Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ютуб-канал найбуйнейшага літоўскага парталу Delfi у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім»


Кантэнт ютуб-каналу «Delfi Літва», які належыць аднайменнаму літоўскаму парталу навін — найбуйнейшаму анлайн-мэдыя ў гэтай балтыйскай краіне, у Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», вынікае з абноўленага сьпісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

Адпаведнае рашэньне 18 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.

На гэты ютуб-канал падпісана больш за 100 тыс. чалавек.

У абноўлены пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» таксама ўнесеныя старонкі Movements For Freedom, supolka_italia, «Виталий Макаревич Trucker», miliuk27 у «Інстаграме»; «РЭЗЕРВОВАЯ!!! НIЯКАЙ IНТЭГРАЦЫI З РАСЕЯЙ», «Беларусы ў Лiтве/ Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania» — у «Фэйсбуку»; «Bgmedia|Брест|Новости» — у Threads; «Мой Дрогичин» — у «Аднакласніках»; vibori_belorusi — у «ЦікТок».

Delfi зьявіўся ў 1999 годзе адразу ў трох краінах Балтыі: спачатку ў Эстоніі, затым у Латвіі і Літве. Задумваўся як адзіны панбалтыйскі праект, але на справе ўяўляе сабой тры незалежныя адзін ад аднаго сродкі масавай інфармацыі, хоць і выступаюць пад адным брэндам і ўваходзяць у адну мэдыягрупу Ekspress Grupp. Кожны партал вырабляе кантэнт на нацыянальнай мове сваёй краіны, а таксама на расейскай (літоўскі — яшчэ і на ангельскай). У 2007–2014 гадах працавала ўкраінская рэдакцыя Delfi, але гэты кірунак быў прызнаны беспэрспэктыўным і закрыты.

Літоўскі партал Delfi рэгулярна асьвятляе беларускую тэматыку, пры гэтым у Беларусі не адчыняецца з 2023 году.

У тым ліку з дапамогай свайго ютуб-каналу партал актыўна асьвятляў вызваленьне 21 чэрвеня 14 вязьняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускай дэмакратычнай лідэркі Святланы Ціханоўскай, якая з 2020 году жыве ў Літве.

У 2023 годзе на ютуб-канале «Delfi Літва» зьявіўся дакумэнтальны фільм пра беларускія пратэсты (аўтар — журналіст Мікалай Мамінаў). Пасьля гэтага па дапамогу ў фонд салідарнасьці BySol з просьбай пра эвакуацыю зьвярнуліся дзясяткі чалавек. Справа ў тым, што абліччы многіх людзей, якія трапілі ў кадар, не былі схаваныя, і яны сталі баяцца перасьледу з боку ўладаў.

Кіраўніцтва расейскамоўнай вэрсіі парталу запэўнівала, што рэдакцыя ўлічвала пытаньні бясьпекі беларусаў, паказаных на кадрах дакумэнтальнага фільму. Тым ня менш пасьля шматлікіх зваротаў фільм быў «часова выдалены».

25 сакавіка 2022 году Раскамнагляд заблякаваў доступ да літоўскай вэрсіі Delfi на тэрыторыі Расеі. На пачатку красавіка 2022-га гэтае ж ведамства заблякавала расейскамоўную вэрсію латвійскага парталу Delfi.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG