Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці класьціся пад аўтамабілі каля рэстарацыі? Два сцэнары абаронцаў Курапатаў


Актывісты «Альтэонатывы» пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим» каля Курапатаў
Актывісты «Альтэонатывы» пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим» каля Курапатаў

Актывісты, якія трэці тыдзень пікетуюць рэстаран каля Курапатаў, разышліся ў думках, як трэба праводзіць пікетаваньне: блякаваць аўтамабілі ці не.

18 чэрвеня вахту каля рэстарацыі «Поедем поедим» трымалі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва», а ў другой палове дня ім на дапамогу прыехалі і актывісты БСДП (Грамада). Усяго 7 чалавек. Ці хопіць іх на блякаваньне рэстарацыі?

Мяккі варыянт

Алег Корбан мяркуе, што не пускаць у рэстарацыю аўтамабілі з прадуктамі і наведнікаў ня варта — лепш сканцэнтравацца на тлумачальнай місіі.

«Дамовіліся, што кожная арганізацыя вырашае сама, у якой форме несьці вахту. Мы ў „Альтэрнатыве“ за варыянт, які прапанаваў Зьміцер Дашкевіч. Каб пікетаваньне тут праходзіла рэгулярна, але мірна, без канфліктаў. Навошта павялічваць колькасьць тых, хто супроць нас?», — сказаў Алег Корбан і распавёў пра кампанію з трох маладзёнаў, якія нядаўна прыехалі ў «Поедем поедим». Маладыя людзі былі нападпітку і казалі пра сябе, што адмыслова прыехалі ў гэтую рэстарацыю паесьці, бо ім усё роўна, што тут Курапаты.

«Хіба такіх спыніш? Іх не пераробіш. Але з астатнімі мы спрабуем гаварыць, растлумачыць, што і як, прысароміць, калі можна. І бачым, што шмат на каго гэта дзейнічае», — кажа Алег Корбан.

Зь ім пагадзіліся аднадумцы з «Альтэрнатывы» Сяргей Качур і Алег Кероль. Паводле іхніх падлікаў, у рэстарацыю сёньня з 12 гадзіны праехалі толькі 5 наведнікаў на двух аўтамабілях ды некалькі машын з прадуктамі.

Адзначу, што некаторыя аўтамабілі самі спыняліся перад пікетам бяз спрэчак. Прыкладам, гэтак зрабіў кіроўца мікрааўтобуса «Форд Транзіт», які назваўся Вадзімам. Малады чалавек моўчкі спыніўся, сам выгрузіў скрыні і сам павёз іх у рэстаран на вазку.

«Калі яны сёньня не перакрываюць дарогу, дык навошта стаяць на праежджай частцы? Хай стаяць на ходніках. А да самой праблемы я стаўлюся гэтак: калі дазвол на будоўлю далі з парушэньнем закону, хай разьбіраюцца каму трэба. А калі будзе прынята рашэньне, што рэстарацыі тут ня месца, дык трэба вярнуць уласьнікам укладзеныя грошы. Пры ўмове, што яны дзейнічалі законна», — мяркуе кіроўца Вадзім.

Адзін зь пікетоўцаў, актывіст БСДП (Грамада) Анатоль Юрэвіч са Слуцку аказаўся часткова згодны з кіроўцам Вадзімам, калі меркаваць па ягоным запісе ў кнізе скаргаў і прапаноў рэстарацыі «Поедем поедим». Анатоль Юрэвіч прапанаваў уласьнікам рэстарацыі перадаць будынак пад мэмарыяльны музэй Курапатаў, а дзяржава, на думку актывіста, мусіць выплаціць за яго ўласьнікам грошы. Што да формы пікетаваньня, спадар Юрэвіч ухваліў «мяккі» варыянт, але прапануе палепшыць арганізацыю пікетаваньня.

