Вядомыя людзі пра рэстаран у Курапатах

Вядомыя людзі пра рэстаран у Курапатах

«Поедем поедим» адчыніўся ў Курапатах — за 50 мэтраў ад лесу з магільнымі ямамі і зь відам на крыжы ў памяць пра тысячы забітых падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Што на гэты конт думае грамадзтва? Свабода апытала вядомых людзей пра стаўленьне да рэстарану каля Курапатаў

Сьвятлана Алексіевіч
нобэлеўская ляўрэатка па літаратуры (2015)

  • «Мяне не пакідае вобраз міністра Шуневіча ў форме НКВД. Я думаю, ён не чытаў ані Салжаніцына, ані Шаламава, і паняцьця пра гэта ня мае. Па-другое, я зразумела, што паколькі толькі маладыя абараняюць наш гонар, у тым ліку і ў Курапатах, гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана. Можна казаць і пра нашу ўласную адказнасьць, кожнага з нас. Мы гэта дазволілі. Чаму грамадзтва маўчыць? У любой эўрапейскай краіне былі б сотні тысяч на вуліцах»

Уладзімер Кавалёнак
касманаўт, у мінулым — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, прэзыдэнт Фэдэрацыі касманаўтыкі Расеі

  • «Мне цяжка меркаваць, я жыву па-за межамі Беларусі, у Расеі, але я беларус. Я лічу, што Курапаты — гэта самае сьвятое месца для кожнага нармальнага беларуса пры цьвярозым розуме. Мы ўсе павінны ведаць, што там было. І рабіць там рэстаран, каб побач з гэтым сьвятым месцам былі гулянкі з голымі азадкамі, — я гэтага не вітаў бы. На беларускай зямлі даволі месца, дзе можна збудаваць рэстаран, які быў бы больш аддалены ад Курапатаў. Я не пайшоў бы ў такі рэстаран, калі побач Курапаты»

Вячаслаў Кебіч
былы прэм’ер-міністар Беларусі

  • «Навошта гэта трэба? Што, іншага месца няма? Няўжо там так ужо шмат народу будзе езьдзіць? Я лічу, што ня трэба было там будаваць. Навошта хадзіць есьці на могілкі?»

Эльжбэта Смулкова
першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі

  • «Гэта не прыносіць гонару ні ўладальніку, ні гораду, які пагадзіўся на пабудову такога тыпу. Нельга танцаваць на магілах. Я думаю, што пратэст людзей тут вельмі слушны. Я таксама думаю пра крыж Варты польскіх магілаў, дзе я асабіста ўскладала кветкі, куды мы з амбасады хадзілі штогод. Я спадзяюся, што вам неяк удасца пераканаць людзей, што гэтае месца — не прызначанае ні для скокаў, ні для абжорства, ні для выпіваньня. На сёньняшні дзень гэта ўжо месца нацыянальнай памяці, ня толькі беларускай, але і польскай, і габрэйскай, і літоўскай, і некаторых іншых нацыянальнасьцяў, якія апынуліся ў Беларусі ў часы тых забойстваў»

Лявон Вольскі
беларускі музыка

  • «На маю думку, ненармальна, што там адкрываецца рэстарацыя, але мне падаецца, што яна доўга не пратрымаецца там. Гэта ж не такое месца як вуліца Зыбіцкая ці Кастрычніцкая — я наогул не разумею, хто туды паедзе есьці. Мо цяпер туды, чаго не хацелася б, будуць езьдзіць нейкія людзі паводле палітычных схільнасьцей, верныя сталіністы-леніністы. А я там пасьвяткаваць-паесьці — вы што? Я і так у Менску рэдка хаджу па такіх „злачных“, а ехаць есьці каля месца масавых расстрэлаў — гэта абсурд поўны»

Лідзія Ярмошына
старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі

  • «Я лічу, што тэму палітычна разьдзьмулі абсалютна беспадстаўна. Урэшце мы ўсе жывём побач з могілкамі. А некаторыя жывуць і на месцах былых могілак: хіба ж мы ведаем, што было калісьці пад падмуркам таго ці іншага дома? І тады атрымліваецца, што наагул нідзе нічога нельга будаваць. Калі зыходзіць з назвы рэстарацыі „Поедем поедим“, то яна будзе функцыянаваць як закусачная. Як я разумею, там ня будзе ні музыкі, ні песень, ні танцаў... Таму і гэтая ўстанова харчаваньня можа працаваць»

Томас Венцлава
літоўскі паэт, дысыдэнт і праваабаронца

  • «Тое, што каля Курапатаў пабудавалі рэстаран, гэта абсалютная агіднасьць і скандал. Курапаты — гэта месца памяці пра загінулых, гэта могілкі, гэта месца, важнае ня толькі для Беларусі, але і для ўсёй Эўропы. Я цалкам салідарны зь людзьмі, якія пратэстуюць супраць самога існаваньня рэстарана на гэтым месцы, і абсалютна перакананы, што яго трэба закрыць і перанесьці на іншае месца. Калі гэта ня будзе зроблена, будзе вялікая ганьба»

Ганна Канапацкая
дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

  • «Ідзе замоўчваньне часткі гісторыі беларускага народу, беларускага грамадзтва. У любым выпадку ёсьць пацьверджаныя факты таго, што там расстрэльвалі людзей, і найперш гэта павінна быць месцам памяці і смутку. А з другога боку чыноўнікі, улады, якія прынялі рашэньне аб зьмене ахоўных зонаў, павінны несьці адказнасьць, каб бізнэс разумеў, што чыноўнікі таксама нясуць адказнасьць за тое, што яны нарабілі»

Карэл Шварцэнбэрг
князь, былы міністар замежных справаў Чэхіі

  • «На месцы, дзе загінула столькі людзей, мусіць быць памятная зона, дзе людзі могуць успомніць расстраляных, задумацца, што прывяло да тых расстрэлаў. І павінен стаяць помнік загінулым. Супраць рэстарацыяў у прынцыпе я нічога ня маю, але не ў такім месцы. Рэстарацыя ня можа быць ля магілаў расстраляных. Гэта папросту непавага да загінулых. У нас у Летах, на поўдні Чэхіі, была падобная праблема: ля канцэнтрацыйнага цыганскага лягеру часоў Другой сусьветнай вайны пабудавалі у свой час сьвінарнік, але дзякаваць богу, ён быў зьнесены. Спадзяюся, у Беларусі настолькі далёка рэчы ня зойдуць, але найразумнейшым рашэньнем, на мой погляд, было б зачыніць гэтую рэстарацыю, а тое і ўвогуле прыбраць.»

Ігар Марзалюк
старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы

  • «Было б дзікунства, калі б рэстаран пабудавалі непасрэдна ў зоне. А гэты рэстаран пастаўлены не на касьцях. Я гэтым пытаньнем займаўся грунтоўна. Спачатку была часовая мяжа, вызначаная прафэсійнымі гісторыкамі — Вольгай Кукуняй і іншымі. А потым Міністэрства культуры замаўляла канчатковую вэрсію зоны Курапатаў. І замовіла яна яе чамусьці не прафэсійным археолягам, не прафэсійным гісторыкам, а чалавеку са спэцыяльнасьцю „архітэктура“. І завецца гэты чалавек Вадзім Гліньнік»

Кшыштаф Занусі
польскі рэжысэр, сцэнарыст, філёзаф і пісьменьнік

  • «Разьвіцьцё чалавецтва пачалося ад таго моманту, калі людзі пачалі хаваць памерлых. Жывёлы мёртвых не хаваюць. Прымітыўны чалавек пачаў быць чалавекам пасьля таго, як пачаў адчуваць сувязь з тым, што мінула. Адносіны да гэтага месца — гэта паказьнік культуры краіны і народу. Мне вельмі сумна, што ў цэнтры Эўропы разуменьне гэтага важнага пытаньня такое слабое. Я веру, што просты чалавек у Беларусі разумее, што нельга таптацца па могілках і будаваць там рэстаран. Гэта нягодны ўчынак. Мне вельмі прыкра, што знайшліся людзі, якія ў такім месцы хочуць зарабляць грошы. Гэта доказ нізкага ўзроўню культуры і вельмі кепска паказвае Беларусь у сьвеце. Думаю, што ўлады Беларусі задумаюцца, ці добрай ідэяй было даць згоду на такую ўстанову»

Аксана Забужка
украінская пісьменьніца

  • «Гэта страшнае блюзьнерства. За любыя танцы на костках заўсёды даводзіцца вельмі жорстка расплачвацца наступным пакаленьням. Ёсьць пэўныя рэчы ў чалавечай культуры, якія трэба паважаць. І гэта тычыцца магілаў забітых нявінных людзей. Я ня ведаю, які тут сатанінскі намер, але як правіла, злачынцы заўсёды хочуць зацерці сьляды сваіх злачынстваў. І грамадзкасьць павінна сама ўсьвядоміць — вам пад ногі коцяць бомбу, якая невядома калі выбухне ў будучыні»

Юры Зісер
заснавальнік парталу TUT.BY

  • «Дзяржава мусіць сказаць сваё слова пра Курапаты, каб паставіць кропку: ці спыніць спэкуляцыі, ці пакараць вінаватых, калі парушаны закон»

Андрэй Макарэвіч
лідэр гурту «Машина времени», архітэктар паводле адукацыі і вядоўца тэлепраграмы «Смак»

  • «Гэтую мяжу павінен кожны нармальны чалавек адчуваць. Таму што гэта такія далікатныя рэчы, што прапісаць іх у законе даволі складана. Вядома ж, усё, што тычыцца захаваньня памяці, асабліва памяці трагічнай — гэта тэма вельмі балючая, і для Расеі, між іншым, і для Беларусі. І ставіць у такім месцы рэстаран, на мой погляд, проста непрыстойна. Але, вядома ж, значна лепей было б, калі б рэстаран не пачыналі будаваць, чым калі яго ўжо паставілі і адкрылі, а цяпер пачынаюць блякаваць. Збоку, з завязанымі вачыма, вельмі проста даваць парады. Але мяжу гэтую чалавек павінен адчуваць, адчуваць без напамінаў»

Віктар Пракапеня
беларускі IT-прадпрымальнік, вэнчурны інвэстар

  • «Ніводзін IT-шнік ня прыйдзе ў гэты рэстаран»

Лія Ахеджакава
народная артыстка Расеі

  • «Божа, яны звар’яцелі? Хто гэтыя людзі? Яны б яшчэ туалет адчынілі на такім месцы! Гэта мярзоцьце. Абы толькі грошы ўкласьці, абы бізнэс разьвіваўся. А сумленьне ж павінна быць хоць нейкае? Там, дзе расстрэльвалі нявінных людзей, ставіць рэстаран, туалет, лазьню, пральню — ганебна!»

Уладзімір Войнавіч
былы савецкі дысыдэнт, расейскі пісьменьнік

  • «Я ведаю пра Курапаты пад Менскам і перакананы, што памяць ахвяраў сталінізму павінна паважацца. ​Рэстаратары няправільна зрабілі, можна было пабудаваць рэстаран на месцы, якое больш пасуе для яго. Калі грамадзкасьць настойвае, то гэты рэстаран усё роўна прыбяруць адтуль, таму што рэстаратары звычайна — гэта практычныя людзі. Калі іх бізнэсу нешта будзе моцна перашкаджаць, яны сыдуць. Я супраць таго, каб людзі грэбавалі памяцьцю пра такія рэчы, і тым больш, каб яны сыпалі соль на раны людзей, для якіх гэта вельмі адчувальна. Гэта недапушчальна»

Ганна Бонд
блогерка

  • «Гэта на сумленьні і духоўным выхаваньні кожнага чалавека. Ці было разумна будаваць забаўляльны комплекс каля такога жудаснага месца? Гэта — на сумленьні тых, хто гэта распачаў, на сумленьні тых, хто гэта дазволіў. Не магу зразумець такую недальнабачнасьць арганізатараў і завадатараў такой абсалютна абсурднай ідэі. Я ня думаю, што людзі хадзіць туды ня будуць. Будуць. Яны ня будуць хадзіць, пакуль адбываюцца пікеты. Пройдзе час, усё супакоіцца і гэта будзе звычайным рэстаранам, як яны і плянавалі. Гэтая рэстарацыя ўжо мае нэгатыўную энэргетыку. Канечне, я туды не пайду»

Генадзь Хазанаў
расейскі актор

  • «Усе спробы "прышыць" памяць пакаленьням будуць упірацца ў вельмі моцную рэч, такую, як адпрэчваньне, як нежаданьне. У спробу самазахавацца ў няведаньні. Людзям здаецца, што калі яны нечага ня ведаюць, дык гэтага ніколі і не было. Мне падаецца, што гэта адна з самых вялікіх памылак. Я нікому ніякіх рэцэптаў не магу прапісваць, але магу вам сказаць адназначна — я б ніколі ў такі рэстаран не пайшоў, ні пры якіх абставінах! Улічваючы, як цяпер прынята казаць, "бэкграўнд" усёй гэтай гісторыі, улічваючы колькасьць нявінна забітых, целы якіх там ляжаць»

Дзяніс Блішч
блогер

  • «Для ўсіх нармальных людзей відавочна, што гэта абсалютна недаравальная сытуацыя, што рэстарацыі там няма чаго рабіць. Але адчуваньне нядобрае, што рэстарацыя застанецца на сваім месцы, пратэсты згаснуць і ўсё»

Юлія Чарняўская
культуроляг і пісьменьніца

  • «Я, безумоўна, на баку тых, хто бароніць Курапаты. Але, як часта адбываецца з добрымі справамі, гэта зрабілася ня ў той час. Трэба было гэтым займацца, калі яны толькі набывалі месца для рэстарацыі. Тады павінны былі кінуць кліч на ўсю Беларусь вялікую, каб мы ўсе ўключыліся ў гэты працэс. І тады мы маглі бы неяк перашкодзіць гэтаму вар’яцтву. Ці магчыма ці штосьці зрабіць цяпер? Гэтым сьветам кіруюць грошы, на жаль. Але само гэта па сабе тое, што робяць нашы хлопцы і дзяўчаты, гэта рух да грамадзянскай супольнасьці»

Сергій Лепін
протаярэй, старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы

  • «Курапаты — сьвятое месца. Па-першае, гэта могілкі, па-другое — месца рэпрэсій, або жахлівага злачынства супраць Бога і чалавека, а па-трэцяе — помнік культуры. Калі сапраўды спрэчная тэрыторыя зьяўляецца чымсьці зь пералічанага — хоць бы нечым адным, ня кажучы ўжо пра ўсё адразу, — то ладзіць там нейкія забаўляльныя комплексы недарэчна, няправільна, грахоўна. Вельмі няправільна Курапаты ператвараць у тое месца, дзе беларус варагуе зь беларусам — гэта супярэчыць духу сьвятога месца»

Юры Санько
ксёндз, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі

  • «Касьцёл супраць такіх пабудоў, бо кожнае месца ўшанаваньня — гэта месца сьвятое. Тым больш калі мы называем Курапаты нашай менскай Кальварыяй. Музэй — добрая прапанова. Тым больш калі ў плянах ёсьць стварэньне мэмарыялу „Курапаты“, на дзяржаўным узроўні пра гэта гаворыцца, прэзыдэнт пра гэта ня раз згадваў. У такіх месцах мы павінны задумвацца: а што заўтра будзе з нашымі магіламі? Калі гэта пакутнікі нашай зямлі, то да іх мы павінны адпаведным чынам і ставіцца»

Рыгор Абрамовіч
галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднаньня грамадаў прагрэсіўнага юдаізму

  • «Ёсьць неабходнасьць зрабіць мэмарыял па прыкладзе Трасьцянца. У Яд ва-Шэме ў Ізраілі ёсьць і лекцыйныя залі, і месца прыёму ежы. Пытаньне ня ў тым, што побач, а як гэта ўкладваецца, спалучаецца і не дае забыць гісторыю»

Алена Анісім
сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, старшыня Таварыства беларускай мовы

  • «Тут няма чаго шмат абмяркоўваць. Ёсьць жа паняцьці маралі. Цынічна паводзіць сябе так у адносінах да памяці ахвяраў. І нельга апраўдвацца тым, што ў нас „паўсюль пахаваньні“. Курапаты — не „адно з такіх месцаў“. Курапаты — гэта сымбаль таго перасьледу, генацыду інтэлектуальных сіл беларускага народу, які немагчыма ігнараваць. Курапаты гэтаксама сымбалічныя для нас, як Хатынь і Трасьцянец»

Валер Варанецкі
старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў

  • «На мой погляд, людзі, якія прымаюць рашэньні аб будаўніцтве ў такіх сакральных месцах, зьвязаных з трагедыяй народу і людзкімі ахвярамі, забаўляльных цi падобных установаў накшталт рэстарацыі цi кафэ, павінны ўлiчваць, што гэта можа абражаць пачуцьці іншых людзей. І Курапаты — адно з такіх месцаў народнага смутку, якое патрабуе беражлівага да сябе стаўленьня з боку тых, хто жыве»

Аляксандар Кулінковіч
лідэр рок-гурту «Нейра Дзюбель»

  • «Зразумела, рэстарацыя ня мае рацыі. Даволі дзіўна было рабіць піцейную і карміцельную ўстанову на касьцях. Напэўна, я тут не арыгінальны. У нашым горадзе хапае месцаў, дзе можна гэта зрабіць. Такія месцы, як Курапаты — яны намоленыя. Яны намоленыя ня тое што людзьмі, якія там загінулі, яны намоленыя людзьмі, якія іх абараняюць. І трэба рукі трымаць падалей ад такіх месцаў, як Курапаты. У такі рэстаран я б не пайшоў ні ў якім выпадку, нават за вялікія грошы. Ніколі»

Мікалай Чаргінец
старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі

  • «Ну якія там рэстараны? Рэстарана не павінна быць, гэта зразумела. Што там, памінкі будуць ладзіць? Не. Там будуць песьні-скокі ды іншае. І элемэнтарныя п’янкі. Таму я лічу, што гэтага рабіць нельга. Трэба проста добраўпарадкаваць, даць пабольш інфармацыі пра гэтае месца. Павесіць некалькі такіх добрых шыльдаў. І тыя, хто там робіць рэстаран, лепшы бы далі грошай на гэтую сьвятую справу. Гэта было б правільна»

Ірына Яблонская (Кабасакал)
лекар-дыетоляг

  • «Рэстарацыя ля Курапатаў — блюзьнерства. Нагі маёй там ня будзе. А калі пабачу, што хтосьці там з сяброў чэкініцца — выдалю і заблякую»

Сяргей Далідовіч
лыжнік, удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў і тузіну чэмпіянатаў сьвету, пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету

  • «Вядома, у кожнага свой выбар, але чым больш народу дазнаецца пра расстрэлы, тым меней застанецца наведнікаў. Хіба выпадковыя транзытнікі завернуць, якія нічога толкам ня ведаюць, убачыўшы шыльду пры кальцавой. Прынамсі, я туды дакладна не паеду бавіць час, весяліцца. Было б як мінімум не па сабе»

Уладзімер Карагін
старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальнікаў

  • «Калі ёсьць магчымасьць зрабіць музэй з гэтага будынку, кампэнсаваць патрачаныя сродкі тым, хто іх уклаў, перадаць ад гарадзкіх уладаў для рэстарацыі нейкае іншае месца — лепей пайсьці гэтым шляхам. Ёсьць шмат месцаў у горадзе і пад горадам, на трасе не хапае такіх аб’ектаў»