14 ліпеня каля рэстарану «Поедем поедим» у Курапатах адбыўся чарговы інцыдэнт. Як паведамілі актывісты, якія пратэстуюць супраць працы рэстарану каля месца масавых растрэлаў, машына з расейскім нумарамі зьбіла актывіста Леаніда Кулакова.
Міліцыя, якая прыехала на месца здарэньня, адмовілася прымаць заявы ад пратэстоўцаў. Замест гэтага міліцыянты вырашылі складаць пратаколы на пратэстоўцаў. Міліцыя таксама ня ўмешвалася, калі ахоўнікі і саўладальнік рэстарану Леанід Зайдэс схапілі і адцягнулі ў бок пратэстоўцаў, якія блякавалі мікрааўтобус.
Пазьней журналістка Вольга Быкоўская паведаміла, што пратэстоўцы паспрабавалі затрымаць аднаго з ахоўнікаў, які ўдзельнічаў у ранейшым нападзе. Паводле яе, той перад пачаткам стрыму пасьпеў вырваць сьцяг і выкінуць яго за плот. А пасьля схаваўся ў рэстаране.