22 красавіка Ўсяленскі патрыярхат апублікаваў рашэньне Сьвятога і Сьвяшчэннага Сыноду, пасяджэньне якога адбылося на працягу 19-20 красавіка пад старшынствам Усяленскага патрыярха Варфаламея, пра царкоўную сытуацыю ва Ўкраіне.
«У адпаведнасьці з Божымі і сьвяшчэннымі канонамі, а таксама шматвяковым царкоўным парадкам і сьвяшчэннай традыцыяй, Усяленскі патрыярхат клапоціцца пра захаваньне ўсёправаслаўнага адзінства і займаецца праваслаўнымі цэрквамі ва ўсім сьвеце — асабліва ўкраінскім праваслаўным народам, які прыняў выратавальную хрысьціянскую веру і сьвятое хрышчэньне ад Канстантынопаля. Такім чынам, як яго сапраўдная царква-маці, [Усяленскі патрыярхат] вывучыў пытаньні, якія тычацца царкоўнай сытуацыі ва Ўкраіне, як рабіў гэта і на папярэдніх пасяджэньнях Сыноду, і, атрымаўшы ад царкоўных і грамадзянскіх органаў, якія прадстаўляюць мільёны ўкраінскіх праваслаўных хрысьціян, зварот з просьбай даць аўтакефалію, вырашыў падрабязна абмеркаваць і скаардынаваць гэтае пытаньне зь сястрынскімі праваслаўнымі цэрквамі», — гаворыцца ў рашэньні.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў 22 красавіка, што Ўсяленскі патрыярхат пачынае працэдуры, неабходныя для наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.
Але пра гэта ў апублікаваным рашэньні Сьвятога і Сьвяшчэннага Сыноду Ўсяленскага патрыярхату гаворка не ідзе.
19 красавіка Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала пастанову аб падтрымцы звароту прэзыдэнта да Ўсяленскага патрыярха Варфаламея аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 17 красавіка на экстранай сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый папрасіў Вярхоўную Раду падтрымаць зварот «прэзыдэнта і царкоўных герархаў да Ўсяленскага патрыярха» наконт выданьня томасу (указу, дэкрэту «мацярынскай царквы» аб наданьні аўтаноміі ў кіраваньні (аўтакефаліі) нейкай частцы гэтай царквы, фактычна прызнаньне статусу) Украінскай праваслаўнай памеснай царкве.
Перад гэтым 9 красавіка прэзыдэнт Украіны ў Стамбуле сустрэўся з Усяленскім патрыярхам Варфаламеем у ягонай афіцыйнай рэзыдэнцыі.
Украінская праваслаўная царква (Кіеўскага патрыярхату) заявіла, што «падтрымлівае ўсе намаганьні для пераадоленьня цяперашняга царкоўнага падзелу». Паводле інфармацыі прадстаўнікоў царквы, «цяпер, як ніколі раней, ёсьць усе падставы чакаць станоўчага рашэньня» Ўсяленскага патрыярха Варфаламея.
Украінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату) заявіла, што ініцыятыва прэзыдэнта Ўкраіны і зварот да Усяленскага патрыярха аб аўтакефаліі ўкраінскай царквы зьяўляецца «перавышэньнем улады», а таксама лічыць «непрымальным, каб аўтакефалія разглядалася з геапалітычнага пункту погляду».
Раней ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве (Маскоўскага патрыярхату) заяўлялі, што няма падстаў для прызнаньня Ўсяленскім патрыярхам Варфаламеем «іншай украінскай царквы».
Згодна з Канстытуцыяй, царква і рэлігійныя арганізацыі ва Ўкраіне аддзеленыя ад дзяржавы.