«Навошта трэба было яго забіваць?!» — на вуліцах Заслаўя абмяркоўваюць учорашняе забойства 46-гадовага Сяргея К. Мужчына ўзяў у закладніцы сваю 23-гадовую дачку Д. у аддзяленьні мясцовага банку.
Сяргея «ліквідавалі» пасьля двухгадзінных перамоваў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён меў пры сабе нож, пагражаў жыцьцю закладніцы, паводзіў сябе неадэкватна.
Ці можна было захаваць жыцьцё нападніку з Заслаўя? Думкі былых міліцыянтаў
Аддзяленьне банку 19 ліпеня працуе ў звычайным рэжыме. Супрацоўнікі выйшлі на працу сёньня, з учорашняй зьмены нікога няма. Ад камэнтароў ветліва, але настойліва адмаўляюцца ўсе. Здымаць таксама забаронена. У самім банку нічога не нагадвае пра тое, што здарылася тут учора.
Супрацоўнікі кавярні і гатэля, у будынку якога знаходзіцца банк, таксама размаўляць ня хочуць.
Сям’я Сяргея К. — дачка Д., яе 4-гадовы сын, і цешча Г. — жывуць за 5 хвілінаў ад банку. Размаўляць з журналістамі пажылая жанчына адмаўляецца катэгарычна. Кажа, што чакаць Д. пад дзьвярыма таксама бессэнсоўна. «Яна ж шакаваная, там жа дзіця малое, вы ж зразумейце!» — кажа яна.
Суседзі ў двары пра Сяргея кажуць добра. Маўляў, зь любоўю даглядаў унука і дачку, шмат гуляў з малым, езьдзілі разам на рыбалку. У кватэры ён зрабіў рамонт, паставіў новыя вокны і дзьверы. Кажуць пра яго як пра спакойнага і разважлівага чалавека, аднак абставінаў стасункаў з дачкой альбо ня ведаюць, альбо выказваюць супярэчлівыя вэрсіі.
Учорашнюю драму ў горадзе абмяркоўваюць на кожным кроку. Пра Сяргея і ягоную сям’ю кажуць рознае. Хтосьці зусім ня верыць, што такое магло зь ім здарыцца. Хтосьці спрабуе знайсьці тлумачэньні. Але з двух дзясяткаў людзей, зь якімі мы пагаварылі, кожны задаваўся пытаньнем: «Навошта трэба было яго забіваць?». У меркаваньні пра тое, што Сяргей не хацеў пашкодзіць жыцьцью і здароўю дачкі, сыходзяцца ўсе. «Паказуха ўсё гэта, маскі-шоў», — гучыць на вуліцах Заслаўя думка пра апэрацыю супраць іх суседа.
«Мне ўсё гэта вельмі дзіўна, — кажа Юлія. Яна працуе за некалькі дзясяткаў мэтраў ад банку. Сяргея ведае з маладосьці. — Калі б я ведала, што там Сяргей, я б сама папрасіла мяне туды пусьціць. Я б усё патлумачыла, што там бацька і дачка. Мне ягоныя паводзіны не зразумелыя. Я ў іх ня бачу аніякай лёгікі».
Алена Івінская — маці дачкі Сяргея Д., якую ён узяў у закладніцы. Сяргей жыў з дачкой у кватэры Аленінай маці. З Аленай мы гутарым у яе дома. Яна толькі вярнулася з допыту ў Сьледчым камітэце.
— Я нічога ня ведаю, мы зь ім даўно не жылі, — кажа жанчына. — Пачула па тэлевізары. Там жа не сказалі ані прозьвішча, анічога — узрост і ўсё. Я пытаюся (у СК. — РС), што адбылося, скажыце. А яны мне: «Пакуль сьледзтва ня скончыцца, нічога ня скажам, можаце спытаць у дачкі». Дачка таксама кажа: «Мне загадалі не казаць».
— У яго ж былі добрыя стасункі з дачкой?
— Ды вядома. Але той факт, што ён узяў яе ў закладніцы. Гэта нейкае трызьненьне. Што, грошай не хапала? Але дзіця забясьпечанае. Жывуць у кватэры, я ж аддала ім кватэру маміну, сама жыву тут. Чаго табе не хапала?! Калі б яны хоць сказалі, якая прычына, што падштурхнула яго да такога.
Бачыла яго ў пятніцу, дачка казала: «Мама, я зайду па гуркі». І ён у белай майцы, цягнуў А. (унука. — РС.) на самакаце. А пасьля ўжо АМАП... У гэтым Заслаўлі чорт ведае што адбываецца, але такога яшчэ не было. Цяпер будуць правяраць, ці калоў ён анаболікі. Але ён ніколі! Ён нават ня піў. Я ня ведаю, што ім магло рухаць, тым больш нож узяць.
— А за што ён сядзеў? Кажуць, цяжкія злачынствы?
— Ды гэта брэшуць цяпер. Раней, пакуль малы быў, памятаеце, па 15 капеек гулялі, але гэта ў школе, і яго пасадзілі. А апошні раз яны паехалі зь сябрамі ў Маладэчна, цэлая чарада. Яны не мясцовыя, ужо забыла, столькі гадоў прайшло. Не было грошай, яны на шыю пятлю накінулі. Але не забілі, не задушылі, але спроба...
— Таксісту?
— Так, вось 13 год ён адседзеў. Усё, больш не сядзеў. Можа, дачка вам што раскажа. Мне яна можа не расказаць, бо ня хоча, каб я перажывала. Гэта такі цырк, такая ганьба. Я зь ім літаральна два месяцы пажыла, зацяжарала, і яго пасадзілі. Пасьля гэтага я яго два разы бачыла за гэтыя гады, уяўляеце. І то ў Заслаўі жывём, можам прайсьці і не павітацца.
— Людзі кажуць, што ён спакойны, клапатлівы чалавек.
— Гэта людзі кажуць, а я ж зь ім жыла. Калі столькі гадоў у турме, у чалавека ўсё роўна псыхіка парушаецца. Ён мне не дазваляў з унукам сустракацца, каб той мяне не ўспрымаў, а толькі да яго цягнуўся. Вядома, мы сустракаліся, дачка мне яго прывозіла, усё гэта было як належыць.
— А што за гісторыя, што яму не падабаўся хлапец, зь якім дачка сустракалася?
— Ён нікому не дазваляў да яе падыходзіць. Можа, гэта і падштурхнула. Такое можа быць. «Гэты малады для цябе, гэты стары для цябе, гэта не забясьпечаны». Яна баялася нават выйсьці кудысьці адна. Ён такі чалавек замкнуты, ні з кім не камунікуе, як зьвер у клетцы, разумееце? Заўжды ўласнасьць ягоная: вось вы мусіце тут і заўжды сядзець. Ён калі выйшаў з турмы, зрабіў ДНК дачкі, уяўляеце? А я за яго замуж выходзіла як належыць. Мяне сьледчая спытала: «Вам яго шкада»? Я кажу: «Не».
— Чаму вам яго не шкада?
— Ды колькі ён мучаў усіх. Вось так ісьці дахаты да маці, каб я зайсьці не магла!
Нявестка Сяргея, жонка аднаго зь ягоных братоў, паведаміла нам па тэлефоне, што са сваякамі ён амаль не кантактаваў. Кажа, што за апошнія пяць гадоў бачыла яго пару разоў. На яе ён таксама рабіў уражаньне спакойнага чалавека і клапатлівага бацькі.
Найперш зьберагчы закладніка, — экспэрт пра інцыдэнт у Заслаўі і ўсясьветную практыку
На вуліцах Заслаўя шмат людзей, якія ведалі Сяргея асабіста і доўгія гады. «Я нічога казаць ня буду, бо кожны пачытае і ўсё адно свае высновы зробіць. Для мяне ён быў харошы, — кажа адна з дзяўчат, якая працуе ў гандлёвым пункце непадалёк ад банку. — А пра тое, што там здарылася, вам толькі Д. можа расказаць».
Дзьверы ў кватэры, дзе жыве дачка забітага з сынам і бабуляй, нам не адчынілі.