«Праблема ў колькасьці пікетоўцаў? Значыць, партыі мусяць ня проста разьмеркавацца па днях, а вызначыць пікавы час працы рэстарана і ў гэтыя гадзіны забясьпечыць большую колькасьць пратэстоўцаў. Але сапраўды лепш, калі аўтамабілям не замінаюць ехаць, калі людзям тлумачаць, а ня ганьбяць іх», — мяркуе актывіст БСПД (Грамада) са Слуцку.

Жорсткі варыянт

Але ў шэрагах той жа БСДП (Грамада) ёсьць і тыя, хто мяркуе, што «мяккі» варыянт пікетаваньня — гэта марнаваньне часу.

Сярод такіх Алесь Абрамовіч з Барысава.

«Вы ж мяне ведаеце, я заўсёды за больш радыкальныя захады. Таму як па мне, дык рашучая стратэгія — лепшая. Бо толькі гэтак можна данесьці да ўладаў, што грамадзтва пратэстуе, а ня проста не пагаджаюцца некалькі чалавек», — мяркуе Алесь Абрамовіч.

На пытаньне пра непазьбежнае наступства такой стратэгіі ў выглядзе вялікіх штрафаў Алесь Абрамовіч парыруе:

«Значыць, трэба партыям ня толькі пісаць звароты, але і наладзіць збор ахвяраваньняў на пакрыцьцё штрафаў актывістам, якіх караюць за пікетаваньне».

Дарэчы, на актывістаў, паводле іхніх падлікаў, складзена ўжо больш за 50 пратаколаў, сярод іх больш за 20 толькі на лідэра першых тыдняў пікетаваньня Паўла Севярынца. Сёньня, 18 чэрвеня, міліцыянты спрабавалі прыйсьці ў дом актывісткі Вольгі Мікалайчык, таксама «рэкардсмэнцы» па пратаколах за Курапаты. Актывістка іх у дом не пусьціла.

Супроць «мяккай» стратэгіі, якую прапанаваў лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, выказаўся і актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

«А як весьці тлумачальную працу, калі не спыняць аўтамабіляў? Мы дзяжурылі ў Курапатах у суботу, і, па маіх назіраньнях, калі б не спынялі аўтамабілі, з намі б ніхто не размаўляў. 70% проста праскоквалі б міма. Так, давялося і класьціся на дарогу, каб не прапусьціць асабліва ўпартых. Калі не блякаваць, то няма сэнсу і стаяць у пікеце. Але мы ж нікому гвалту ня чынім, гэта супроць нас ужываюць гвалт», — заўважыў Леанід Кулакоў.

Ніна Багінская, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык пікетуюць рэстарацыю каля Курапатаў 5 чэрвеня
Ніна Багінская, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык пікетуюць рэстарацыю каля Курапатаў 5 чэрвеня

На пазамінулым тыдні адзін з кіроўцаў, спрабуючы аб’ехаць пікет, бампэрам аўтамабіля зьбіў Леаніда Кулакова з ног. Пазьней актывіст Кулакоў даведаўся, што за той наезд вінаваты кіроўца атрымаў штраф — 0,5 базавай велічыні.

«Усяго 12 рублёў за наезд на чалавека?! Сам кіроўца і ведаю, у колькі абыходзяцца такія парушэньні. Буду падаваць скаргу на рашэньне ДАІ», — сказаў Леанід Кулакоў карэспандэнту Свабоды.

За пікетаваньне па больш рашучым варыянце выказаўся і актывіст, пэнсіянэр Мікалай Бамбіза.

«Так, лепш блякаваць рэстарацыю цалкам. Але каб тут было сто чалавек, ды ўсе б выйшлі на дарогу, то ніхто б і не спрабаваў аб’ехаць. Таму маем, што маем».

Бліжэй да вечара да пікетоўцаў з «Альтэрнатывы» і БСДП (Грамада) далучыліся актывісты з АГП. Сёньня ўсе разам пікетаваць рэстарацыю актывісты зьбіраюцца да 22 гадзіны.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы невядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Вядомыя людзі пра рэстарацыю ў Курапатах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG