Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны пройдуць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэрты, мітынгі і вечарыны праходзяць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. Цэнтральны канцэрт пачаўся на Траецкай гары ля менскага Опэрнага тэатру а 13-й — бясплатны і санкцыянаваны. Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце па цэнтры сталіцы — яго забаранілі, пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні. Свабода вядзе жывую трансьляцыю беларускіх падзеяў.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус павіншаваў беларусаў з 100-годзьдзем Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі

Багуслава Цыганкова адпусьцілі, але склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі (хаця затрымлівалі яго людзі ў цывільным) і нецэнзурную лаянку. Патлумачылі, што днямі яму прыйдзе позва ў суд.

Твары гледачоў на канцэрце #БНР100 каля Опэрнага тэатру. ФОТА

25 сакавіка беларусы адзначаюць 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Цэнтральная падзея грамадзянскай кампаніі #БНР100 — мітынг-канцэрт «Сьвята Незалежнасьці» ля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары, санкцыянаваны ўладамі. Удзельнікі гістарычнай падзеі — у аб'ектывах фотакарэспандэнтаў Свабоды.

За слуцкай актывісткай увесь дзень цікуюць невядомыя – яна прыйшла скардзіцца ў міліцыю

Зінаіда Цімошак, архіўнае фота
Зінаіда Цімошак, архіўнае фота

Грамадзянская актывістка і журналістка Зінаіда Цімошак зьвярнулася з заявай у міліцыю, што яе ўвесь дзень перасьледуюць невядомыя — пешшу і на машыне. На спробы случчанкі пагутарыць зь імі мужчыны не рэагавалі, паведамляе kurjer.info.

Зінаіда Цімошак сказала, што пасьля некалькіх гадзін сачэньня за ёй яна стала баяцца за сваю бясьпеку. Калі яна падышла да Слуцкага РАУС, машына, якая езьдзіла за ёй, прыпаркавалася на службовай стаянцы.

Ініцыятары шэсьця — на волі

Зь ізалятару на Акрэсьціна вызвалілі затрыманых напярэдадні ініцыятараў шэсьця на Дзень Волі Ўладзімера Някляева, Вячаслава Сіўчыка, Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова, Яўгена Афнагеля і Мікалая Статкевіча. // БелаПАН

На сьвяточным канцэрце ў Гомлі выступіў N.R.M

У Гомлі сотыя угодкі БНР адзначылі канцэртам у арт-сядзібе «Каўчэг». Адкрылі яго віншаваньнямі вядоўцы Юліяна Пятрэнка і Яўген Меркіс. Яны зрабілі невялікі экскурс у гісторыю стварэньня БНР — у якой чынны ўдзел брала ўраджэнка Гомлі, міністарка апекі Рады БНР Палута Бадунова. Разам з бардам Вольгай Цярэшчанка ўдзельнікі сьвяточнай імпрэзы сьпявалі разам гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа». Выступіў знакаміты гурт N.R.M на чале зь Пітам Паўлавым.

Затрыманьні пасьля канцэрту #БНР100

На выхадзе з пляцоўкі «Сьвята Незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру ў Менску затрымліваюць людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Паводле дадзеных прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, пры асьвятленьні сьвяткаваньняў 100-годзьдзя БНР былі затрыманыя і пасьля адпушчаныя сем журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат»

Журналістаў Любоў Лунёву, Станіслава Івашкевіча, Ігара Ільяша, Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва вызвалілі з міліцыі без складання пратаколаў. Андрэй Козел і Вольга Чайчыц таксама на волі.

Журналістак Галіну Абакунчык і Адарʼю Гуштын вызвалілі з Цэнтральнага РУУС без складаньня пратаколаў

Паводле Галіны Абакунчык, у пастарунку засталіся два затрыманыя — Аляксандар Варожка і Багуслаў Цыганкоў. У Цыганкова сілай узялі адбіткі пальцаў.

Галіна Абакунчык расказала, што ва ўсіх затрыманых пры сабе былі бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Яе таксама затрымалі, пабачыўшы сьцяжок.

Галіна Абакунчык
Галіна Абакунчык

«Я ішла ад Опэрнага тэатру да станцыі мэтро „Няміга“. У мяне ў руках былі галінкі вярбы, кветкі і маленькі сьцяжок. Пабачыла, што спыніўся сіні бус, паспрабавала забегчы ў мэтро, але мяне дагналі і сказалі, што забіраюць для разьбіральніцтва. Потым перасадзілі ў легкавы аўтамабіль, а сіні бус пагнаўся за хлопцам зь вялікім бел-чырвона-белым сьцягам. У пастарунку ў мяне адабралі рэчы, не давалі званіць, не выводзілі ў прыбіральню. Сказалі здаць адбіткі пальцаў, але я адмовілася. Пратрымалі тры з паловай гадзіны без тлумачэньня прычын».

Вынікі Дня Волі. Ужывую

Мітынг-канцэрт каля Тэатру опэры і балету ў Менску скончыўся супольным выкананьнем гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Старшыня Партыі БНФ заклікаў усіх спакойна разыходзіцца і не ўступаць у канфлікты зь міліцыяй.

На выхадзе з пляцоўкі «Сьвята Незалежнасьці» на вуліцы Янкі Купалы затрымалі Багуслава Цыганкова, перадае Іна Студзінская. Багуслаў Цыганкоў выйшаў з бацькамі з пляцоўкі Опэрнага тэатру, прайшоў каля пяці мэтраў і спыніўся сфатаграфаваць і два супрацоўнікі ў цывільным пацягнулі яго ў сіні бус.

Машына, на якой зьвезлі Багуслава Цыганкова
Машына, на якой зьвезлі Багуслава Цыганкова

Маці затрыманага Вольгу Цыганкову кінулі на асфальт. Вольга і Віталь Цыганковы паехалі разьбірацца ў Цэнтральны РАУС.

Някляеў напісаў верш з-за кратаў да 100-годзьдзя БНР

На старонцы Ўладзімера Някляева ў фэйсбуку зьявіўся ягоны верш з-за кратаў «Дзень Волі. Да 100-годзьдзя БНР».

Удзельнік руху «Дзея» Пятро Маркелаў паведаміў Радыё Свабода, што на «Сьвята Незалежнасьці» у Слуцку прыйшлі каля 80 чалавек. Пасьля завяршэньня канцэрту арганізатараў мерапрыемства пільнавалі, а пасьля затрымалі.

У Віцебску Дзень Волі адзначылі ўскладаньнем кветак

Тутэйшыя актывісты адмовіліся ад ідэі праводзіць мітынг у парку на ўскраіне, хоць улады яго і дазволілі. Замест гэтага вырашылі ўскласьці кветкі ў знакавых мясьцінах гораду.

Трое затрыманых у майках назіральнікаў на плошчы Якуба Коласа знаходзяцца ў Савецкім РАУС. Сярод іх назіральніца БХК Тацяна Самнікава, паводле яе словаў, ёй выкручваюць пальцы, здымаюць пірсынг, дзёргаюць за валасы. Назіральнікаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў забароненым шэсьці ў супраціве міліцыі.

Паводле Паўла Белавуса, на ўваходзе праз рамкі валянтэры раздалі каля 40 000 – 50 000 праграмак «Сьвята Незалежнасьці». Гэтую інфармацыю абвесьцілі і са сцэны.

У Магілёве вызвалілі 11 актывістаў руху «Маці 328»

У Магілёве больш за пяць гадзін утрымлівалі ў раённым аддзеле міліцыі 11 актывістаў руху «Маці 328». Гэты рух аб’ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з пашырэньнем наркотыкаў. Машыну спынілі пад Магілёвам, каля вёскі Сумарокава. Міліцыянты заявілі, што, паводле іх зьвестак, мікрааўтобусам перавозяцца наркотыкі. Затрыманьне адбылося а дзясятай гадзіне.

Затрыманыя актывісты з машынай на міліцэйскай стаянцы
Затрыманыя актывісты з машынай на міліцэйскай стаянцы

Дзень Волі на Магілёўшчыне: затрыманьні, малітва за Беларусь, юбілей БНР на магіле паўстанца-каліноўца

Сьвятлана Алексіевіч напісала зварот з нагоды Дня Волі

Падчас канцэрту «Сьвята Незалежнасьці» ля Опэрнага тэатру ў Менску вядучая Зінаіда Бандарэнка зачытала зварот ад нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, піша TUT.BY.

«Сталін зрабіў зь беларусаў расейцаў. Сталін разумеў, што без нацыянальнай ідэі і мовы няма народу, таму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя. Але гэтыя людзі на балоце выстаялі, выжылі. Ніколі не памірала народная душа. Першы здымак першага Усебеларускага зьезду паказвае нам твары свабодных людзей. Праз 100 гадоў мы ведаем, што БНР была і мы адтуль. Тыя, хто вырас у СССР, нічога пра яе ня ведалі ці казалі, што вырасьлі без мінулага. Хто такі беларус? Гэта чалавек, які марыць аб свабодзе; Але мы яе не баімся. Свабода – гэта жорсткая рэч, яна патрабуе веры і годнасьці, дысцыпліны і высакароднасьці. Мы з вамі пішам гісторыю сваёй свабоды».

Затрымалі журналістку Адар’ю Гуштын

На вуліцы Багдановіча побач з пляцоўкай Опэрнага тэатру затрымалі журналістку Адар’ю Гуштын, якая ішла са сьцягам на плячах. Гуштын адмовілася зьняць сьцяг, таму і забралі, паведаміў Свабодзе рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG