Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйская грамада ў Магілёве чакае расьсьледаваньня пашкоджаньня помніка ахвярам Галакосту


Аляксей Каплан адцірае камень з выбітымі ў ім далонямі
Аляксей Каплан адцірае камень з выбітымі ў ім далонямі

19 лістапада знак аблілі чорнай фарбай. Пашкоджана пяцьдзесят працэнтаў паверхні. Міліцыя шукае зламысьнікаў. Сьледчым камітэтам распачата крымінальная справа паводле артыкулу «Хуліганства».

Камень з высечанымі на ім далонямі часткова ўдалося адцерці ад фарбы. Гэтым 20 лістапада амаль увесь дзень займаўся жыхар Магілёва Аляксей Каплан.

«Працы, вядома ж шмат. І ня меней гутарак з уладамі. Пакуль працаваў, мінакі выпытвалі, што здарылася? Тлумачыў. Адна з жанчын запыталася, ці ня я вывернуў фарбу. Калі ёй патлумачыў у чым справа, то яна сказала, што хацела ўжо «са мною бойку пачынаць», — напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Аляксей.

Абліты фарбай памятны знак
Абліты фарбай памятны знак

Аляксей Каплан называе здарэньне вандалізмам і спадзяецца на яго аб’ектыўнае расьсьледаваньне. Пакуль ён устрымліваецца акцэнтаваць увагу на тым, што абліты помнік — праява антысэмітызму.

Магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў, які вырабіў памятны знак, таксама пазьбягае пакуль ужываць азначэньне «антысэмітызм». І хоць майстар лічыць, што аблілі знак наўмысна, усё ж спадзяецца, што гэта зрабілі «здуру».

Рэстаўрацыя памятнага знаку будзе вымагаць немалых выдаткаў. Паводле скульптара, трэба наноў працаваць над высечанымі ў камяні далонямі. «Іх давядзецца перарабляць цалкам», — кажа ён. Падобную працу майстар рабіў і тады, калі памятны знак аблілі ў 2012 годзе.

Памятны знак і пасьля адціраньня фарбы застаецца брудным
Памятны знак і пасьля адціраньня фарбы застаецца брудным

Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зьняволеных габрэяў. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі.

Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі грамадой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG