Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Трамп-Пуцін: самае важнае з прэс-канфэрэнцыі


Па завяршэньні саміту прэзыдэнты ЗША і Расеі далі супольную прэс-канфэрэнцыю.

У чаканьні сумеснай прэс-канфэрэнцыі двух прэзыдэнтаў супрацоўнікі службы аховы вывелі з залі невядомага, які трымаў у руках плякат, на якім было напісана «Дамова аб забароне ядзерных узбраеньняў».

У часе прэс-канфэрэнцыі першым выступіў Уладзімір Пуцін, які заявіў аб посьпеху перамоваў. «Мы сталі лепш разумець адзін аднаго», — сказаў прэзыдэнт РФ.

  • І Расея, і ЗША сутыкаюцца сёньня з зусім новымі выклікамі, адзначыў Пуцін. У гэтым кантэксьце ён згадаў пра пагрозу тэрарызму.
  • Наша задача — выправіць сытуацыю, аднавіўшы давер паміж краінамі, сказаў Пуцін.
  • Адзначыўшы неабходнасьць падтрымкі стратэгічнай стабільнасьці, Пуцін паведаміў, што расейскі бок перадаў амэрыканскаму запіску з канкрэтнымі прапановамі на гэтую тэму.
  • У гэтай сувязі Пуцін згадаў пра важнасьць падаўжэньня Дамовы па стратэгічных наступальных узбраеньнях, пра пытаньне распрацоўкі элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў ЗША, а таксама пра Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці.
  • Пуцін заявіў пра неабходнасьць аб'ектыўнага разгляду розных правапарушэньняў, якія мелі, месца ў рамках амерыкана-расейскага ўзаемадзеяньня. У сувязі з гэтым ён згадаў фірму Hermitage Foundation, якая, па ягоных словах, не заплаціла падаткаў ні ў Расеі, ні ў ЗША і выдаткавала значную суму на дапамогу перадвыбарчай кампаніі Гілары Клінтан.
  • «Мы гатовыя дазволіць амэрыканцам дапытаць супрацоўнікаў нашых спэцслужбаў, якіх падазраюць ва ўмяшаньні ў выбары. Але і мы тады хочам дапытаць тых, каго нам трэба — і пабольш даведацца, напрыклад, пра кампанію Hermitage Capital і Ўільяма Браудэра».
  • «Трамп чарговы раз закрануў тэму ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары, мне прыйшлося яшчэ раз паўтарыць, што мы нікуды ня ўмешваемся. Я сам служыў у выведцы — я ведаю, як пішуцца ўсе гэтыя справаздачы спеэцслужбаў, дзе гаворыцца, што мы ўмешваліся».
  • «Пра 12 супрацоўнікаў ГРУ, якім прад'явілі абвінавачваньні амэрыканцы, я пакуль нічога ня ведаю».

Пуцін падаравў Дональду Трампу мяч Чэмпіянату сьвету-2018: «Цяпер мяч на вашым баку».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у пачатку прэс-канфэрэнцыі заявіў, што адносіны ЗША з Расеяй «ніколі не былі горшымі, чым цяпер, але гэта становішча зьмянілася чатыры гадзіны таму».

  • «Усе вінаватыя ў тым, што адносіны (паміж Расеяй і ЗША) такія кепскія».
  • Трамп падкрэсьліў перавагі дыпляматыі і прыцягненьня ў параўнаньні з канфліктам і варожасьцю.
  • Ён растлумачыў, што неабходна знайсьці шляхі да супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэньні агульных праблем.
  • Амэрыкана-расейскія адносіны мяняюцца, канстатаваў Трамп. Ён падкрэсьліў, што канструктыўны дыялёг з Расеяй адкрывае шлях да міру.
  • Паводле Трампа, падчас размовы з Пуціным ён закрануў пытаньне аб расейскім умяшаньні ў амэрыканскія выбары. Ён удакладніў, што абмеркаваньне гэтага пытаньня заняло нямала часу.
  • «Я вельмі давяраю сваім спэцслужбам, але дзе канкрэтныя доказы таго, што Расея некуды ўмешвалася? Чаму ніхто не паказвае мне сэрвэру Дэмакратычнай партыі зь нібыта ўзламанай поштай? Дзе 33 тысячы лістоў? А прэзыдэнт Пуцін мне вельмі ўпэўнена сказаў, што ніякага ўмяшаньня не было».
  • Закрануўшы праблему ядзернага нераспаўсюджваньня, Трамп заявіў, што перакананы ў імкненьні Расеі вырашыць яе.
  • Зьвярнуўшыся да іранскай тэмы, прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў неабходнасьць ціску на Тэгеран.
  • У кантэксьце блізкаўсходняй праблематыкі Трамп заявіў, што ЗША не дазволяць атрымаць аднабаковай перавагі з «нашай пасьпяховай кампаніі супраць ісламскай дзяржавы».

Паводле прэзыдэнта ЗША, сёньняшняя сустрэча стала пачаткам доўгатэрміновага дыялёгу з Расіяй. Трамп сказаў, што яны з Пуціным дамовіліся працягваць кантакты.

«Кампрамат» на Трампа

Пуціну задалі пытаньне: ці ёсьць у расейскіх спэцслужбаў кампрамат на Трампа, сабраны ў той час, калі той прыяжджаў у Маскву? Пуцін у адказ на гэтае пытаньне расьсьмяяўся:

«Што тычыцца кампрамату: калі Трамп прыяжджаў у Маскву, я нават ня ведаў, што ён там знаходзіцца, — заявіў прэзыдэнт РФ. — Ён быў бізнэсоўцам. Вы думаеце, мы па кожным арганізуем апэратыўную працу і зьбіраем кампрамат? Выкіньце гэтае шалупіньне з галавы».

«Калі б у іх быў кампрамат, яны б даўно яго прадставілі», — дадаў Трамп.

Трамп пасьля сустрэчы з Пуціным сам-насам заявіў, што пакладзены добры пачатак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG