Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабчанка падрабязна расказаў пра інсцэнаваньне забойства і «ўваскрэсеньне». ВІДЭА


Аркадзь Бабчанка падчас абвяшчэньня ягонага забойства інсцэніроўкай, архіўнае фота
Аркадзь Бабчанка падчас абвяшчэньня ягонага забойства інсцэніроўкай, архіўнае фота

Журналіст Аркадзь Бабчанка, які лічыўся забітым з 29 па 30 траўня, расказаў украінскай службе Радыё Свабода пра інсцэніроўку замаху на ягонае жыцьцё, а таксама пра прапановах грошай за інтэрвію пасьля «ўваскрэсеньня».

Як распавёў Аркадзь Бабчанка, калі людзі са Службы бясьпекі Ўкраіны расказалі яму пра замову на ягонае забойства, за якую заплацілі 40 тысяч даляраў, ён меў «адзінае жаданьне — схапіць жонку і дачку і паехаць кудысьці ў Антарктыду ці Марыянскую ўпадзіну, каб нічога гэтага не было». Але за 40 хвілінаў прадстаўнікі СБУ пераканалі яго паўдзельнічаць у інсцэніроўцы забойства.

«Асноўным момантам у размове было не само інсцэнаваньне, мне адразу паведамілі, што я — не адзіная будучая ахвяра, прахадная сошка для шуму, на самай справе ўсё сур’ёзна і яны будуць працаваць далей, — сьцьвярджае Бабчанка. — Я сказаў, што жонка павінна ведаць пра гэта абавязкова, расказаў ёй адразу, як толькі прыйшоў. Я ня памятаю, каб гаварылі наўпрост, але было відаць, што людзі чакаюць маёй дапамогі для таго, каб захаваць і маё жыцьцё, і жыцьцё іншых патэнцыйных ахвяраў».

Паводле Бабчанкі, перад днём «замаху» ён бачыў пад сваім домам падазроныя машыны, перастаў баяцца толькі калі за ім «зачыніліся дзьверы моргу». Судмэдэкспэрт ня толькі цалкам запоўніў даведку пра сьмерць Бабчанкі, але і сфатаграфаваў яго на стале для ўскрыцьця (у інтэрнэт «зьлілі» іншае фота, дзе Бабчанка ляжыць на падлозе сьпінай угару са сьлядамі ад куляў). Інсцэнаваньне забойства, паводле яго, праходзіла рэалістычна, але «пахаваньня» ўжо не плянавалася, а варыянт «замаху» без «ўваскрэсеньня» не разглядаўся.

«На самой справе, ні пра якія „хацелкі“ гаворкі не ішло, — кажа Бабчанка пра інсцэнаваньне. — Быў шэраг працэдураў, якія зрабіць было неабходна. Гэта ўсё рабілася празь сілу, празь „не хачу“. Усе вакол разумелі, наколькі гэта будзе цяжка, наколькі асяродку будзе цяжка і колькі лайна потым пальецца».

Пасьля «ўваскрэсеньня» Бабчанка напісаў на Facebook пост пра тое, што пагодзіцца даць інтэрвію толькі за 50 тысяч даляраў. Такую прапанову яму зрабіў тэлеканал «Россия 24», але ён адмовіў з палітычных матываў. Бабчанка тлумачыць, што напісаў такі пост, бо яго «дасталі».

«У мяне за дзень было 200-300 тэлефанаваньняў, мне прыйшлося выключыць тэлефон, — згадвае Бабчанка. — Спачатку ледзь у жонкі не было нэрвовага зрыву, потым у мяне. Я папрасіў даць мне два тыдні, каб адысьці ад усёй сытуацыі. Два тыдні прайшло, усе, хто дачакаўся, — я гатовы працаваць і мець зносіны з прэсай. Грошы мне так ніхто і не прапаноўваў, акрамя канала „Россия 24“, але я іх аўтаматычна паслаў раней, чым пасьпеў падумаць. Яшчэ канал „НТВ“ прасіў зьніжку хоць бы за 10-хвіліннае інтэрвію, але калі я прапанаваў ім перавесьці суму на рахунак „Правага сэктару“, перапіска абарвалася».

Чытайце цалкам на сайце ўкраінскай службы Свабоды >>>

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG