Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым расейскамоўныя ў Латвіі падобныя да беларускамоўных у Беларусі


Урок матэматыкі ў 5-й школе Рыгі, архіўнае фота
Урок матэматыкі ў 5-й школе Рыгі, архіўнае фота

«Рукі прэч ад расейскіх школ!» — пад такім лёзунгам адбываюцца пратэсты ў Рызе супраць пераводу расейскіх школ на латыскую мову. Рэформу зацьвердзіў прэзыдэнт Раймандс Вэёніс. Яна датычыць усіх нацыянальных меншасьцяў, але большасьць такіх школ менавіта расейскія, іх 95. Пачынаючы з наступнага году многія прадметы будуць выкладацца па-латыску, а ў 9–12 клясах — усе.

Хто за?

«За», зразумела, улады, латвійскія патрыёты. Якія ў іх аргумэнты? Латвія — малая краіна, каб захаваць сваю ідэнтычнасьць, яна мае дбаць пра мову. Нідзе ў іншых месцах ня можа быць такіх жа ўмоваў для разьвіцьця адукацыі на латыскай. Чаго нельга сказаць пра расейскія школы — іх тысячы.

Другое: каб адчуваць сябе ўпэўнена ў жыцьці, каб атрымаць адукацыю, стаць камунікабэльнай, канкурэнтаздольнай, моладзі неабходна быць у Латвіі «як усе». Бо гэта краіна, дзе адна дзяржаўная мова. Мова тытульнай нацыі.

Тут нельга не заўважыць, што такія ж аргумэнты выкарыстоўваюцца чыноўнікамі ў Беларусі ў адваротным сэнсе: беларускай школы «ня трэба». Таму што выпускнікі ня змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю на той жа мове і добра ўладкавацца ў жыцьці. Бо ў Беларусі ўсё па-расейску.

Трэці аргумэнт — з пытаньнем. Чаму наагул нехта пратэстуе супраць латыскамоўнага выкладаньня? Гляньце на Нямеччыну: там чатыры мільёны расейскамоўных, але дзеці ходзяць у нямецкую школу і ніхто не пратэстуе. І тут, здаецца, ёсьць маленькі хісткі момант: што можа дазволіць сабе вялікая краіна зь вялікім насельніцтвам, значна цяжэй даецца краіне невялікай. Яна, аднак, жадае, каб правіла было аднолькавае для ўсіх.

Хто супраць?

Акцыя «Рускага саюзу Латвіі», архіўнае фота
Акцыя «Рускага саюзу Латвіі», архіўнае фота

Супраць тыя, хто супраціўляецца асыміляцыі, як ім думаецца. Якія ў іхніх руках аргумэнты? Латвія — дэмакратычная краіна, удзельніца Эўразьвязу, яна павінна паважаць правы ўсіх жыхароў. У тым ліку што тычыцца права на адукацыю на роднай мове.

Яны нагадваюць, што першая расейская школа зьявілася ў Латвіі 230 год таму. Як можна спыняць такія традыцыі? На жаль, расчаравана кажуць гэтыя людзі, дырэктары расейскіх школ пратэсты не падтрымліваюць, не выказваюць нязгоды, сядзяць ціха.

Трэба сказаць, што арганізатарам пратэстаў выступае «Рускі саюз Латвіі». Улады схільныя лічыць, што ён фінансуецца Масквой. Варта зазначыць, што Расея паводзіцца ў такіх пытаньнях аднабакова. Напрыклад, масавае закрыцьцё ў Беларусі беларускамоўных школ толькі віталася.

У апошні дзень сакавіка ў Рызе адбыўся «ўселатвійскі бацькоўскі сход», удзельнічала каля дзевяцісот чалавек. Хапала рэзкіх фармулёвак: казалі, што школьную рэформу ажыцьцяўляюць нацыяналісты, а палітыка ўладаў у гэтым разе антырасейская. З дакладам пра «лінгвістычны генацыд» выступіла Тацяна Жданок з «Рускага саюзу Латвіі». Прынялі рэзалюцыю аб недатыкальнасьці расейскай адукацыі.

Змагарка з Рыгі

Тацяна Жданок, архіўнае фота
Тацяна Жданок, архіўнае фота

Тацяна Жданок — вельмі актыўны змагар за расейскія школы. Яна сустаршыня «Рускага саюзу Латвіі», тройчы запар станавілася дэпутатам Эўрапарлямэнту. Калі зважаць на прозьвішча, можа ўзьнікнуць думка пра яе беларускае паходжаньне. Аднак гэта не зусім так. Гэта прозьвішча па мужу, зь якім яны разьвяліся трыццаць год таму. Ён — доктар фізыка-матэматычных навук, пераехаў на Алтай. Яна ўраджэнка Латвіі, маці паходзіла з Расеі, продкі бацькі — Аркадзя Хесіна — мелі карані пад Віцебскам.

Скончыўшы ўнівэрсытэт, яна ў 22 гады атрымала гадавую стажыроўку ў Францыі. Валодае францускай і ангельскай. Доктар фізыка-матэматычных навук. Пры канцы 1980-х уступіла ў Народны фронт Латвіі. Аднак не спадабалася арыентацыя на незалежнасьць, і яна перайшла ў Інтэрфронт, створаны для супрацьдзеяньня нацыянальным сілам. У 1990 годзе была абраная дэпутатам Вярхоўнага Савету Латвіі. Але за незалежнасьць галасаваць адмовілася, як і большасьць расейскамоўных дэпутатаў.

