Унівэрсытэт Ніла Гілевіча абвясьціў набор на курсы падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэставаньня. Радыё Свабода паглядзела, чым гэтая прапанова адрозьніваецца ад іншых на адукацыйным рынку.
Аб чым ідзе гаворка?
Унівэрсытэт Ніла Гілевіча — прыватная ўстанова адукацыі, зарэгістраваная Менгарвыканкамам у сакавіку 2018 году. Мяркуецца, што ў беларускім нацыянальным унівэрсытэце будуць рыхтаваць адмыслоўцаў па 56 спэцыяльнасьцях на трох факультэтах: гуманітарным, філёляга-лінгвістычным, культуралягічным.
Сёлета ў верасьні ўнівэрсытэт Гілевіча пачне рыхтаваць да цэнтральнага тэставаньня па
- беларускай мове;
- гісторыі Беларусі;
- матэматыцы;
- фізыцы;
- хіміі;
- ангельскай і нямецкай мовах;
- францускай мове (пры наяўнасьці попыту).
Абяцалі сучасную нацыянальную адукацыю, а рыхтуюць да ЦТ?
«Не зусім так», — сказаў Свабодзе рэктар унівэрсытэту Гілевіча Алег Трусаў.
Набіраць студэнтаў на ўнівэрсытэцкае навучаньне можна пасьля атрыманьня дзяржаўнай ліцэнзіі. Бяз гэтай ліцэнзіі ўнівэрсытэт ня можа рыхтаваць спэцыялістаў і выдаваць адпаведныя дыплёмы. Весьці ж адукацыйныя курсы безь ліцэнзіі можна.
Каб атрымаць ліцэнзію, да канца году ўнівэрсытэту трэба здаць навучальныя праграмы і сьпісы выкладчыкаў. Рыхтаваць бакаляўраў унівэрсытэт Гілевіча плянуе зь верасьня 2019 году, на першы курс разьлічваюць набраць 200–250 студэнтаў, — сказаў Трусаў.
Паводле яго, праз курсы падрыхтоўкі да ЦТ новы ўнівэрсытэт хоча павялічыць колькасьць абітурыентаў, якія будуць здаваць тэсты па-беларуску — выкладаньне ўсіх прадметаў будзе беларускамоўным.
«Калі ў нас у групах (курсаў. — РС) набярэцца 200–250 чалавек, то гэта ідэал. Але на першы раз, я думаю, столькі не набярэцца» — сказаў Трусаў.
У кожнай групе будзе навучацца ня больш за 10–12 чалавек.
Хто будзе выкладаць?
Паводле Трусава, заяўкі на працу ва ўнівэрсытэце Гілевіча даслалі каля 100 выкладчыкаў. Вядома, што курс гісторыі Беларусі будзе чытаць Валянцін Голубеў, а матэматыку — Алесь Радына.
На працаўладкаваньне ва ўнівэрсытэце Гілевіча ўплывала:
- наяўнасьць навуковай ступені;
- досьвед працы настаўнікам і рэпэтытарам;
- беларускамоўнасьць у штодзённым жыцьці;
- сяброўства ў Таварыстве беларускай мовы.
Колькі каштуе курс?
Адзін курс каштуе 200 рублёў. Кожны курс складаецца з трох прадметаў на выбар.
Абітурыент зможа абраць працягласьць навучаньня: тры ці шэсьць месяцаў. Колькасьць гадзін на трох- і шасьцімесячнай праграме будзе аднолькавая.
- На курсах, якія будуць доўжыцца 3 месяцы, заняткі будуць праходзіць 2 разы на тыдзень па 3 гадзіны на дзень.
- На курсах працягласьцю 6 месяцаў заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень па суботах таксама па тры гадзіны на дзень.
Рыхтавацца да ЦТ у групе з 6–14 навучэнцаў будзе каштаваць ад 90 да 120 рублёў штомесяц за адзін прадмет.
Курсы падрыхтоўкі да ЦТ праводзяцца і пры дзяржаўных унівэрсытэтах. Кошт такіх заняткаў унівэрсытэты не называюць.
Цэнтралізаванае тэставаньне замяніла ўступныя іспыты ў ВНУ. Упершыню абітурыенты Беларусі здавалі «тэсты» у 2004 годзе. Для паступленьня ва ўнівэрсытэт неабходна здаць тры абавязковыя тэсты. Гэтыя балы сумуюцца зь сярэднім балам атэстату, памножаным на 10. Ад 2017 году абітурыентам дазволілі здаваць ЦТ па чатырох прадметах, каб яны змаглі падаваць ва ўнівэрсытэт лепшыя вынікі.