Упершыню я сутыкнулася з антысэмітызмам даволі дарослай — я скончыла другі курс філфаку і працавала выхавацелькай у адным з аздараўленчых лягераў пад Віцебскам (здаецца, тады, у 1994 годзе, ён яшчэ называўся піянэрскім).
Паставілі мяне на самы старэйшы атрад: дзеці адзінаццатай клясы. Усё было добра, з «піянэрамі» сваімі я ладзіла, любілі яны мяне і паважалі без усялякіх пытаньняў, і мне дастаткова было толькі зрабіць адпаведны выгляд, падняць брыво ці хмыкнуць, каб усё рабілася як сьлед.
Але аднойчы да аднаго хлопчыка з малодшага атраду прыехаў бацька. Кучаравыя, ў жорсткія кольцы, валасы, абвіслы нос, чорныя, бы сьлівы, вочы, прыпухлая вусны... Я б і не задумалася, што ён — габрэй, у нас у сям’і гэтае пытаньне неяк ніколі не дыскутавалася і не ўздымалася наогул...
Калі гэты бацька з сынам пайшлі прагуляцца па лесе за лягернай агароджай, на іх напалі маладзёны ў масках і пагналі па лесе палкамі з воклічамі «Бей жыдоў». Перапалоханыя, але нейкія пакорныя, прыбеглі яны ў лягер, сабралі рэчы і пайшлі да начальніка па дакумэнты малога. Не хацелі нічога тлумачыць — проста зьяжджаем і ўсё, але начальнік адмовіўся аддаваць паперы без тлумачэньняў, і бацька неахвотна прызнаўся: так і так, на нас напалі.
У тую самую сэкунду лягер паднялі па трывозе, пачалі вобшук, і ў маім атрадзе знайшлі гэтыя маскі. Вельмі хутка выявілі і тых, хто бег па лесе з крыкамі. Яны асабліва і не хаваліся, два высокіх хлопца, мае «піянэры», адны з самых улюбёных маіх выхаванцаў.
Памятаю, плачу перад імі ад жаху, крыўды і расчараваньня, а ён, завадатар, гэтак ганарліва кажа мне: «Мой бацька іх біў, мой дзед біў, і я буду біць, пакуль жыву».
Зараз я разумею, што дарэмна тады плакала і ўшчувала яго, гэтага сапсаванага хлопца.
«Я таксама габрэйка, бі і мяне!» — скарыстала я кроплю крыві свайго ці то прапрадзеда, ці то стрыечнага дзеда, выхрыста Янкеля. Хлопец агаломшана ўстаў, падышоў да мяне, угледзеўся ў мой твар і ўпэўнена сказаў: «Не, вы не габрэйка». Увечары за ім прыехалі бацькі, начальнік выгнаў яго зь лягеру.
Зараз я разумею, што дарэмна тады плакала і ўшчувала яго, гэтага сапсаванага хлопца — толькі дала магчымасьць яму дэкляраваць сваю пазыцыю, сфармуляваць яе чарговым раз, адчуць сабе пераможцам. На мой сёньняшні розум я б, канешне, зрабіла іначай. Я б імгненна паказала б яму ўсю сваю пагарду. Я б зрабіла так, каб ім з той самай хвіліны пагарджаў увесь атрад (у мяне б гэта лёгка атрымалася). Я б выкінула ягоныя рэчы з корпусу і дэманстратыўна вымыла б рукі. Ніякай гістэрыкі і сьлёз — толькі пагарда і зьдзіўленьне, што нехта яшчэ можа гэтак ганебна паказаць сабе перад людзьмі.
Мне падаецца, менавіта такое стаўленьне да антысэмітаў, якія раз-пораз падымаюць галаву ці то ў прэсе, ці то ў сацыяльных сетках, найбольш здаровае. Ушчуваць ці абурацца — пф. Вымыць рукі і выкінуць рэчы.
Праўда, паўстае пытаньне, што такое антысэмітызм. Бо, не акрэсьліўшы зразумелыя для ўсіх межы, можна даць прастору для маніпуляцый з адваротнага боку, падобна таму, як, па чутках, недзе прапануюць забараніць «Гекльбэры Фіна» за тое, што ў ім афраамэрыканцы называюцца нэграмі.
Ёсьць у мяне адна прыяцелька — габрэйка, з такіх, як бы гэта сказаць... хрэстаматыйных («Ёся, дадому!» — «А што, мама, я хачу есьці?» — «Не, табе халаднавата!»). Яна калекцыянуе анэкдоты пра Хаймовіча і Рабіновіча. Божа мой, як яна заразьліва сьмяецца, калі ў яе калекцыю нехта прыносіць новенькі, ня чуты яшчэ, экспанат!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.