Яна ня супраць, каб яе лічылі далёкай сваячкай прэзыдэнта Пуціна. На якой падставе? Тлумачэньне такое: стрыечная сястра маці Жданок была ў Ленінградзе замужам за Міхаілам Пуціным, які быў родам зь вёскі, адкуль паходзіць бацька прэзыдэнта. І такая дэталь, якая мае расчуліць чытача: «У адным зь лістоў сястра напісала, што ў Пуціных нарадзіўся ўнук Валодзя». Ці вядома самому Пуціну пра такое «сваяцтва» — пытаньне. Аднак у 2009 годзе яна атрымала ордэн Дружбы народаў за захаваньне і папулярызацыю расейскай мовы і культуры.

Латышы і расейцы

Вынікі рэфэрэндуму пра наданьне статусу дзяржаўнай расейскай мове ў Латвіі ( супраць — 74,8%)
Вынікі рэфэрэндуму пра наданьне статусу дзяржаўнай расейскай мове ў Латвіі ( супраць — 74,8%)

Лічыцца, што ў Рызе і Даўгаўпілсе пераважаюць нелатышы. Так было і ў савецкі час. Я вучыўся ў Літве, мы часам езьдзілі на выходныя ў Рыгу. Да Рыгі было бліжэй, чым да Вільні. І чуваць была сапраўды пераважна расейская мова.

Паводле апошняга перапісу, у Латвіі каля двух мільёнаў жыхароў. Латышоў 62 адсоткі, расейцаў больш за чвэрць насельніцтва. Зразумела, што лічбы мяняюцца, многія выяжджаюць на Захад працаваць. Сёньня гаворыцца, што ў краіне прыблізна 1 700 000 жыхароў, зь іх каля паўмільёна расейцаў. Згодна зь перапісам, было таксама пяцьдзясят тысяч украінцаў, прыблізна столькі ж палякаў і амаль семдзесят тысяч беларусаў.

Рыга была самым прывабным у савецкія часы прыбалтыйскім горадам. Лічы, як Захад, сярэднявечны горад, а на вуліцах большасьць карыстаецца расейскай. Сеў у электрычку, і праз дваццаць хвілін — курортныя мясьціны Балтыйскага мора.

Літаратурны часопіс «Даугава» бянтэжыў мяне. «Эміграваўшы» ў Рыгу з Расеі, пісьменьнікі працягвалі пісаць пра сваю «Сызрань», Латвія ніяк не трапляла да іх на пяро, ім не было чаго сказаць пра такую цудоўную рэспубліку, яна не выклікала ніякіх мастацкіх думак. Зразумела, што вучыць латыскую мову патрэбы ў большасьці не ўзьнікала.

Рыга, фота ©Shutterstock
Рыга, фота ©Shutterstock

Прыклад з таго шэрагу: сям’я Задорнавых. Бацька — раманіст, сын — гумарыст. Мікалай Задорнаў жыў у Сыбіры, у 1946 годзе перасяліўся ў Рыгу, дзе на ўзмор’і пісаў раманы пра калянізацыю Сыбіры і Далёкага Ўсходу. Ляўрэат Сталінскай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Латвійскай ССР. Цікавыя кнігі, я школьнікам яшчэ набыў адну ў Шаўляі, другую ў Рызе. Памёр ужо ў незалежнай Латвіі і, як зазначалася, «да апошняга дня працягваў працаваць над далёкаўсходняй тэмай».

Сын Міхаіл нарадзіўся ў Юрмале, памёр у Маскве, пахаваны таксама ў Юрмале, побач з бацькам. Быў вядомы сваімі зьедлівымі выступамі на сцэне, улучна з жартамі пра вайну ў Данбасе і зьбіты «Боінг».

Беларускі прыклад

Міжволі хочацца параўнаць становішча расейцаў у Латвіі і беларусаў у Беларусі. Можна абмежавацца адной Горадняй. У іх ёсьць свае школы, свае СМІ. У Горадні нават з польскай мовай навучаньня ёсьць адна, а беларускай — няма. Не існуе на беларускай мове ні газэты, ні радыё, ні тэлебачаньня. І нават шыльды вулічныя — вялікая рэдкасьць. Пра што гэта сьведчыць? Што беларускамоўныя людзі ў нечым падобныя да расейскай меншасьці ў Латвіі.

Улады Латвіі сваю палітыку грунтуюць на захаваньні латышоў у якасьці адрознага народу — са сваёй мовай, сваімі асобнымі інтарэсамі. Гэта можа ствараць пэўныя нязручнасьці для іншых. Аднак трэба выбіраць прыярытэты. Што для цябе важней: жыць у Латвіі, свабодна езьдзіць па сьвеце — ці каб была абавязкова расейская школа і, як вынік, змаганьне з латышамі?

У Беларусі ўладзе патрэбна, каб беларусы не вытыркаліся. Са сваёй ідэнтычнасьцю, з жаданьнем нацыянальнай адукацыі. Таму беларусы мусяць згаджацца: на першым месцы краіна. Але, адрозна ад расейцаў Латвіі, яны ня могуць пераехаць у іншую, у «запасную» Беларусь, дзе свая школа. А ў расейцаў за сьпінай прысутнічае Расея. Ад Калінінграду да Аляскі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG