Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку прапанавалі сысьці з пасады старшыні АГП. Хто з апазыцыянэраў кіруе партыямі найдаўжэй


Моладзевая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» прапанавала ўнесьці ў партыйны статут абмежаваньне, паводле якога «адна і тая ж асоба мае права займаць пасаду старшыні ня болей за тры прадугледжаныя гэтым статутам тэрміны». Цяперашні кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька пераабіраўся на гэтую пасаду 9 разоў —​ цягам 18 гадоў.

Выбары ў АГП адбываюцца кожныя два гады. Гэта значыць, што паводле новай прапановы старшыня партыі ня можа кіраваць болей за шэсьць гадоў. ​

Сваю ініцыятыву маладыя сябры АГП матывуюць тым, што «ва ўмовах нязьменнага праўленьня Лукашэнкі» дэмакратычныя партыі «павінны дэманстраваць на сваім прыкладзе дэмакратычны досьвед, транспарэнтнае кіраваньне і зьмяняльнасьць улады». Мэтай абмежаваньня колькасьці тэрмінаў называецца «недапушчэньне застойных зьяў».

Партыйная моладзь прызнае «бясспрэчныя заслугі дзейнага старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які знаходзіцца на сваёй пасадзе ўжо дзявяты тэрмін», і рэкамэндуе яго кандыдатуру на пасаду ганаровага старшыні партыі.

Лябедзька: «Сёньня ня маю намеру вылучацца на старшыню партыі, але...»

Анатоль Лябедзька ў размове са Свабодай адзначыў, што не разглядае гэтую заяву як забарону на нешта.

«Гэта дыскусія пра тое, што лепей, што больш карысна. Скажам, Мэркель абраная ўжо чацьвёрты раз і будзе кіраваць гадоў 16. Як, дарэчы, і Коль, і Тэтчар. Галоўнае, каб былі дэмакратычныя працэдуры, празрыстасьць, канкурэнтнасьць, улічваліся інтарэсы і большасьці, і меншасьці», — сказаў Лябедзька.

Цяперашні лідэр АГП адзначае, што нават калі зьезд падтрымае ініцыятыву моладзевага крыла і зьменіць статут партыі, у яго застаецца права балятавацца яшчэ тры разы.

«Але такіх доўгатэрміновых плянаў я ня маю. Сёньня ў мяне плянаў балятавацца наагул няма. Адначасова я не выключаю, што нешта можа зьмяніцца. Мы ж жывём у таталітарнай краіне», — сказаў палітык.

Ён таксама заявіў Свабодзе, што супраць яго «разгарнулі вялікую маштабную спэцапэрацыю, каб Анатоль Лябедзька, крый Божа, зноў не балятаваўся».

Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька
Ганна Канапацкая і Анатоль Лябедзька

«З гэтым зьвязанае ўсё, што перасьледуе мяне з канца мінулага году: і фільмы, і заявы, і праплачаныя праграмы ў сацыяльных сетках. Мая фігура стала праблемай — не для „маладых дэмакратаў“, канечне, а для беларускай улады. Але ў любым выпадку я не пераплюну ні Пазьняка, ні Калякіна, ні Статкевіча. У нас усё адпавядала дэмакратыі. Так, я перабіраўся дзевяць разоў, але кожныя два гады».

1 сакавіка дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла, што на бліжэйшым партыйным зьезьдзе АГП будзе вылучацца на пасаду старшыні партыі.

Дабравольскі: Калі зьмяніць статут, Лябедзька зможа прэтэндаваць яшчэ на тры тэрміны

Аб’яднаная грамадзянская партыя афіцыйна была ўтвораная 1 лістапада 1995 году. На ўстаноўчым зьезьдзе дзьве партыі — Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі са старшынём Аляксандрам Дабравольскім і Грамадзянская партыя, якую ачольваў Васіль Шлындзікаў, — заявілі аб стварэньні адзінай партыі. Першым старшынём АГП абралі Станіслава Багданкевіча.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Цяпер спадар Дабравольскі кіруе экспэртнай радай АГП і ўваходзіць у склад партыйнай палітрады. У размове са Свабодай ён сказаў, што ініцыятыву моладзевага крыла АГП трэба падзяліць на дзьве часткі.

«Закон адваротнай сілы ня мае. І таму, калі ўнесьці зьмену, якую прапануе моладзь, у статут, то адлік пачынаецца з гэтага дня. Значыць, Лябедзька, як і любы іншы сябра партыі, можа прэтэндаваць на тры тэрміны кіраваньня», — сказаў Дабравольскі.

Ён дадаў, што абмежаваньні тычацца найперш кіраўніка дзяржавы.

«У грамадзкіх арганізацыях правілы ўсталёўваюць іх чальцы. Я ведаю структуры, дзе кіраваць адна і тая ж асоба можа ня болей за адзін год. І нічога, яны працуюць».

Аляксандар Дабравольскі лічыць, што палітычная партыя — гэта ўсё ж асаблівая грамадзкая арганізацыя. У бальшыні дэмакратычных партыяў сьвету абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў кіраваньня няма.

«Але асабіста я ня супраць абмежаваньня колькасьці тэрмінаў у АГП. Пытаньне ў тым, што ў Беларусі няма публічнай палітыкі, а ўсё палітычнае выцесьненае на пэрыфэрыю грамадзкіх дыскусій, цяжка адрозьніць пасьпяховага палітыка ад непасьпяховага. Бо няма крытэру, няма сапраўдных выбараў, невядома, хто каго падтрымлівае», — сказаў спадар Дабравольскі.

Партыйныя кіраўнікі — доўгажыхары: Калякін, Пазьняк, Шушкевіч і Лябедзька

15 палітычных партый у Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі. Прынамсі 7 зь іх называюць сябе апазыцыйнымі і не падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Свабода падлічыла, хто зь іх кіраўнікоў займае свае пасады найдаўжэй.

Сяргей Калякін — 24 гады

Сяргей Калякін узначальвае камуністаў-апазыцыянэраў з 1994 году. Сёньня гэта Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», якая да 2009 году называлася Партыяй камуністаў Беларускай.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Станіслаў Шушкевіч — 20 год

Першым кіраўніком партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» быў Міхась Ткачоў (1991–1992), другім — Алег Трусаў (1992–1995). У 1996 годзе БСДГ аб’ядналася з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Народнай згоды, утварыўшы Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада) на чале зь Міколам Статкевічам. У 1998 годзе БСДГ узнавіла існаваньне. З таго часу яе ачольвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Зянон Пазьняк — 19 год

Партыя «Беларускі Народны Фронт» была створана ў 1993 годзе. Яе першы кіраўнік — Зянон Пазьняк. У ліпені 1999 году на шостым зьезьдзе адбыўся раскол. Лідэрам БНФ абралі Вінцука Вячорку. Зянон Пазьняк (з 1996 году — у эміграцыі) з часткай былых сяброў партыі арганізаваў Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю БНФ, або КХП-БНФ, якую ўзначальвае дагэтуль.

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Анатоль Лябедзька — 18 год

Станіслаў Багданкевіч кіраваў Аб'яднанай грамадзянскай партыяй ад яе ўтварэньня ў 1995 годзе і па 2000 год. З 2000 году на гэтую пасаду дзевяць разоў пераабіраўся Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG