Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк даў інтэрвію літоўскай тэлерадыёкампаніі LRT, у якім распавёў і пра няштатныя сытуацыі падчас будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы.

Чалавека, з чыёй віны ўпаў рэактар, звольнілі

10 ліпеня 2016 году пры мантажы сарваўся і ўпаў з вышыні 4 мэтры корпус рэактара на першым блёку АЭС. На корпусе зьявілася ўвагнутасьць. На самой станцыі інфармацыю пра гэта доўга хавалі, але праз два тыдні яна трапіла ў СМІ.

На афіцыйным сайце БелАЭС пра інцыдэнт паведамілі 26 ліпеня — праз 16 дзён пасьля здарэньня. Афіцыйная вэрсія — корпус «прасьлізнуў па стропах і даткнуўся зямлі».

Паводле Міхадзюка, пасьля здарэньняў на Беларускай АЭС праводзяць службовыя расьсьледаваньні. Няшчасныя выпадкі расьсьледуюцца па беларускім заканадаўстве, будаўнічыя — па беларускім і расейскім.

Чалавека, з чыёй віны ўпаў рэактар, адразу звольнілі, сказаў Міхадзюк.

«То бок гэты выпадак — выпадак безадказнасьці аднаго выканаўцы, а не сыстэма».

Міхадзюк сказаў, што разам з расейскім бокам прынялі рашэньне замяніць пашкоджаны корпус рэактара.

«Генпадрадчык прывёз нам новы корпус, ён ужо ўсталяваны і абвязаны трубаправодамі».

Намесьнік міністра энэргетыкі ў інтэрвію абмінуў маўчаньнем тое, што пры транспартаваньні новага корпусу па чыгунцы 26 сьнежня 2016 году адбылося новае надзвычайнае здарэньне — кажух корпусу рэактара зачапіў апору кантактнай сеткі.

Чаму інфармацыю пра інцыдэнты замоўчвалі?

Паводле Міхадзюка, у МАГАТЭ ёсьць шкала здарэньняў, пра якія трэба апавяшчаць грамадзкасьць і суседнія краіны. Выпадак з пашкоджаным корпусам рэактара ў гэтую шкалу ня трапіў, таму што гэта ня ядзернае здарэньне.

«Пакуль нічога не раскажу»: Мінэнэрга пра магчымы інцыдэнт на БелАЭС

«Пасьля вышэйназванага выпадку нехта з праціўнікаў ядзернай энэргетыкі пачуў нешта ад будаўнікоў і падняў шум у прэсе. Мы адказалі, што здарылася. Але гэты выпадак не трапляе, я яшчэ раз паўтараю, у разрад тых, пра якія трэба паведамляць», — сказаў Міхадзюк.

Палёты над Беларускай АЭС закрыюць

Літоўскія журналісты падчас інтэрвію паднялі тэму бясьпекі АЭС пры падзеньні на яе самалёта.

«Наш праект разьлічаны на падзеньне самалёта ці фрагмэнтаў вагой у 5,7 тоны. Усё гэта было вельмі падрабязна паказана экспэртам падчас правядзеньня SEED-місіі ў частцы зьнешняй абароны АЭС ад паветраных суднаў. Сёньня ў сьвеце няма ніводнай станцыі, якая вытрымае вялікі самалёт. Ад моманту ўвядзеньня станцыі ў эксплюатацыю мы закрыем палёты над АЭС. Мы стварылі сыстэму супрацьпаветранай абароны станцыі, а таксама рэалізавалі іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб такое здарэньне не адбылося гарантавана», — сказаў Міхадзюк.

Ён таксама падкрэсьліў, што калі катастрофа з самалётам здараецца ў небе, то ён развальваецца на фрагмэнты ў паветры. Маса самага вялікага рэактыўнага рухавіка — гэта непадзельны фрагмэнт самалёта — 5,7 тоны. Астатняе — каркас і тонкая абшыўка.

Чаму абралі пляцоўку ў Астраўцы?

Літоўскі бок ня раз ставіў пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, што ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні.

Паводле намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі, у 1982 годзе пад Менскам было распачата будаўніцтва Менскай атамнай цеплавой станцыі (АТЭЦ). Да пачатку будаўніцтва Акадэмія навук разам з адмысловымі спэцыялістамі правяла вялікі аб’ём дасьледаваньняў. Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС будоўлю Менскай АТЭЦ спынілі.

Чыноўнік мяркуе, што дзякуючы гэтым дасьледаваньням да пачатку рэалізацыі праекту Беларускай АЭС першапачатковая база па выбары пляцоўкі ўжо была. У 2005 годзе Лукашэнка зацьвердзіў Канцэпцыю, якой прадугледжвалася вывучэньне мэтазгоднасьці будаўніцтва ў краіне атамнай станцыі.

Першапачаткова для будаўніцтва атамнай станцыі разглядалі 74 пункты, сказаў Міхаіл Міхадзюк.

«Пункт ня трэба блытаць з пляцоўкай. Пункт — гэта 500 кв. км, а пляцоўка — 5 кв. км. Пляцоўка вызначаецца на пункце магчымага разьмяшчэньня. Галоўны крытэр выбару ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі МАГАТЭ — гэта адсутнасьць на пляцоўцы разломаў. То бок станцыя павінна „сядаць“ на мацерыковы грунт», — сказаў чыноўнік.

Фактары, якія ўплывалі на выбар пляцоўкі:

  • магчымасьць выдаваць электрычную магутнасьць;
  • наяўнасьць шляхоў пад'езду і доступу да вады;
  • наяўнасьць вайсковых камунікацый і газаправодаў.

Першапачаткова неабходным крытэрам адпавядалі 4 пляцоўкі: Краснапалянская і Кукшыноўская на ўсходзе Беларусі, а таксама Астравецкая і Верхнядзьвінская, якія разглядаліся як рэзэрвовыя.

Паводле Міхадзюка, на першых дзьвюх пляцоўках для бясьпечнага будаўніцтва неабходныя былі «складаныя інжынэрныя рашэньні», бо «ўся Ўсходняя Беларусь знаходзіцца пад пластам мелавога грунту».

На Верхнядзьвінскай пляцоўцы першыя дасьледаваньні паказалі наяўнасьць высокіх грунтовых вод і слабы грунт. На Астравецкай пляцоўцы падчас дасьледаваньняў ня выявілі ніводнага адмоўнага фактару паводле нарматыўных дакумэнтаў па разьмяшчэньні АЭС.

Намесьнік міністра энэргетыкі падкрэсьліў, што дасьледаваньні 1993 году, калі пляцоўку ў Астраўцы прызналі самай неадпаведнай для будаўніцтва АЭС, былі тэарэтычныя — не было зроблена ніводнай сьвідравіны.

«Дый неабходнай тэхнікі для паўнавартаснага вывучэньня ў краіне тады не было», — дадаў Міхадзюк.

Чыноўнік заявіў, што рэкамэндацый МАГАТЭ не будаваць АЭС бліжэй за 100 км ад вялікіх гарадоў, на якія спасылаецца літоўскі бок, не існуе.

«Мы калі абіралі сваю пляцоўку, кіраваліся дакумэнтам (мы можам яго прадставіць), у якім ніякіх патрабаваньняў па аддаленасьці ад гарадоў няма. Ёсьць патрабаваньні да грунтоў і забесьпячэньня воднымі рэсурсамі. У Эўропе ёсьць шмат АЭС, якія разьмешчаныя каля буйных гарадоў, і ніхто ня мае прэтэнзіяў», — сказаў чыноўнік.

* * *

Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Партал Naviny.by пісаў у 2007 годзе, што Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.

Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.

Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG