Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чэхіі паўторна прызначыў прэмʼерам Андрэя Бабіша


Андрэй Бабіш
Андрэй Бабіш

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман паўторна прызначыў прэмʼер-міністрам краіны лідэра папулісцкага руху ANO («Акцыя незадаволеных грамадзян») мільярдэра Андрэя Бабіша. Урачыстая цырымонія прайшла ў Праскім градзе.

Бабіш павінен сфармаваць кабінэт міністраў да 17 чэрвеня. Да гэтага дня скончыцца ўнутрыпартыйны рэфэрэндум у Чэскай сацыял-дэмакратычнай партыі, зь якой ANO плянуе стварыць кааліцыю. Сацыял-дэмакраты разьлічваюць на пяць месцаў з 15-ці ў новым чэскім урадзе, у тіым ліку на пасаду міністра замежных спраў. Да 10 ліпеня Бабіш павінен зьвярнуцца ў парлямэнт па вотум даверу для свайго кабінэта.

Рух ANO на чале з Бабішам стаў пераможцам на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2017 году, аднак не атрымаў абсалютнай большасьці галасоў. У студзені парлямэнт Чэхіі адмовіў у вотуме даверу ўраду, які сфармаваў Бабіш. Аднак прэзыдэнт Чэхіі заявіў, што даручыць лідэру ANO ізноў сфармаваць кабінэт.

Андрэй Бабіш — буйны прадпрымальнік у сфэры аграпрамысловага бізнэсу. Паліцыя падазрае яго ў махлярстве пры атрыманьні субсыдыі ад ЭЗ у памеры двух мільёнаў эўра. Факт парушэньняў пацьвердзіла Эўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам. Бабіш усе абвінавачваньні адпрэчвае і называе іх палітычна матываванымі.

5 чэрвеня ў Празе і іншых гарадах Чэхіі прайшлі антыўрадавыя дэманстрацыі. Паводле арганізатараў акцыі пратэсту ў Празе, пэтыцыю за адхіленьне Бабіша ад пасады падпісалі 250 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG