Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation назвала двух з трох ляўрэатаў штогадовай праваабарончай прэміі за 2018 год сярод творцаў-дысыдэнтаў.
Імі сталі «Беларускі свабодны тэатар», не зарэгістраваны на радзіме й змушаны выступаць у «падпольлі», і гіп-гоп-музыкант з Паўднёвага Судану Эмануэль Джал, які ў дзяцінстве ваяваў у паўстанцкім войску. Прэмія будзе ўручаная ў Осла 30 траўня на адмысловай цырымоніі, калі абвесьцяць і трэцяга ляўрэата.
«Беларускі свабодны тэатар» быў заснаваны ў 2005 годзе.
Да 2011 году тэатар ня быў юрыдычнай асобай і аб’ядноўваў некалькіх актораў, рэжысэраў і адміністратараў. У 2011 годзе, калі ягоныя кіраўнікі, Мікалай Халезін і Натальля Каляда, атрымалі палітычнае прыстанішча ў Вялікай Брытаніі, тэатар быў зарэгістраваны ў Лёндане. Але асноўная трупа працягвае працаваць у Беларусі падпольна.
Як мяркуе сузаснавальніца тэатру Натальля Каляда, тэатар забараняюць з палітычных прычынаў.
«У краіне, дзе дзяржава кантралюе кожны аспэкт жыцьця, кожны чалавек мае патэнцыял, каб выказваць пратэст па-свойму. І мільён маленькіх пратэстаў можа ў выніку спыніць нават самую моцную з дыктатур», — кажа Натальля Каляда.
Спэктаклі, якія ставіць «Свабодны тэатар», наўпрост тычацца тэмы правоў людзей, расказваюць пра вострыя сацыяльныя і палітычныя праблемы беларускага грамадзтва, у тым ліку аб выкраданьні лідэраў апазыцыі. Акторы праводзяць пастаноўкі на засакрэчаных ад уладаў пляцоўках — у кавярнях, арандаваных кватэрах і нават на прыродзе. У красавіку 2017 год «Свабодны тэатар» мусіў адмяніць прэм’еру спэктаклю праз затрыманьні шэрагу актораў падчас антыўрадавага мітынгу.
Пра тое, як працуе «Беларускі свабодны тэатар», і пра ролю авангарднага тэатру ў сучасным сьвеце Мікалай Халезін расказаў у эксклюзыўным інтэрвію расейскай службе «Голасу Амэрыкі».
Прэмія Вацлава Гаўла за творчае іншадумства прысуджаецца з 2012 году. Паводле прэзыдэнта Human Rights Foundation Тора Халворсэна, ёю адзначаюць тых, хто «праяўляе сьмеласьць і крэатыўнасьць, кідаючы выклік несправядлівасьці».
Сярод ляўрэатаў прэміі — кітайскі мастак і былы палітвязень Ай Вэйвэй, бірманская актывістка Аун Сан Су Чжы, сырыйскі карыкатурыст Алі Фарзат, група Pussy Riot, іранская карыкатурыстка Стэна Фаргадані і ўзбэцкая фотажурналістка Уміда Ахмедава.
Вацлаў Гавэл — чэскі пісьменьнік, драматург, дысыдэнт, праваабаронца і дзяржаўны дзеяч, апошні прэзыдэнт Чэхаславакіі (1989 -1992) і першы прэзыдэнт Чэхіі (1993-2003).