Столькі гадоў забаранялі грамадзкую актыўнасьць да 25 сакавіка, а тут раптам — дапамагаюць ладзіць сьвяточны канцэрт ды іншыя падобныя імпрэзы ў розных гарадах Беларусі. «Што гэта такое і для чаго?» — пытаньне задаюць ня толькі сталыя ўдзельнікі шэсьцяў ды мітынгаў да Сьвята Незалежнасьці.
Самыя адметныя словы, якія гучаць у дзяржаўных прапагандысцкіх перадачах, прамаўляюць прадстаўнікі дзяржавы або фармальна незалежных праўладных структур. Астатнія ўдзельнікі запрашаюцца выключна для паказной спрэчкі. Для агульнай драматургіі шоў.
У ток-шоў на ОНТ, прысьвечаным 100-годзьдзю БНР, асноўны эфірны час дастаўся дэпутату Палаты прадстаўнікоў гісторыку Ігару Марзалюку і прадстаўніку Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алегу Гайдукевічу.
Як па мне, роля «вольнага чалавека» Алега Гайдукевіча ў тым, каб агучваць тое, што ўлада абгаворвае пры зачыненых дзьвярах, але з той ці іншай прычыны не наважваецца прамовіць адкрыта. Гайдукевіч паўтарае за ўладай, але часам ідзе крыху далей.
Задача «гасударавага чалавека» Ігара Марзалюка — даваць збалянсаваную карціну пазыцыі ўлады і адначасова казаць рэчы, прыймальныя для вуха грамадзянаў, настроеных да ўлады скептычна.
Марзалюк/Гайдукевіч — гэта важны дуэт розных ток-шоў, прысьвечаных тэмам беларускай гісторыі, палітыкі і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Альбо міксту названых тэмаў. Напрыклад, такому, як 100-годзьдзе БНР.
Вядоўца Дзьмітры Бачкоў: «Каму хочацца манапалізаваць гэты фрагмэнт нашай агульнай гісторыі? 25 сакавіка — час для кансалідацыі».
Алег Гайдукевіч: «Нельга палітызаваць гісторыю». Гайдукевіч робіць выснову, што ня ўлада, а пэўныя палітычныя сілы забралі памяць пра БНР ва ўсіх беларусаў. Прывучалі, што 25 сакавіка — гэта Дзень пратэсту. А пасьля адкрытым тэкстам заклікае прысутнага ў студыі старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва паабяцаць, што далей 25 сакавіка будуць толькі танцы і сьпевы, а ня маршы пратэсту.
Справа ў тым, што ў незалежнай Беларусі да 1994 году, а дзе-нідзе і пазьней, 25 сакавіка быў найперш днём танцаў і сьпеваў, якія ладзіліся ня толькі на адкрытых пляцоўках у гарадзкой прасторы, але нават па школах і дамах культуры.
Назва Дзень Волі для 25 сакавіка як сынонім Дня Незалежнасьці папулярызавалася яшчэ ў позьнім СССР, калі нацыянальна арыентаваныя грамадзяне патрабавалі незалежнасьці Беларусі ад Крамля. У 1991-м зьявілася незалежнасьць, таму і пратэставаць не было супраць чаго.
Ад 1996 году ўлада абвясьціла намер стварыць «саюзную дзяржаву» з Расеяй, гэткі сабе СССР 2.0. Іншымі словамі, дэкляравала курс на ліквідацыю незалежнасьці. У сэнс Дня Волі вярнулася чыстая палітыка. Лёзунг «Незалежнасьць!» зноў стаўся актуальным.
Вось і адказ на пытаньне — «Чаму гісторыя БНР разьдзяляе на два лягеры ня толькі гісторыкаў?».
Дый пытаньне «Каму хочацца манапалізаваць гэты фрагмэнт нашай агульнай гісторыі?» робіцца рытарычным.
Алег Гайдукевіч: «Вырасла цэлая генэрацыя людзей, якія жывуць і хочуць жыць у незалежнай Беларусі. Трэба менш калупацца ў гісторыі, а глядзець у будучыню і будаваць незалежную Рэспубліку Беларусь».
Гэтым выказваньнем дэ-факта прызнаецца, што ўпэўненасьці ў незалежнасьці ўсё яшчэ няма.
Дваццаць гадоў таму дзяржаўная прапаганда ганьбавала БНР як «кайзэраўскі праект», а бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» як сымболіку калябарантаў з гітлераўцамі.
У эфіры ток-шоў дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк патлумачыў, што БНР абвяшчалася насуперак інтарэсам кайзэраўскіх войскаў і што калябаранты ІІ Сусьветнай ня мелі дачыненьня да БНР, якая афіцыйна спыніла існаваньне ў 1925 годзе, перадаўшы паўнамоцтвы БССР. Марзалюк разам зь некаторымі іншымі прысутнымі гісторыкамі заклікаў шанаваць БССР разам з БНР як беларускую дзяржаву.
Вядоўца падсумаваў: «Мы ўсе з вамі хочам моцную сувэрэнную дзяржаву».
А гэта ўжо тлумачэньне, чаму раптам улада пайшла на спробу дамовіцца з тымі, каго перад тым рэпрэсавала на 25 сакавіка.
Спрэчка пра БНР — гэта спрэчка пра будучыню Беларусі. Пра тое, ці краіна застанецца ў ценю Крамля, ці стане незалежнай не фармальна, а рэальна.
Калі ўпэўненасьці ў будучай незалежнасьці Беларусі няма ўжо ня толькі ў «апазыцыі», але і ва ўлады, то сьвята БНР робіцца больш палітычным — ужо агульнанацыянальна палітычным.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.