Аналітыкі, дыпляматы, дасьледнікі, амбасадары, чыноўнікі і дэпутаты ў менскім гатэлі Marriott тры дні будуць абмяркоўваць «бясьпеку для ўсіх» ува Ўсходняй Эўропе.
«Мы хочам, каб Менск быў пляцоўкай рэальнага дыялёгу», — заявіў, адкрываючы форум, 32-гадовы кіраўнік ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман.
У сталіцы пачаўся Міжнародны форум «Менскі дыялёг». Фотарэпартаж
Запрашэньне да маштабнай дыскусіі і арганізацыю «Менскі дыялёг» узяў на сябе, яшчэ год таму заручыўшыся абяцаньнем Аляксандра Лукашэнкі далучыцца да форуму.
Міністар замежных справаў Уладзімер Макей на форуме шмат расказвае пра ініцыятыву кіраўніка Беларусі пад назвай «Хэльсынкі-2» — пачаць маштабны міжнародны дыялёг наконт бясьпекі.
«Я сказаў у сваім уступным слове, што калі сядзець, нічога не рабіць і чакаць, што на нас сыдзе манна нябесная, што вялікія геапалітычныя гульцы, занятыя сёньня бойкай паміж сабою, калі-небудзь зьвернуць увагу на інтарэсы малых і сярэдніх краінаў, то нічога не атрымаецца. Трэба паспрабаваць хаця б нешта зрабіць у гэтай сытуацыі. Раней ці пазьней гэта прынясе плады», — тлумачыць міністар пасьля адкрыцьця форуму журналістам.
Вонкава падзея выглядае аднастайна — шмат мужчын у дзелавых гарнітурах з бэджамі на грудзях. Жанчын мала. Але арганізатарам удалося сабраць ня толькі ўдзельнікаў з розных краінаў і ўстановаў, але і ідэалягічных праціўнікаў.
«Пасадзілі мяне паміж удзельнікамі з Украіны і Малдовы», — ці ня скардзіцца падчас выступу кіраўнік расейскага Цэнтру дасьледаваньняў краінаў блізкага замежжа Вячаслаў Халадкоў. Натуральна, суседзі ў папярэдніх выступах ужо распавялі, як паводзіць сябе Расея ў іхных краінах.
«Украіна ёсьць аб’ектам агрэсіі, — кажа прэзыдэнт Украінскай асацыяцыі замежнай палітыкі Ўладзімір Хандогі, — Зыходзячы з гэтага, мы выбіраем сваю формулу гарантаваньня бясьпекі. І гэта — сяброўства ў НАТО».
Дачыненьні паміж расейскімі і ўкраінскімі экспэртамі маюць пэрспэктыву стаць галоўнай інтрыгай форуму. Ці ня ў кожным выступе сытуацыя ва Ўкраіне называецца асноўнай небясьпекай у рэгіёне.
Выступ таго ж Халадкова адзіны ў панэлі, які аўдыторыя не вітала воплескамі. Пазьней ён патлумачыць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне тым, што Эўропа прымусіла апошнюю выбіраць паміж асацыяцыяй з ЭЗ і Мытным зьвязам.
«Насамрэч гэта цывілізацыйны выбар насельніцтва Ўкраіны, — падсумоўвае Хандогі. — Але ў расейскіх экспэртаў бываюць і больш жорсткія выказваньні».
У перапынках паміж дыскусійнымі панэлямі ўдзельнікі зьбіваюцца ў «групы па інтарэсах». Вось ідэоляг і дэкан БДУ Вадзім Гігін у кампаніі кіраўніка аналітычнага цэнтру EcooM Сяргея Мусіенкі і ўдзельніка «Цытадэлі» Аляксандра Шпакоўскага.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая вітаецца з усімі. Прадстаўнікі замежных дыпляматычных ведамстваў сабраліся вакол кіраўніцы прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын. Украінскія і расейскія ўдзельнікі пакуль што паміж сабой стараюцца перасякацца толькі на панэлях.
Беларусь згадваюць ня так часта. Пераважна — як пляцоўку для Менскіх пагадненьняў. Ці ўспрымаецца ва Ўкраіне пазыцыя Беларусі на гэтых перамовах як самастойная?
«Я скажу шчыра, — кажа для Радыё Свабода Ўладзімір Хандогі. — Не ўспрымаецца яна як самастойная. Зь вельмі простай прычыны — Беларусь ёсьць удзельніцай „Саюзнай дзяржавы“. Спробы Беларусі адыгрываць сваю ролю ў міжнароднай палітыцы мы вітаем, але надта ўжо вузкія гэтыя рамкі, дзе Беларусь можа недзе выступіць і прапанаваць сваё».
Склад сьпікераў першага дня аўтарытэтны: тут і дырэктар у палітычных пытаньнях Рады Эўропы Аляксандар Гесэль, і кіроўны дырэктар фірмы «Кісынджэр і партнэры» Томас Грэм, дырэктар Міжнароднага інстытуту міру Ганэс Свобада, дырэктарка нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапэйскіх і палітычных дасьледаваньняў Гвэндалін Засэ.
Узровень форуму падымае і абяцаная прысутнасьць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як удалося ўгаварыць яго ўдзельнічаць?
«Ніхто не ўгаворваў», — адказвае адзін з кіраўнікоў «Менскага дыялёгу» Дзяніс Мельянцоў.
«Нам пашанцавала, што так зоркі склаліся, — працягвае ён. — Ёсьць зацікаўленасьць беларускага ўраду ў такіх фарматах — непалітызаваных, нястрашных, якія асабліва ані да чога не абавязваюць, але дэманструюць Беларусь як дамоўную, экспэртную, дыскусійную пляцоўку. А зь іншага боку, за апошнія 4 гады, з пачатку асноўных падзеяў ва Ўкраіне, падвышаецца цікавасьць да рэгіёну і да Беларусі як краіны больш нэўтральнай, чым яна была раней».
Яшчэ адзін фактар, паводле Мельянцова: да «Менскага дыялёгу» як ініцыятывы «ёсьць павага». І гэтыя тры фактары склаліся ў адно — 23–25 траўня ў Менску паўтысячы экспэртаў сабраліся пагаварыць пра бясьпеку ў рэгіёне.
«Летась, калі была вялікая размова з прэзыдэнтам, Яўген Прэйгерман задаваў (Аляксандру Лукашэнку. — РС) пытаньне: калі б адбылася такая канфэрэнцыя, ці не паўдзельнічаў бы ён? І прэзыдэнт тады пагадзіўся. Зараз ужо трэба выконваць свае абяцаньні», — кажа Мельянцоў.