Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча затрымалі перад спробай паставіць новыя крыжы ў Курапатах. ВІДЭА

абноўлена

У цэнтры — невядомы, які ўдзельнічаў у затрыманьні Зьмітра Дашкевіча
У цэнтры — невядомы, які ўдзельнічаў у затрыманьні Зьмітра Дашкевіча

Абаронцы Курапатаў зьбіраліся выставіць новыя крыжы каля рэстарацыі «Поедем поедим», якая месьціцца пад мэмарыяльным комплексам Курапаты.

Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавіка з крыжамі

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч вёў трансьляцыю на Facebook перад ўстаноўкай крыжоў, калі іх везьлі на грузавіку ў Курапаты. Падобна, яго затрымалі «людзі ў цывільным», пасьля таго як супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну з крыжамі.

Прычыны затрыманьня невядомыя. Разам з Дашкевічам, як піша блогер Эдуард Пальчыс, затрыманыя актывісты Валер Мінец і Ягор Лаўрухін. Фура з крыжамі арыштаваная, сьцьвярджае ён, а затрыманьне праводзілі «сур’ёзныя хлопцы — Альфа або Служба бясьпекі прэзыдэнта».

«У нас атрымалася выехаць вуліцай Серафімовіча толькі на Партызанскі праспэкт, амаль адразу да нас пад’ехалі некалькі машынаў ДАІшнікаў, за імі пад’ехала машына зь «людзьмі ў цывільным« і людзьмі ў зялёнай форме, — расказала Свабодзе жонка Зьмітра Наста Дашкевіч. — Хуценька скруцілі Зьмітра і Ягора, грузавік з крыжамі быў асобна арыштаваны працаўнікамі ДАІ, сказалі, што паедзе ў мясцовы РАУС, мусіць быць Партызанскі. Што са Зьміцерам і Ягорам і дзе яны, невядома. Як я зразумела, «людзі ў цывільным« тлумачылі гэта тым, што гэта ахова ўрадавай дэлегацыі [ў Трасьцянец]».

Што адбываецца ў Курапатах пасьля затрыманьня Дашкевіча і грузавікоў з крыжамі. УЖЫВУЮ

Паводле аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, у актывістаў ёсьць «плян Б»: цяпер яны ідуць да рэстарацыі «Поедем поедим», каб наляпіць плякаты на плоце, «стаяць за сябе і за Дашкевіча». Перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі «сёньня ніякіх ня будзе», дадае ён.

Устаноўка трохмэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, а апоўдні працягнецца штодзённая варта.

Цягам дня абаронцы Курапатаў чакаюць візытаў замежных гасьцей — у Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны.

Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота
Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2013-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG