У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца Алена Брава.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Як заўсёды — некалькі паралельна.
«Пасьля сьмерці, назаўтра». Выбранае румынскай паэткі Аны Бландыяны. Вельмі ўдала ўкладзены зборнік філязофскай лірыкі і кароткіх эсэ. Праз побытавыя замалёўкі, тонкія апісаньні ўнутраных станаў пісьменьніца здолела распавесьці пра месца свайго народу ў сьвеце, пра жыцьцё і сьмерць.
Як гэта страшна: сваю адзіную сапраўдную кнігу пісаць у стол
Юры Нагібін, «Дзёньнік». Вядомы са школы сярэдняй рукі бэлетрыст нечакана выявіўся тонкім назіральнікам з поглядам бязьлітасным, у тым ліку да самога сябе. Савецкая рэчаіснасьць зь яе крывадушнасьцю, зьнішчальныя партрэты «саўпісаў», літаратурныя «пагромы», падзеі асабістага жыцьця — і ўсё гэта на тле «эпохальных событий, которые, кроме короткого продыха так называемой оттепели, казались мне зловещим шутовством». Свае нататкі Нагібін вёў з 1942 году і надрукаваў толькі ў 1994-м, калі стала «можна». Не захацеў падзяліць лёс Андрэя Платонава, чыё пахаваньне апісвае? Баяўся быць выціснутым з краіны? Як гэта страшна: сваю адзіную сапраўдную кнігу пісаць у стол.
Дачытваю раман Анкі Ўпалы «На засьнежаны востраў». Сьветлая, празрыстая проза, крыху беларускага сонца ў халоднай вадзе швэдзкіх ляндшафтаў. Засяроджаная назіральніца асэнсоўвае найважнейшыя праблемы нашага часу — гвалт, дыскрымінацыю, ксэнафобію.
Нясьпешна чытаю кнігу эсэ пра кінэматограф Славоя Жыжэка.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
«Арэлі дыханьня» Герты Мюлер. Хоць і даўно прачытана «лягерная» проза Шаламава, Салжаніцына, пакуты героя Мюлер у савецкім працоўным лягеры ўражваюць, а паэтычны стыль пісьменьніцы заваблівае. Лягерны побыт апісваецца з вобразнасьцю, якая кантрастуе з жахлівай паўсядзённасьцю і на ўзроўні мовы высьвечвае антычалавечую сутнасьць таго, што адбываецца.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
І рэцэнзіі, і прэміі, безумоўна, маюць значэньне, бо спрыяюць таму, што пра кнігу, прынамсі, пачуюць. У наш час вартая кніга можа кануць у нябыт, не раскаштаваная чытачом, калі пра яе не гавораць, ня пішуць у мэдыях. Зь іншага боку, шум вакол кнігі не гарантыя таго, што яна — вартая. Перш чым купіць, стараюся прачытаць фрагмэнт. Кожны шукае ў кнігах штосьці сваё. Аднаму важны сюжэт і каб «лёгка зайшло», другому — да якіх і я належу — рэфлексіі, «унутраныя станы», іронія, інтэлектуалізм, небанальныя стыль, мова.
Самая цікавая рэч, пра якую даведаліся з кніг…
Мастацкую прозу чытаюць ня дзеля набыцьця ведаў
Мастацкую прозу чытаюць ня дзеля набыцьця ведаў, хіба не? У дасьледчыцкіх работах аўтар — суразмоўца, ад якога чакаеш, зноў жа, ня фактаў, а меркаваньняў, хоць не заўсёды зь імі пагаджаесься. Апошнім часам цікаўлюся эстэтычным кодам розных творцаў, у тым ліку вялікіх рэжысэраў кіно. Даўно заўважыла, што ў Гічкока адзін і той жа візуальны вобраз можа шмат разоў паўтарацца ў фільме, прычым у розных варыяцыях. Да нядаўняга часу была схільная разглядаць тыя вобразы-паўторы як апэляваньне да сымбаляў-архетыпаў паводле юнгіянскага псыхааналізу, якім у свой час захаплялася. А Славой Жыжэк лічыць: візуальныя матывы ў Гічкока цалкам самадастатковыя, рэжысэр канструяваў пад іх сюжэт. Ёсьць пра што падумаць.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
Гадоў дваццаць таму з захапленьнем прачытала «Сідхартху», «Гульню ў бісэр» і іншыя творы Германа Гесэ. Авось «Стэпавага воўка» — параўнальна нядаўна.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Заўсёды стараюся прачытаць новыя творы Андрэя Федарэнкі, Сьвятланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Арлова, Марыі Мартысевіч, Насты Кудасавай, Валянціны Аксак, Юліі Цімафеевай, Андрэя Хадановіча, Тацяны Заміроўскай, Тані Скарынкінай, Барыса Пятровіча, Сьвятланы Курс, Зьміцера Вішнева, Людмілы Рублеўскай, Адама Глобуса, Тацяны Барысік, Андруся Горвата, Зьміцера Бартосіка, Валерыя Гапеева. У свой час была ўражаная раньняй прозай Юрыя Станкевіча. Сярод запатрабаваных кніг у мяне на паліцах творы Герты Мюлер, Вольгі Такарчук, Пэтэра Гандкэ, Кэндзабура Оэ, Дорыс Лесінг, Крысты Вольф. З павагай стаўлюся да творчасьці Людмілы Петрушэўскай, Сяргея Юр’енена. Крытычныя і літаратуразнаўчыя працы Ірыны Шаўляковай, Ганны Кісьліцынай, Ціхана Чарнякевіча, Леаніда Галубовіча, Тацяны Фіцнер, Юнэлі Сальнікавай, Паўла Абрамовіча, маладых крытыкаў Ганны Янкуты, Жанны Капусты ня менш цікава чытаць, чым мастацкія тэксты.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Горкая іронія «Дзёньніка» Ю.Нагібіна выклікае змрочную ўсьмешку. «Снова очереди, снова исчезло мыло, снова смертная тоска надвигающейся героической поры». «Если тебе дан приказ взять город, а в нем достать между прочим тушь, то ты можешь взять город и все-таки получить взыскание, если ты при этом забыл о туши…» З асалодай перачытваю бліскучыя сатырычныя характарыстыкі пэрсанажаў у Набокава.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Апошнім часам — не. У маладосьці здаралася: на нейкім месцы кнігі адчуваеш боль, унутраны супраціў ажно да немагчымасьці чытаць далей. Разьбіраесься — як правіла, кніга разбурае нейкае тваё няслушнае меркаваньне. Бо сьвядомы выбар культурных установак — не больш, чым міт: бацькоўскія прадпісаньні, казкі, кіно, літаратура і г.д. у дзяцінстве-юнацтве пранікаюць у нас незаўважна, усё гэта мы потым лічым «сваім меркаваньнем». На шчасьце, дарослы чалавек здольны пераасэнсоўваць тое, чаму быў навучаны. Так грамадзтва рухаецца да цывілізаванасьці. Упэўнена: разумная кніга здольная зьмяніць жыцьцё, бо дапамагае нам мяняць саміх сябе.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Расчароўвае, калі таленавіты аўтар пачынае «штампаваць» прадукцыю нізкай якасьці
Расчароўвае, калі таленавіты аўтар, напісаўшы дзьве-тры добрыя кнігі, якія мелі заслужаны посьпех, пачынае «штампаваць» прадукцыю нізкай якасьці. Пару разоў такім чынам выкінула энныя сумы, бо «павялася» на знаёмае імя. Беларуская літаратура, прынамсі, ад спакусы камэрцыялізацыі абароненая (хоць рука не падымаецца дапісаць «на шчасьце»).
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Батальную прозу, любоўны раман. У гістарычнай літаратуры аддаю перавагу дакумэнталістыцы. Не цікаўлюся фэнтэзі, фантастыкай, выключэньне — творчасьць Урсулы Ле Гуін, але гэта незвычайныя фэнтэзі, фантастыка.
«Мая сьвякроўка была гатовая аддаць жыцьцё за камандантэ Кастра»
Як вы любіце чытаць?
Аддаю перавагу папяровай кнізе, хоць апошнім часам усё часьцей даводзіцца чытаць з ноўтбука. Раніцай не чытаю, толькі вечарам.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Разьмяшчаюцца на паліцах, у шафах, нічога арыгінальнага. Канечне, ведаю, дзе стаіць беларуская літаратура, дзе — сусьветная (расейская ў тым ліку), а дзе энцыкляпэдыі са слоўнікамі.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Тых, хто мяне добра ведае, пэўна, зьдзівілі б некалькі знаходак з асартымэнту масавай культуры — не на кніжных паліцах, а ў іншым месцы. Гэтыя кніжныя прадукты трапілі да мяне ў розны час, ад выпадковых людзей. Усё зьбіраюся пазбавіцца ад іх, і не даходзяць рукі.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Мне часта дорыць кнігі сястра. Нядаўна падарыла «Музэй закінутых сакрэтаў» Аксаны Забужкі. А калі ўспомніць школьныя часы, аднаклясьніца падарыла «Каласы пад сярпом тваім», з чаго пачалася мая цікавасьць да беларускай літаратуры.
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
У мяне ёсьць толькі ўлюбёныя пісьменьнікі, якія дасканала раскрываюць вобразы сваіх герояў/антыгерояў. Адкуль герой зьявіўся «во всей красе»? Навошта аўтар пра ўсё гэта расказвае? І — як гэта зроблена. Бывае, пэрсанаж да немагчымага агідны, але па-майстэрску напісаны, як Клег у «Калекцыянэры» Фаўлза. А бывае герой сымпатычны і «правільны», але схэматычны, нежывы, і нічога за ім не стаіць, акрамя аўтарскага патасу. Аддаю перавагу першаму варыянту, хоць, безумоўна, нельга сказаць, што Клег — мой улюбёны герой.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі з дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
У маім раньнім дзяцінстве ўсё было вельмі традыцыйна
У маім раньнім дзяцінстве ўсё было вельмі традыцыйна: казкі пра Папялушку, Чырвоны Каптурок, Сьпячую Прыгажуню. Не затрымаліся Д’Артаньян з рыцарам Айвэнга і да іх падобныя. У падлеткавым узросьце я часта праводзіла лета ў сваякоў, якія выпісвалі поўныя зборы твораў замежных клясыкаў. На этажэрцы ў вясковых інтэлігентаў стаялі тамы Бальзака, Стэндаля, Гюго, Заля, Флябэра (чамусьці перакос быў у бок французаў). Я праглынала том за томам пра куртуазныя жарсьці арыстакратаў — і адпраўлялася за два кілямэтры пехатой у вясковую краму па хлеб. Віно там прадавалася амаль у любы час сутак, а хлебавозка прыяжджала не кожны дзень і па непрадказальным графіку. Жанчыны чакалі хлеба, мужчыны набывалі віно. Часам бакі канфліктавалі між сабой, ужываючы лексэмы, не прызначаныя для друку. Я адкрывала томік Мапасана і ўсаджвалася ў цянёк, але неўзабаве даводзілася вярнуцца ў чаргу, бо ў цяньку складзіравалі мужчын, якія зашмат «ужылі». Тым часам Жорж Дзюруа вынаходліва спакушаў сваю чарговую ахвяру.
У пятнаццаць гадоў я прачытала ўсю «Чалавечую камэдыю»
У пятнаццаць гадоў я прачытала ўсю «Чалавечую камэдыю», пасьля чаго мне стала вельмі сумна жыць. Бо я ўсё ўжо ведала пра людзей! У старэйшых клясах — захапленьне Дастаеўскім: «Злачынства і пакараньне», «Прыніжаныя і абражаныя», «Ідыёт», «Браты Карамазавы».Талстой, Чэхаў, Купрын, Леанід Андрэеў. Як першая любоў — Караткевіч: «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Ладзьдзя Роспачы». А потым захапленьне Багдановічам, Барадуліным, Янішчыц… Я жыла літаратурай — іншага жыцьця проста не было. Амаль паводле Бродзкага: «Кнігі зрабіліся нашай першай і адзінай рэчаіснасьцю, тады як сама рэчаіснасьць лічылася лухтой і нудотай».
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Тут названы ўжо не адзін дзясятак вартых кніг і аўтараў — можна выбраць чытаньне на любы густ.
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Сьюзэн Зонтаг, Жан-Поль Сартр. Было б добра запрасіць і сучаснага беларускага аўтара прозы — экзыстэнцыйнай і інтэлектуальнай. Чаму б не Тацяну Заміроўскую?
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Вы сур’ёзна? Прыватная гісторыя беларускай пісьменьніцы наўрад ці прыцягне ўвагу сучасьніка, а пра будучыя пакаленьні нічога сказаць не магу. Спадзяюся (зрэшты, гэта ўжо ёсьць) на ўвагу з боку дасьледчыц, якія знойдуць у маіх тэкстах тэмы і досьвед, які многія жанчыны захоўваюць глыбока ўнутры сябе як нешта асабістае. Дасьледчыц, якія адчуюць, што з маіх кніг гаворыць боль, які раней быў пазбаўлены голасу і вось загучаў па-беларуску.
Што вы перачытваеце?
«Дзёньнікі. Лісты да Фэліцыі» Франца Кафкі, раманы Габрыэля Гарсія Маркеса, Уладзімера Набокава, прозу Міхася Стральцова, паэзію Алеся Разанава, Іосіфа Бродзкага, Дануты Бічэль, Рыгора Барадуліна. Час ад часу бяру ў рукі «Энцыкляпэдыю сымбаляў» Вольфганга Баўэра, унікальную кнігу па гісторыі культур розных народаў сьвету, сымболіцы і міталёгіі.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
«Музэй закінутых сакрэтаў» Аксаны Забужкі. «Завінены рай» Валянціны Аксак. «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Анталёгію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду «Бліскавіцы». Кнігу Маргарэт Этвуд «Пэнэляпіяда», дзякуючы кампаніі «Амэрыканка» буду мець магчымасьць прачытаць яе па-беларуску.