Начальнік аддзела арганізацыі мэдыцынскай абароны пры надзвычайных сытуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук пракамэнтаваў апублікаванае ў сацсетках 29 чэрвеня відэа, на якім відаць, як падчас рэпэтыцыі параду ў Менску калёна вайсковай тэхнікі не прапусьціла машыну хуткай дапамогі з уключанымі мігалкамі, паведамляе БелаПАН.
«Выпадак жыцьцёвы, і ён, вядома, мог быць. Бываюць сытуацыі, калі хуткая дапамога едзе з уключанымі пробліскавымі маячкамі, але гэта не дае ёй перавагу, гэта дазваляе толькі прыцягнуць увагу астатніх удзельнікаў дарожнага руху на тое, што гэты аўтамабіль трэба прапусьціць. Таму у кожным канкрэтным выпадку рашэньне прымаецца брыгадай хуткай мэдыцынскай дапамогі, якая абслугоўвае той ці іншы выклік», — падкрэсьліў Алег Панчук.
Паводле Панчука, Міністэрства аховы здароўя раней прапаноўвала Міністэрству абароны вырашыць пытаньне аб прадстаўленьні перавагі машынам «хуткай дапамогі» ў выпадку неабходнасьці праезду праз калёну вайсковай тэхнікі, аднак рашэньне прынятае не было.
«Мы выходзілі і на Міністэрства ўнутраных спраў, але заканадаўча не змаглі прасунуць пытаньне», — удакладніў прадстаўнік міністэрства.
«У нас ёсьць магчымасьці па зьмене альгарытму, мы можам разгарнуцца. І пры плянавых мерапрыемствах «хуткая» ведае, але «хуткая» ня можа зьмяніць месца прыёму выкліку. Бо выклік ж не адмяняе праезд калёны з тэхнікай. Выклік, хутчэй за ўсё, тэрытарыяльна быў зь месца, дзе праходзіла калёна», — дадаў Панчук.
Як адзначыў начальнік упраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Дзьмітрый Кур’ян, напярэдадні трэніровак параду «ўся неабходная інфармацыя аб маршруце і часу руху была шырока распаўсюджаная ў СМІ», а ўсім апэратыўным службам паведамілі аб парадку руху калёны вайсковай тэхнікі.
29 чэрвеня 2018 году падчас рэпэтыцыі вайсковага параду на Дзень незалежнасьці Беларусі калёна вайсковай тэхнікі, якая ехала па праспэкце Незалежнасьці ў Менску, не прапусьціла машыну хуткай дапамогі зь мігалкамі. Летась карэспандэнты Свабоды зьнялі на відэа, як танкі не прапускалі пажарныя машыны, якія ехалі зь мігалкамі на выклік.
Паводле Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь, пры набліжэнні транспартных сродкаў апэратыўнага прызначэньня з уключаным пробліскавым маячком сіняга колеру і адмысловым гукавым сігналам вадзіцелі транспартных сродкаў, незалежна ад кірунку іх руху, павінны саступіць дарогу і забясьпечыць бесперашкодны праезд гэтым транспартным сродкам.