім разе, у мяне склалася ўражаньне, што вельмі многія з тых, хто мне сёньня тэлефанаваў — і яны далёка не прыхільнікі маіх прапановаў — са мной пагадзіліся. І гэта здорава. Больш бы знаходзілі агульную мову на розных пляцоўках, глядзіш, інакш адзін на аднаго глядзелі б.

— Не апасаецеся, што вас і партыю пачнуць абвінавачваць у каньюнктуры, жаданьні зарабіць дывідэнды на тэме, якая і без таго актыўна абмяркоўваецца?

— Я ўсё раблю і гавару абсалютна шчыра. Шлях пройдзены значны, партыя наша перажыла розныя выпрабаваньні, як і іншыя. І ўсё роўна ўсе прыйшлі да аднаго і таго ж — гэта наша Радзіма, гэта наша Беларусь. Мы да ўсіх набыткаў павінны ставіцца з павагай. Ня будзе гэтага — нічога добрага не чакай. Не забывайце пра нашу пазыцыю, якую мы выказваем у адносінах да нашых сяброў як зьлева, так і справа. Мы дакладна выступаем з разуменьнем таго, што я вам перад гэтым агучыў. Калі ў курсе, то і на расейскім тэлебачаньні, калі нас запрашаюць, рашуча адстойваем незалежную, сувэрэнную Беларусь. Вы гэтага ня можаце ня бачыць.

У нашай партыі тысячы і тысячы людзей. Паверце мне: я берагу партыйны электарат, не магу адказваць за кожнага з 50 тысяч нашых чальцоў, але абсалютная бальшыня мяне падтрымлівае. Напэўна, гэта прадэманструе і жнівеньскі зьезд. І мы не баімся перад зьездам казаць тое, пра што думаем. Іншы, можа, і змаўчаў бы, але не Гайдукевіч...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG