Праўладная моладзевая арганізацыя БРСМ запусьціла канал у мэсэнджэры Telegram і прадставіла там камплект стыкераў з пэрсанажам, якога назвала «Вышыванычам».
Пэрсанаж «з нацыянальным калярытам», як яго апісвае БРСМ, быў распрацаваны напярэдадні «Дня вышыванкі» — зладжанага БРСМ фэсту 2 ліпеня, ідэю якога «пазычылі» бяз згоды ў «Арт-сядзібы» на загад Саўміну.
На Telegram-канале БРСМ абяцае падпісантам «радаваць прагнозамі надвор’я, крутымі конкурсамі, яскравымі праектамі і новымі стыкерамі».
Што значыць гэты пэрсанаж, БРСМ не тлумачыць. «Вышываныч» складаецца з элемэнту беларускага арнамэнту «лапа на дванаццаць растоў», смайліка ў цэнтры і «ножак». У астатніх выпадках БРСМ выкарыстоўвае сымболіку, падобную да савецкай або сучаснай дзяржаўнай.
«Вышываныч» зьявіўся празь месяц пасьля зьмены кіраўніка БРСМ. Ад канца траўня арганізацыяй кіруе 31-гадовы Дзьмітры Варанюк. Экс-кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі стаў намесьнікам міністра інфармацыі.