6 чэрвеня 2018 году праграма «Наше утро» на канале АНТ нечакана была названая «Нашай раніцай», а вядоўцы Люцыя Герашчанка і Герман Цітоў загаварылі па-беларуску.
Прэсавая сакратарка АНТ Сьвятлана Ціханава сказала Свабодзе, што гэта экспэрымэнт. Гаварыла яна па-расейску.
«Два гады запар 21 лютага, у Дзень роднай мовы, усе навіны на нашым канале выходзілі па-беларуску. Мы атрымалі вельмі станоўчыя водгукі гледачоў. Таму вырашылі працягнуць экспэрымэнт. І раз на месяц, у першую сераду, праграма „Наша раніца“ і ўсе выпускі навін будуць выходзіць па-беларуску. Тым больш, 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы», — кажа Сьвятлана Ціханава.
У праграме «Наша раніца» нават гараскоп і анонс «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» пераклалі на беларускую мову. Гасьцей у студыю запрасілі таксама беларускамоўных: намесьніка Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзіма Лакізу, арнітоляга з грамадзкага аб’яднаньня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Максіма Нямчынава.
Сюжэты ў «Нашай раніцы» былі з нацыянальным ухілам: агульная беларуская дыктоўка, мастацкая выстава «Мой таямнічы сад», вясельле ў народным стылі, мода на вясельныя строі, сьвята музыкі ў Нацыянальным гістарычным музэі.
А вось «Нашы навіны», прынамсі а 18 гадзіне, выйшлі як звычайна — па-расейску. Дый на сайце тэлекампаніі па стане на 18.00 6 чэрвеня ў стужцы навінаў 46 матэрыялаў было на расейскай мове, і толькі 6 — па-беларуску.