МЗС Беларусі ўручыла амбасадару Літвы ноту, у якой выказала занепакоенасьць адсутнасьцю апэратыўнай інфармацыі пра здарэньне на Ігналінскай АЭС.
Міністэрства замежных спраў Беларусі заклікала Літву правесьці расьсьледаваньне здарэньня і праінфармаваць беларускі бок пра вынікі расьсьледаваньня. Уважаючы на блізкасьць Ігналінскай АЭС да межаў Беларусі, дыпляматы разьлічваюць апэратыўна атрымліваць ад літоўскага боку інфармацыю пра ўсе інцыдэнты на ядзерных аб’ектах. Гэтую інфармацыю таксама накіравалі кіраўніку Эўрапейскага прадстаўніцтва ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Міністэрства энэргетыкі Літвы інцыдэнт адмаўляе
Пра інцыдэнт на Ігналінскай АЭС стала вядома 12 сакавіка, піша Delfi. 31 сьнежня падчас выманьня радыяактыўных адкідаў са старых сховішчаў і пераносу іх у новыя высьветлілася, што іх радыяактыўны ўзровень вышэйшы, чым гэта прадугледжвалі падлікі. Абсталяваньнем сховішча займалася кампанія Nukem Technologies, якая зарэгістраваная ў Нямеччыне і ўваходзіць у расейскі канцэрн «Росатом».
12 сакавіка на АЭС склікалі тэрміновую нараду кіраўнікоў. 13 сакавіка ў Міністэрстве энэргетыкі Літвы заявілі, што праводзіліся гарачыя выпрабаваньні, пры якіх ніякіх небясьпечных інцыдэнтаў не здаралася.
«Важная інфармацыя не хавалася ад грамадзкасьці, радыяцыйны фон не павышаўся, і няма падставаў лічыць, што гэта можа адбыцца», — заявіла прэс-сакратар Міністэрства энэргетыкі Аўрэлія Вярніцкайце.
Радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі не зьмянілася
У 30-кілямэтровай зоне вакол Ігналінскай АЭС на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя 8 пунктаў замеру радыяцыйнага кантролю, якія праводзяць замеры раз на 10 хвілін, а таксама цэнтар экалягічнага маніторынгу ў Браславе, дзе замеры праводзяцца штодзённа.
Па дадзеных назіраньня Белгідрамэту, радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў раёне разьмяшчэньня Ігналінскай АЭС, не зьмянялася. Мэтэаролягі таксама зьвярнулі ўвагу, што перавышэньня паказьнікаў у сьнежні 2017 году зафіксавана не было.
Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы
Ігналінская АЭС знаходзіцца на беразе возера Дрысьвяты прыблізна за 4,6 кілямэтра ад мяжы зь Беларусьсю. Праца АЭС была спыненая ў 2009 годзе. Канчатковая дата закрыцьця Ігналінскай АЭС — 2038 год. Плянуецца, што ад станцыі застануцца толькі магільнікі для адпрацаванага ядзернага паліва. Партал Naviny.by пісаў у 2007 годзе, што Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС побач зь беларускай мяжой.