Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТ-дэкрэт набыў сілу: «Ёсьць вялікі попыт з боку расейскіх інвэстараў, але і пытаньняў багата»


Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

28 сакавіка ўступае ў сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка падпісаў 22 сьнежня мінулага году.

Дакумэнт падаўжае і пашырае прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), спрашчае патрабаваньні іхнай замежнаэканамічнай дзейнасьці, мусіць стумуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.

Аднак самы рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі сусьветных мэдыя,​ бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.

Біткойн. Блокчэйн. Крыптавалюты. Тлумачым на пальцах.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:54 0:00


На мінулым тыдні дакумэнты ў разьвіцьцё гэтага дэкрэту прынялі Нацыянальны банк і Міністэрства фінансаў.

Нацыянальны банк прыняў пастанову № 62, якой дапоўніў правілы банкаўскага кантролю пунктамі пра токены. Яны накіраваны на тое, каб прадухіліць легалізацыю даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці і распаўсюджваньне зброі масавага паражэньня.

Міністэрства фінансаў пастановай зацьвердзіла нацыянальны стандарт бухгальтарскага ўліку і справаздачнасьці «Лічбавыя знакі (токены)». Паводле гэтых правілаў бухгальтары будуць весьці ўлік крыптавалюты ды іншых токенаў.

Ад сёньняшняга дня рэзыдэнты «Парку высокіх тэхналёгій» могуць займацца дзейнасьцю з выкарыстаньнем лічбавых знакаў (токенаў), у якой ёсьць прыкметы прафэсійнай і біржавой актыўнасьці па каштоўных паперах, інвэстыцыйнага фонду, а таксама ажыцьцяўленьня апэрацый дзеля стварэньня і разьмяшчэньня ўласных лічбавых знакаў.

Фізычныя асобы змогуць легальна здабываць («майніць») крыптавалюты і карыстацца імі як грашыма, але дагэтуль няясна, ці змогуць яны набываць за іх тавары.

Абвяшчэньне ІТ-рэвалюцыі: у сакавіку 2017-га Лукашэнка наведаў менскі офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў і былы галоўны ідэоляг Беларусі Ўсевалад Янчэўскі
Абвяшчэньне ІТ-рэвалюцыі: у сакавіку 2017-га Лукашэнка наведаў менскі офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач зь імі кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў і былы галоўны ідэоляг Беларусі Ўсевалад Янчэўскі

«Найбольш цікавіць пытаньне з крыптавалютамі»

Мікалай Маркоўнік — прафэсыйны юрыст і генэральны мэнэджэр VP Capital Belarus. Гэта кампанія Віктара Пракапені, які выступаў адным з галоўных ініцыятараў прыняцьця ІТ-дэкрэту. У інтэрвію Свабодзе Маркоўнік расказаў, што тэхналягічныя кампаніі найперш чакаюць ад ПВТ правілаў наконт працы з крыптавалютамі.

— З часу падпісаньня дэкрэту на ўзроўні Нацыянальнага банку была праведзена праца ва ўнясеньні зьменаў у заканадаўства, якое рэгулюе пытаньні адкрыцьця банкаўскіх рахункаў для кампаній, што працуюць зь віртуальнымі валютамі ці крыптавалютамі.

Скончана распрацоўка на ўзроўні Міністэрства фінансаў стандарту, паводле якога адбываецца бухгальтарскі ўлік крыптавалют.

Таксама ў Парку высокіх тэхналёгій распрацоўваюцца правілы для кампаній, якія працуюць з крыптавалютамі (крыптаплятформы і крыптаабменныя пункты).

Распрацоўка гэтых актаў яшчэ знаходзіцца на завяршальным этапе.

Дэкрэт № 8 ня толькі пра крыптавалюты

Але дэкрэт № 8 ня толькі пра крыптавалюты, але пра ІТ-галіну наогул. Калі казаць пра эфэкт ад яго прыняцьця, то можна бачыць, што некалькі тыдняў таму ў ПВТ уступілі каля 50 новых рэзыдэнтаў (чвэрць ад той кольксьці, якую прынялі за папярэдняе дзесяцігодзьдзе. — РС), што сьведчыць пра цікавасьць да новага рэжыму з боку бізнэсу і ІТ. Цікава, што шмат хто з гэтых кампаній зьяўляюцца менавіта прадуктовымі кампаніямі, то бок яны распрацоўваюць ІТ-прадукт. Раней гэтыя кампаніі ў ПВТ трапіць не маглі.

Такім чынам, эфэкт ад падпісаньня дэкрэту зьявіўся яшчэ да ўступленьня яго ў сілу. Але, безумоўна, тое, што найбольш цікавіць частку грамадзтва, пытаньне з выкарыстаньнем крыптавалютаў і працай кампаніяў-апэратараў крыптавалютаў будзе канчаткова вырашана пасьля таго, як скончыцца распрацоўка правілаў у межах ПВТ.

— Чаму так марудна ідзе падрыхтоўка заканадаўства, зьвязанага з крыптавалютамі?

— Бо ў сьвеце, калі глядзець шырэй, няма паразуменьня ў тым, як лепш падыходзіць да гэтага рэгуляваньня. Ня ўсе рэгулятары разумеюць прававую прыроду гэтай зьявы. І ў некаторых краінах сьвету ідзе актыўная распрацоўка гэтага заканадаўства. Таму вельмі прыемна, што Беларусь зьяўляецца адной з гэтых краінаў. Адбываецца абмен інфармацыяй паміж адмыслоўцамі, якім вядома, што адбываецца ў розных краінах.

У сьвеце няма паразуменьня ў тым, як лепш падыходзіць да гэтага рэгуляваньня крыптавалют

Рэгуляваньне, якое будзе распрацавана ў межах ПВТ, хутчэй за ўсё будзе адпавядаць найлепшым сусьветным узорам рэгуляваньня ў сьвеце крыптавалют.

— Але ці здольныя беларускія чыноўнікі традыцыйных ведамстваў разабрацца ў нюансах лічбавых тэхналёгіяў?

— У некаторых спэцыялістаў гэта будзе выклікаць пытаньні, але ў цэлым нічога звышскладанага, каб разабрацца ў гэтым пытаньні, няма. На ўзроўні Міністэрства фінансаў распрацавана мэтодыка, як улічваць актывы крыптавлют у бухгальтарскім балянсе. Гэта на ўзроўні разуменьня кожнага спэцыяліста.

Канфэрэнцыя па крыптавалютах і ICO у Менску ў студзені сабрала каля 500 чалавек
Канфэрэнцыя па крыптавалютах і ICO у Менску ў студзені сабрала каля 500 чалавек

— Чаго можна чакаць сьледам за рэалізацыяй ІТ-дэкрэту?

— На мінулым тыдні зьявілася цікавая інфармацыя пра пляны стварэньня Міністэрства лічбавай эканомікі. З аднаго боку, яна падказвае, што працэс ня спыніцца на прыняцьці дэкрэту № 8. Відаць, што ў дзяржавы ёсьць інтарэс, каб гэтую тэму разьвіваць далей. Існуе шмат кірункаў, у якіх можна разьвівацца: уводзіць новыя тэхналёгіі ў традыцыйныя галіны эканомікі, зьмяняць эканамічныя, сацыяльныя адносіны ў рамках гэтай дыгіталізацыі.

Суаўтары IT-дэкрэту ўвайшлі ў новаўтвораную Раду па разьвіцьці лічбавай эканомікі

Дэкрэт № 8 і наогул уся гэта гісторыя пра лічбавую эканоміку — яна не пра асобна ўзятую галіну. Ён можа мець вынікі і наступствы для ўсёй эканомікі ў цэлым. А таксама для іншых галін, напрыклад адукацыі.

Бо не сакрэт, што сёньня сыстэма адукацыі рыхтуе спэцыялістаў для эканомікі ХХ стагодзьдзя. І для таго, каб павысіць канкурэнтназдольнасьць нашых спэцыялістаў у сучасным сьвеце, трэба рабіць больш істотныя зьмены.

Цікава будзе паглядзець, што за функцыі будуць у новага міністэрства і хто будзе рэалізоўваць пастаўленыя задачы перад гэтым ведамствам. У любым выпадку нас чакае цікавы 2018 год.

«Прагнозы вельмі розныя: нешта будзе да лета, а нешта да восені»

Як замежныя ІТ-бізнэсы і інвэстары адрэагавалі на прыняцьце ў Беларусі ІТ-дэкрэту, і што зьмянілася за тры месяцы ад падпісаньня дакумэнта? Пра гэта Свабодзе расказаў дырэктар Агенцтва стратэгічнага і эканамічнага разьвіцьця Алег Ільін.

Паводле экспэрта, пакуль ва ўсіх адно пытаньне: калі будзе сфармавана зразумелае прававое поле, дакладныя правілы гульні?

— Дэкрэт стварае цікавае прававое поле для майнінгу (здабычы крыптавалютаў), крыптаабменьнікаў, крыптаплятформаў, пад якімі маюцца на ўвазе крыптабіржы і апэратары ІСО. Адчуваем вялікі попыт з боку замежных інвэстараў, пераважана кампаній з Расеі, якім тут цікава атрымаць юрысдыкцыю, стаць рэзыдэнтамі ПВТ.

Попыт на Парк вялікі, але праекты, якія плянуюць рэалізоўваць у крыпце, яшчэ ў рэжыме «станд-бай», бо багата пытаньняў наконт інтэграцыі гэтага віду бізнэсу ў беларускую эканоміку ня маюць адказаў.

Адчуваем вялікі попыт з боку замежных інвэстараў, пераважана кампаній з Расеі

Нацбанк і Мінфін распрацоўваюць інструкцыі, каб кампаніям было ясна, як працаваць з крыптавалютамі, як іх апрыходаваць на балянс, як адлюстроўваць апэрацыі і гэтак далей. Гэта трэба ўсё зрабіць з нуля.

Самае балючае пытаньне, якое мы адчуваем — сфэра банкаў, дзе яшчэ многа белых плямаў. І пакуль гэтыя пытаньні ня будуць вырашаныя, складана казаць, што ўсё добра.

То бок ёсьць попыт, але ёсьць пытаньні, вырашэньне якіх у працэсе.

Такое хуткае прыняцьцё дэкрэту летась — гэта вялікі посьпех і вынік вялікай працы органаў дзяржулады і зацікаўленых кампаніяў.

Магчыма, ня так хутка, але ўсе падзаконныя акты будуць распрацаваныя. Прагнозы вельмі розныя: нешта будзе да лета, а нешта да восені.

— Ці можна казаць, што нейкія кампаніі ўжо перайшлі ад намераў да канкрэтных дамоў і запуску бізнэсаў у Беларусі?

— 28 сакавіка дэкрэт толькі ўступае ў сілу. Таму інвэстары пакуль нічога не маглі юрыдычна зрабіць. ПВТ дэ-юрэ яшчэ дакумэнты не прымаў, не былі распрацаваныя памяткі па складаньні бізнэс-праекту, а гэта неабходная ўмова для ўступленьня.

28-га сакавіка кампаніі могуць прыйсьці ў адміністрацыю Парку са сваімі пакетамі дакумэнтаў.

— Якое агульнае ўражаньне ад рэалізацыі ІТ-дэкрэту?

— Добры крок наперад ужо зроблены, зьявіліся дапаўненьні да інструкцыі Нацбанку ў кантролі адмываньня грошай, ёсьць інструкцыя па бухгальтарскім уліку.

У Эстоніі вельмі доўга фармавалі прававое поле для легалізацыі крыптавалютаў, і яно дагэтуль не працуе

Для трох месяцаў гэта нямала. Напрыклад, у Эстоніі вельмі доўга фармавалі прававое поле для легалізацыі крыптавалютаў, і яно дагэтуль не працуе. Падобна, што мы ідзём нават хутчэй за іншыя краіны.

— Існуюць пытаньні і пра выкарыстаньне крыптавалютаў фізычнымі асобамі...

— З 28 сакавіка майнінг для фізычных асобаў стане магчымым. Паводле дэкрэту, гэта не прадпрымальніцкая дзейнасьць. Праз рэзыдэнтаў Парку ўжо можа быць абарачэньне крыптавалюты, токенаў. Мы цудоўна разумеем пытаньне падаткаабкладаньня да гэтых апэрацый, бо яны прапісаны ў дэкрэце. Але некаторыя норсы яшчэ будуць паступова ўводзіцца.

— Які, на вашу думку, будзе эфэкт ад гэтага дэкрэту?

— Мы атрымаем вялікі прырост колькасьці новых рэзыдэнтаў у ПВТ, прыток наўпроставых замежных інвэстыцый і новых тэхналёгій. Таму эканамічны эфэкт мы яго адчуем ужо сёлета.

ПВТ як ВПК: экспарт Парку высокіх тэхналёгіяў за 2017 год перасягнуў 1 млрд даляраў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG