Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Моладаве Янаўскага раёну кансэрвуюць капліцу Скірмунтаў, пра занядбаны стан якой пісала Свабода. ФОТА


Кансэрвацыя капліцы Скірмунтаў у Моладаве
Кансэрвацыя капліцы Скірмунтаў у Моладаве

Пачаліся будаўнічыя работы на радавой капліцы беларускага магнацкага роду Скірмунтаў у вёсцы Моладава Янаўскага раёну. Капліца будзе закансэрваваная ад далейшага разбурэньня; як яна далей будзе выкарыстоўвацца, пакуль ня вырашана.

Цяпер будынак капліцы-ратонды стаіць у рыштаваньнях, ідзе аднаўленьне даху і сьценаў.

Апошні будынак багатай сядзібы Скірмунтаў

Гэты помнік архітэктуры ў савецкі час быў разрабаваны, у ім знаходзіўся склад трактарных запчастак, аздабленьне інтэр’еру не захавалася. Да нядаўняга часу капліца стаяла зусім занядбаная, сьцены разбураліся, была пагроза абвалу даху.

Капліца засталася адзіным аб’ектам багатага маёнтку Скірмунтаў у Моладаве пасьля таго як у 1943 годзе быў спалены і па вайне разабраны на цэглу іхны моладаўскі палац.

Радавую капліцу дыямэтрам 8 мэтраў пабудавалі ў 1905–1908 гадах паводле праекту віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. Яна занесеная ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны нацыянальнага значэньня.

Як расказала Свабодзе начальніца аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі Янаўскага райвыканкаму Валянціна Барадзінчык, работнікі ПМК-12 паводле праекту «Белрэстаўрацыі» рамантуюць дах будынка.

«Цяпер вядуцца рэстаўрацыйныя работы менавіта на купале, таму што там ужо сапраўды праблема ўзьнікла. Наша задача была цяпер раскрыць, заманаліціць і закрыць, каб ён далей не разбураўся. Гэтая праца якраз цяпер і ідзе», — кажа Валянціна Барадзінчык.

Чыноўніца расказала, што далейшыя работы ў аднаўленьні капліцы Скірмунтаў будуць весьціся «па меры паступленьня сродкаў».

Спадчына Скірмунтаў: што не разбурылі саветы, разбурае непагадзь і бяспамяцтва

Занядбаныя могілкі Скірмунтаў

Руіны могілак Сірмунтаў у Моладаве
Руіны могілак Сірмунтаў у Моладаве

​Апрача капліцы, аднаўленьня і кансэрвацыі патрабуюць разбураныя пры савецкай уладзе могілкі Скірмунтаў, якія знаходзяцца побач зь ёю.

Пакуль што ўдалося знайсьці рэшткі надмагільнага помніка Аляксандра Скірмунта (1830–1909), вядомага прадпрымальніка і грамадзкага дзеяча, бацькі старшыні ўраду БНР Рамана Скірмунта.

Аляксандр Скірмунт быў актыўны ўдзельнікам рэформы 1861 году, якая скасавала прыгоннае права, пра гэта напісана на ягоным надмагільлі, якое яшчэ можна аднавіць.

На фамільных могілках Скірмунтаў захавалася таксама некалькі паўразбураных склепаў. Самі могілкі ачышчаныя ад кустоўя, але месцамі дрэвы ўрасьлі ў магілы.

Руіны могілак Сірмунтаў у Моладаве
Руіны могілак Сірмунтаў у Моладаве

Улады возьмуцца і за выратаваньне моладаўскай цэркаўкі

Чакаецца, што ў Моладаве зоймуцца і выратаваньнем ад аварыйнага стану старой царквы. Як пісала Свабода, драўляная царква XVI стагодзьдзя занепадае ў той час, калі з «адабрэньня» Аляксандра Лукашэнкі побач пабудавалі новую.

Узьнясенская царква ў Моладаве (XVI стагодзьдзя пабудовы) таксама патрабуе кансэрвацыі
Узьнясенская царква ў Моладаве (XVI стагодзьдзя пабудовы) таксама патрабуе кансэрвацыі

Пасьля артыкулу Свабоды на сытуацыю адрэагавала Міністэрства культуры і Янаўскі райвыканкам.

«Гаварыць, што няма грошай, — гэта не адказ. Нават невялікімі сродкамі можна правесьці кансэрвацыю абʼекта. Накіруем ліст з подпісам намесьніка міністра культуры, і няхай прымаюць захады. На тэрыторыі Янаўскага раёну ня так шмат абʼектаў. Трэба працаваць на пэрспэктыву. Калі самі не спраўляюцца, можна перадаць чалавеку, які зробіць там музэй», — сказала начальніца аддзелу аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Натальля Хвір.

Хто ўратуе цэркаўку? Як Агінскі, Война, Орда, Хадыка, Сакалоў і Лукашэнка адзначыліся ў лёсе закінутай царквы ў Моладаве

Як расказала начальніца ідэалягічнага аддзелу Янаўскага райвыканкаму Валянціна Барадзінчык, пытаньне захаваньня Моладаўскай царквы разглядалася на паседжаньні райвыканкаму.

«Мы падтрымліваем тэхнічны стан царквы. Пытаньне разглядалася на паседжаньні райвыканкаму наконт абсьледаваньня яе і тэхнічнага заключэньня. І да 25 траўня нам трэба правесьці гэтае абсьледаваньне. Цяпер вядуцца перамовы з уласьнікам, каб запрасіць спэцыялізаваную арганізацыю, якая дасьць заключэньне аб тэхнічным стане гэтага аб’екта,» — сказала Валянціна Барадзінчык.

Яна патлумачыла, што, зыходзячы з заключэньня, будуць прымацца далейшыя рашэньні аб тым, як захаваць царкву ў Моладаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG