Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як на беларускім Палесьсі захоўваюць традыцыйнае бортніцтва


20 траўня Беларусь, як і многія краіны, упершыню адзначае Ўсясьветны дзень пчол, вызначаны летась Генэральнай асамблеяй ААН на прапанову Славеніі. Свабода распавядае, як на беларускі Палесьсі захоўваюць традыцыйнае бортніцтва.

Пчолы ды іншыя кузуркі-апыляльніцы разглядаюцца як неад’емны складнік глябальнага харчовага ланцуга: ад іх залежыць харчовая бясьпека, а таксама істотны даход — штогод 577 мільярдаў даляраў ЗША.

У Лельчыцах, на поўдні Гомельшчыны, 20 траўня адбудзецца адмысловая канфэрэнцыя, на якая спэцыялісты і патомныя бортнікі будуць абмяркоўваць, як зьберагчы пчол і пчалярства на Беларусі. І невыпадкова. Бо менавіта ў гэтым кутку беларускага Палесься найбольш захавалася старадаўняе мядовае рамяство.

Лельчыцкія борці
Лельчыцкія борці

Сьвятая кузурка з джалам

Палешукі здавён ставіліся да пчалы амаль як да сьвятой істоты. Вядома, найперш дзякуючы карыснаму прадукту, які ўмее вырабіць толькі пчала.

«Усё ў іх на ўзроўні высокаарганізаванага грамадзтва. Каб і ў дзяржаве гэтак, мы б на цукар забыліся», — кажа заўзяты бортнік Адам Ашомка зь вёскі Баравое Лельчыцкага раёну.

Пчаліны соцыюм не перастае зьдзіўляць сваёй уладкаванасьцю нават бывалых адмыслоўцаў. У вульлі пануе матрыярхат з каралевай-маткай на вяршыні. Але ж і спэцыялізацыя: тут табе ўласна зьбіральнікі мёду, так званыя рабочыя пчолы, тут ахоўніцы, будаўніцы сотаў, «вэнтыляцыйніцы», каб асьвяжаць «пакоі» трымценьнем крылаў. Тут свае выведніцы, альбо, як кажуць палешукі, пахадкі.

Ёсьць і мужчынская частка вялікага сямейства, названая, аднак, не зусім прэстыжна: трутні! Бязь іх працяг пчалінага роду хоць і выглядае няпэўным.

Рамяство з акалічнасьцямі

У Баравым захавалі дзедаўскае пчалярства — бортніцтва.

«У мяне і бацька, і дзед займаліся лясным бортніцтвам. І я прызвычаіўся, лічы, з маленства, да гэтага занятку пад наглядам бацькі», — так тлумачыць сваё даўняе захапленьне Васіль Назаранка, яшчэ адзін аматар ляснога пчалярства.

У пяцідзесяцігадовага палешука ў ваколіцах Баравога ажно 40 борцяў — вульляў-калодаў, зацягнутых на разлапістыя сосны й дубы.

Васіль стала працуе абпальнікам на невялічкай цагельні ў Маркоўскім, а вольную часіну аддае борцям. Ад дзеда ў яго засталіся і бортніцкія прыстасаваньні. Найперш гэта лезіва альбо жэнь — скураная амаль дваццацімэтровая вяроўка з драўлянай сядушкай і дубовым крукам. Гэткі варыянт дзедаўскага альпінісцкага рыштунку.

Жэнь дапамагае бортніку, які забраўся на дрэва, сядзець перад борцю на вышыні, даглядаць яе, рамантаваць пры патрэбе і, вядома, даставаць мёд у канцы летняга сэзону.

Букет для борці

У травеньскія дні клопат у Васіля каля борцяў асаблівы: тварыць! Так называецца догляд борцяў з элемэнтамі сьветлага чараўніцтва.

Калі калода-вулей новая альбо рой у ёй не перазімаваў, трэба такую калоду вычысьціць, нацерці пахучымі расьлінамі для прынады новага пчалінага сямейства. Пчолы — насельнікі з добрым густам і адметнай ахайнасьцю. На абыякавасьць не вядуцца.

Васіль Назаранка з паўахапкам багуну
Васіль Назаранка з паўахапкам багуну

Перш чым падняцца да борці, Васіль наламаў у гушчары паўахапку багуну. Цяпер ён цьвіце, водар яго асабліва адчувальны.

«У борцяў багата і нядобразычліўцаў, — заўважае бортнік. — Найбольш часта паўзуць да іх мурашы. Бывае, шэршні нападаюць. Жаўна шукае ў калодзе слабіну, каб прадзяўбці сабе «вакно».

Бортнік кажа, што і куніца ўзімку ня супраць прагрызьці борць, каб паласавацца мёдам, а заадно і зьнерухомленымі ў сьпячцы пчоламі. Слабыя месцы ў борці даводзіцца «жалязьніць» — набіваць бляшаную латку альбо мэталёвую сетку.

Цікавімся ў патомнага бортніка Назаранкі, ці можа пчаляр жыць з гэтага рамяства.

«Трэба мець як найменей паўсотні борцяў, адмыслова займацца імі. Я дык больш для сябе й сваякоў мёд зьбіраю. Гэта ў мяне занятак для душы, для самога сябе і, вядома, у падтрымку прыроды. Ня будзь пчол, апыленьня расьлін зь іх дапамогаю, дык і ўраджай змарнее», — лічыць Васіль Назаранка.

Палешукі як людзі назіральныя і блізкія да прыроды даўно заўважылі: гудуць пчолы ў садзе ды гародзе — і ўраджай добры.

Сёлета ў красавіку сытуацыя выглядала іначай. Вішні, чарэшні ды сьлівы цьвілі рана, калі пчолы яшчэ не раскатурхаліся пасьля зімовай сьпячкі. Адпаведна й завязі мала на пладовых косткавых дрэвах.

Борць на вясельле

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, у Лельчыцкім раёне цяпер каля 200 бортнікаў. Прынамсі, такую лічбу называе экспэрт у сфэры аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэгіна Гамзовіч. У тым жа Баравым добры дзясятак вяскоўцаў маюць у лесе борці.

У тым ліку і ўжо знаёмы нам Адам Ашомка, былы калгасны трактарыст і загадчык гаражу. Ягоная жонка Натальля кажа, што ў побыце ў спажытак ідзе ня толькі мёд, але й пабочныя прадукты пчалярства. Старыя вашчыны плавяць на воск — зь яго дагэтуль робяць сьвечкі. Праполіс ідзе на лекі.

Натальля Ашомка
Натальля Ашомка

Натальля прыгадвае, што борці былі важным складнікам культурнай традыцыі Палесься.

«Раней у нас борці дарылі маладым на вясельле — такая была завядзёнка. Цяпер проста перадаюць у спадчыну. Мой бацька, калі пастарэў, перадаў Адаму як стараннаму зяцю свае калоды з пчоламі», — тлумачыць яна.

У Ашомкі цяпер два з паловай дзясяткі борцяў. Бальшыня іх у лесе на дрэвах, а паўдзясятка прынаравіўся трымаць ніжэй. Паклаў на сканструяваныя падпоркі з дрэва альбо мэталёвых трубаў. Зьверху калоды накрыў дзе дошкамі, а дзе й шыфэрам.

«Калі на іх не трапляе ні дождж, ні сьнег, — заўважае Адам, — то калоды служаць сотню гадоў. Унізе іх і даглядаць лацьвей. Дарма што кажуць: чым борць вышэй да сонца, тым мёд саладзейшы».

Да пэнсіі Адаму Міхайлавічу з улікам новых зьменаў пэнсійнага ўзросту яшчэ чатыры гады з гакам. Хатняя гаспадарка і борці ў лесе — гэта цяперашнія кірункі намаганьняў эканамічна актыўнага вяскоўца. Бо іншага занятку ў вёсцы няма.

Ашомка дадае, што й некаторыя маладзейшыя аднавяскоўцы, ня маючы працы, таксама зацікавіліся пчалярствам. Больш, вядома, рамкавым, чым бортніцкім. Ад рамкавага пчалярства большы плён, калі мець на ўвазе толькі эканамічны бок справы і не зважаць на біялягічную раўнавагу ў прыродных экасыстэмах.

У Адама Ашомкі два з паловай дзясяткі борцяў
У Адама Ашомкі два з паловай дзясяткі борцяў

Вясковец з удзячнасьцю кажа пра стаўленьне лясной гаспадаркі да бортніцкай справы. Лесьнікі з Мілашэвіцкага лясгасу не чапаюць борцяў, ня гоняць пчаляроў зь лесу.

«Нават калі высякаюць дзялянку, а на дрэве борць, дык абавязкова пакідаюць дрэва, каб не парушыць пчол».

Адам павёў нас каляіністаю лясною дарогаю да ладнай адзінокай хвоі сярод маладога падлеску. Бачна, што дрэва сапраўды не чапалі. На хвоі, мэтраў за 10-12 ад зямлі, замацаваная борць, яе зацягнулі туды лябёдкай. Вакол снуюць і гудуць пчолы.

Як любога пчаляра, Ашомку турбуюць і «выпасы» для пчол.

«Раней наш калгас быў мацнейшы, сеяў больш меданосных культураў — рапсу, грэчкі. Цяпер гэтага вакол бракуе. І пчолам цяжэй. Дарма што яны ў лесе — меданосы ж яны знаходзяць і за пяць кілямэтраў», — кажа ён.

Лесьнікі аберагаюць борці
Лесьнікі аберагаюць борці

Яшчэ адно пажаданьне ў бортніка: наладзіць у краіне навучаньне моладзі розным рамёствам, у тым ліку і пчалярскай справе. Хоць бы ў Лельчыцкай прафтэхвучэльні.

«Каб разьвівацца, вёсцы патрэбныя не адны трактарысты ды мэліяратары. Іначай і аграгарадкі хутка апусьцеюць», — кажа Адам Ашомка, заклапочаны лёсам пчолак-баровак.

500 грамаў мёду для беларуса

У 2013 годзе Беларусь здабывала 1320 тон мёду і спажывала ўсяго 300 грамаў на душу насельніцтва. У 2016 годзе — каля 500 грамаў, у той самы час як Аўстрыя — 1,6 кіляграма, Грэцыя — 1,4, Украіна — 1,2 кіляграма.

У адной зь нядаўніх рэзалюцыяў Эўрапарлямэнт канстатуе: «76% вытворчасьці прадуктаў харчаваньня ў Эўропе грунтуецца на апыленьні, і таму пчолы неабходныя для харчовай бясьпекі». Адсюль задача: павялічыць бюджэт на праграмы нацыянальнага пчалярства на 50% ды стварыць спэцыяльную сыстэму падтрымкі пчаляроў у межах сельскагаспадарчай палітыкі ЭЗ пасьля 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG