Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлёне Дар’я Домрачава 25 чэрвеня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі зьбірае прэс-канфэрэнцыю. Пачатак сустрэчы з журналістамі — а 15-ай гадзіне, паведамляе «Прессбол».
Дар’я Домрачава пасьля завяршэньня алімпійскага сэзону абяцала вызначыцца з пытаньнем аб працягу сваёй кар’еры яшчэ да пачатку траўня, але да гэтага часу, ажно да трэцяй дэкады чэрвеня, ніякіх заяваў з гэтай нагоды не рабіла.
Тэрмін ранейшага кантракту тытулаванай спартоўкі са зборнай Беларусі заканчваецца 30 чэрвеня.
Цяпер у трэніровачным працэсе прымае ўдзел толькі адна спартоўка з асноўнага алімпійскага складу — Ірына Крыўко. Дынара Алімбекава праходзіць рэабілітацыю пасьля апэрацыі на левым плячы. У пачатку чэрвеня аб завяршэньні спартовай кар’еры заявіла біятляністка Надзея Скардзіна, а ў 2017 годзе завяршыла сваю спартовую кар’еру Надзея Пісарава.
Паводле інфармацыі «Прессбола», старшы трэнэр жаночай зборнай Беларусі па біятлёне Фёдар Свабода, які рыхтаваў каманду да Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, таксама пакінуў каманду — ён адмовіўся ад падаўжэньня кантракту, дзеяньне якога заканчваецца ў канцы чэрвеня.
Хто будзе новым старшым трэнэрам, пакуль ня вызначана.
3 жніўня Дар’і Домрачавай споўніцца 32 гады. Яна — чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі. Домрачава ў шлюбе зь вядомым нарвэскім біятляністам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам, які ў гэтым годзе скончыў сваю спартовую кар’еру, а на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане паехаў у складзе трэнэрскага штабу беларускай зборнай. Домрачава і Б'ёрндален гадуюць дачку Ксенію, якая нарадзілася ў кастрычніку 2016 году.