Абаронцаў Курапатаў запрасілі ў Міністэрства культуры зранку 20 чэрвеня, каб абмеркаваць сытуацыю з адкрыцьцём рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў ад месца пахаваньня дзясяткаў тысячаў забітых у час сталінскіх рэпрэсіяў. Але ў Мінкульце абаронцы «адчулі бюракратычны лёд», сказаў Свабодзе Севярынец.
«Чыноўнікі разгубленыя, яны ня ведаюць, што рабіць, — заявіў адзін зь лідэраў пратэстаў Павал Севярынец журналістам пасьля сустрэчы. — Алясандар Яцко, намесьнік міністра, нічога па факце не сказаў, ці будзе рабіць Міністэрства культуры штосьці ў сытуацыі з Курапатамі».
Астатнія прысутныя на сустрэчы, у тым ліку Ганна Шапуцька і Ўладзімер Раманоўскі, пагаджаліся з пазыцыяй сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
На думку Севярынца, абаронцаў выклікалі ў міністэрства, проста каб «паказаць, што яны нейкім чынам удзельнічаюць», але на самой справе толькі спасылаліся на бюракратычныя працэдуры і юрыдычныя дэталі. На ягоную думку, чыноўнікі «адчуваюць адказнасьць за карупцыйную схему, праведзеную празь Міністэрства культуры, і баяцца, што гэта ўсё выплыве», бо чыноўнікі «не бескаштоўна дазваляюць рэзаць ахоўныя зоны і будаваць там аб’екты».
Таксама ад Мінкульту не пачулі нічога пра дзяржаўны конкурс на помнік у Курапатах.
Севярынец адзначыў, што прадстаўнікі Міністэрства культуры фактычна маўчаць — не даюць ацэнак сытуацыі, хоць пра канфлікт у Курапатах, кажа ён, «выказаліся дзеячы культуры з усяго сьвету». Намесьнік міністра размаўляў з абаронцамі Курапатаў па-расейску, заўважыў палітык.
Абаронцы Курапатаў прапаноўвалі Мінкульту забараніць працу рэстарацыі і вярнуцца да ахоўных зонаў мэмарыялу Курапаты ўзору 2003 году (звужаных пасьля пачатку будаўніцтва «Бульбаш-холу» ў межах ахоўнай зоны). Але, кажа Севярынец, рашэньне наўрад ці прымаецца ў Мінкульце — хутчэй, вырашаць будзе асабіста Аляксандар Лукашэнка, таму праціўнікам рэстарацыі «трэба прыналегчы».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.