Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава «Праўда пра Курапаты» пачала падарожжа па Ўкраіне. Сёньня — у Чарнігаве


Адкрыцьцё выставы пра Курапаты ў інстытуце нацыянальнай памяці ў Кіеве. 18 траўня 2018 году
Адкрыцьцё выставы пра Курапаты ў інстытуце нацыянальнай памяці ў Кіеве. 18 траўня 2018 году

Дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні», ініцыяваная супольна беларускай грамадзкай ініцыятывай «Экспэрты ў абарону Курапатаў» і Ўкраінскім інстытутам нацыянальнай памяці, пасьля экспазыцыі ў Кіеве пераехала ў Чарнігаў.

З Чарнігава выстава пачынае падарожжа па Ўкраіне — наступнымі з выставай змогуць азнаёміцца жыхары Харкава, Жытоміру, Луцку, Цярнопалю і Львова.

На сямнаццаці банэрах сабраная практычна ўся гісторыя Курапатаў: ад вынікаў дасьледаваньняў у 1988 годзе да леташняй абароны ад забудовы.

Выстава пра Курапаты ў Кіеве. 18 траўня 2018 году
Выстава пра Курапаты ў Кіеве. 18 траўня 2018 году

Правядзеньне выставы ў Чарнігаве падтрымалі абласная дзяржаўная адміністрацыя і шэраг чарнігаўскіх грамадзкіх арганізацый.

Паводле кіраўніка Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Уладзіміра Вятровіча, інфармаваньнем аб Курапатах пры дапамозе гэтай выставы ўкраінскія адмыслоўцы і грамадзкія актывісты дэманструюць сваю салідарнасьць з удзельнікамі пратэсту супраць адкрыцьця побач з Курапатамі рэстарану «Поедем поедим»:

Уладзімір Вятровіч
Уладзімір Вятровіч

«Для нас усіх вельмі важна зьберагчы ўсе такія месцы памяці, месцы, дзе былі масавыя пахаваньні ахвяр палітычных рэпрэсій, таму што такія праблемы ёсьць на ўсёй постсавецкай прасторы. Ёсьць пэўныя палітычныя адрозьненьні між Украінай і Беларусьсю, бо Ўкраіна пайшла далей у працэсах дэкамунізацыі, але і ў нас ёсьць пэўныя пагрозы, калі такія месцы спрабуюць забудаваць гандлёва-забаўляльнымі комплексамі. Таму відавочна, што ёсьць вялікая патрэба ў салідарнасьці ў адстойваньні памяці», — сказаў Свабодзе Ўладзімір Вятровіч.

Кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці дадаў, што ў свой час дзякуючы пратэстам грамадзкасьці ў Львове ўдалося спыніць будаўніцтва на тэрыторыі турмы на Лонцкага, дзе супрацоўнікі НКВД расстралялі амаль 1000 вязьняў. Цяпер тут створаны нацыянальны музэй ахвяр акупацыйных рэжымаў.

У Кіеве выстава «Праўда пра Курапаты» экспанавалася больш як тыдзень з 18 траўня і, паводле дамоўленасьці, засталася ў фондах Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

На пачатку чэрвеня ў мэмарыяльным комплексе «Быкаўнянскія магілы», які створаны пад Кіевам у памяць аб ахвярах палітычных рэпрэсіяў, прайшла акцыя салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты


У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG