У сацыяльнай сетцы Facebook жыхары Ўкраіны прапануюць бясплатнае жытло замежным заўзятарам, якія наведаюць фінал Лігі чэмпіёнаў у Кіеве ў канцы траўня.
Да ініцыятывы, сярод іншага, далучыўся ўкраінскі тэлевізійны журналіст, вядучы праграмы «Сняданак з 1 + 1» Ягор Гардзееў.
Таксама кіяўляне стварылі групу, у якой ахвочыя могуць разьмясціць адпаведныя аб’явы.
Згодна з інфармацыяй на сэрвісах, якія дазваляюць рэзэрваваць жытло, цэны на арэнду ў Кіеве ў пэрыяд фіналу турніру вырасьлі ў некалькі разоў.
Жаночы фінал Лігі чэмпіёнаў згуляюць 24 траўня на стадыёне «Дынама» імя Валерыя Лабаноўскага. У ім сустрэнуцца нямецкі «Вольфсбург» і францускі «Ліён».
У мужчынскім фінале, які адбудзецца 26 траўня ў НСК «Алімпійскі», згуляюць гішпанскі «Рэал» (Мадрыд) і ангельскі «Лівэрпуль».
Першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Сяргей Яравы чакае, што на фінал Лігі чэмпіёнаў у Кіеў прыедуць 50 000 заўзятараў.