15 чэрвеня працягнулася пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим», якая з 4 чэрвеня запрацавала ў 50 мэтрах ад Курапатаў. Паводле графіку, пра які раней дамовіліся лідэры пратэстоўцаў, сёньня вахту каля Курапатаў мусілі трымаць актывісты «Маладога фронту».
Сустаршыня арганізацыі Зьміцер Дашкевіч з жонкай Настай і малымі дзецьмі прыехалі да рэстарацыі апоўдні. Зьміцер, уключыўшы мабільны тэлефон на стрым, пайшоў зь візытам у рэстарацыю. Пасьля распавёў, што спрабаваў прысароміць яе супрацоўнікаў і заклікаў спыніць працу ў «кабаку на костках». Таксама Дашкевіч пакінуў запіс ў кнізе скаргаў і прапаноў. Сказаў, што бачыў у кнізе ранейшыя крытычныя допісы Паўла Севярынца і Аляксея Туровіча, а яшчэ «5 допісаў з падзякамі».
«Відаць, сваякоў папрыводзілі, каб тыя расьпісаліся. Ніхто да іх ня пойдзе, бачыў толькі пару наведнікаў», — падвёў вынік візыту ў «Поедем поедим» Зьміцер Дашкевіч.
Што да самога пікету, то на прапанову Зьмітра Дашкевіча сёньняшняе дзяжурства праходзіла ў іншым, «мяккім» фармаце. Пікетоўцы не перашкаджалі праезду аўтамабіляў на тэрыторыю рэстарацыі, а толькі раздавалі наведнікам буклеты пра Курапаты ды спрабавалі прысароміць.
Але часам гаварыць не было пра што. Гэтак, наведнік на белай «Audi» адразу вярнуў курапацкі буклет, а бел-чырвона-белы сьцяг назваў «польскай анучай».
«Гэты — ідэйны, ён адмыслова прыехаў, каб паесьці ў гэтым кабаку на костках. Ну хай паесьць, калі яму гэтак хочацца», — сказаў Зьміцер Дашкевіч, адышоўшы ад «Audi».
Зьменены сёньня фармат пікетаваньня маладафронтавец патлумачыў так:
«Хто ведае, ці будуць сілы тут стаяць яшчэ месяц? Але стаяць гэтак, што ў абед не пускаць машыны, а ў вечар, калі ўсе сыходзяць, яны зноў едуць, ня мае сэнсу. Лепш не злаваць людзей, а тлумачыць ім, заклікаць да сумленьня».
А што думаюць самі пікетоўцы пра зьменены фармат пікету?
Сьвятаславу Галецкаму 69 гадоў, ён працуе інжынэрам, хоць даўно на пэнсіі. Кажа, што прыехаў на пікет па закліку сэрца:
«Абураны. Як гэтак можна: рэстаран! Тут?».
Сьвятаслаў некалькі гадзін пад дажджом стаяў зь бел-чырвона-белым сьцягам з «Пагоняй» каля брамы рэстарана. Пад аўтамабілі не кідаўся, але, відаць, быў гатовы і да больш рашучых дзеяньняў.
«Ды сорамна мне, што нас, беларусаў, тут гэтак мала. Згодны з Алексіевіч, якая сказала, што ў любой нармальнай краіне такая сытуацыя прывяла б да таго, што тут стаяла б 10 тысяч. Ні ў якім разе ня мусіць быць тут, побач з Курапатамі, нейкі рстаран. Ды яшчэ пабудаваны праз карупцыю, гэта відавочна. Вось дзе той БРСМ, чаму іх тут няма?».
Сьвятаслаў згадаў, як летась у лютым прыяжджаў на абарону Курапатаў, калі побач з кальцавой хацелі пабудаваць бізнэс-цэнтар. «О, тады нас было болей!»
Браты Ўладзімер і Аляксей Сманцары прыехалі ў Курапаты з Барысава. «А што тут ехаць? Раз і ўсё. Шмат чыталі пра гэтую сытуацыю, абураемся. Вось я з кім ні гаварыў, усе супроць гэтай рэстарацыі. Як можна! І ўжо ўсе пра гэта ведаюць, дзякуючы вам» — выказаўся Ўладзімер, які працуе спартовым трэнэрам.
Ягоны брат Аляксей падхапіў тэму.
«І ў мяне не ўкладваецца гэта ў галаве — як можна было пабудаваць гэты рэстаран упрытык да месца масавых забойстваў! Гэта ж проста на фоне крыжоў сталы стаяць».
Пра сябе Аляксей сказаў, што займаецца бізнэсам, прычым даволі спэцыфічным, пахавальным, і добра ведае стаўленьне людзей да тэмы шанаваньня памяці продкаў.
«Гэта ж заўсёды ў нашай традыцыі было — памятаць і шанаваць, а тут — такое блюзьнерства! І яшчэ пытаньне да тых, хто тут робіць бізнэс: няўжо складана было пралічыць на тры крокі наперад, што нашы людзі не проста сюды не паедуць, а іх абурыць зьяўленьне тут рэстарацыі? І як тады адбіць укладзеныя грошы, а тут укладзена яўна не 10 тысяч», — выказаўся Аляксей.
На маё пытаньне, у якой форме на іх думку варта весьці пікетаваньне рэстарацыі — з блякаваньнем праезду аўтамабіляў ці не — браты Сманцары адказалі, што для іх лепш як сёньня.
«Ня варта прымушаць людзей да міру. Лепш тлумачыць сваю пазыцыю і агітаваць з дапамогай зразумелых аргумэнтаў: памяць, сумленьне, закон. Той, каго прысаромяць аднойчы, сюды больш і сам не паедзе, а каму сьцяг як ануча — таго не пераробіш. Яму ануча, а як мне — дык гэта сымбаль супроцьстаяньня таму, што нам "упіхваюць" у галовы праз БТ», — сказаў адзін з братоў. Пры гэтым, як сказалі браты-пікетоўцы з Барысава, яны не прыхільнікі, але і не праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі. «Проста абурыла, што гэтак абыходзяцца з нашай памяцьцю».
Пасьля абеду, зазірнуўшы чарговым разам ў Фэйсбук, раптам прасьвятлеў тварам Сьвятаслаў Галецкі. «Гляджу, а тут пішуць, што ўжо і ў БРСМ выказаўся супроць гэтай рэстарацыі! Ужо цікава!»
Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным сёньня, як і раней, здаля назіралі за пікетам каля рэстарацыі «Поедем поедим», але ня ўмешваліся. Пасьля 3 гадзінаў дня вахту падтрымала актывістка Ніна Багінская. Да таго часу складзеных пратаколаў на пікетоўцаў не было.