Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішні «шакалядны кароль» Беларусі спыніў свой бізнэс і ў Расеі


Марат Новікаў, архіўнае фота
Марат Новікаў, архіўнае фота

Прадпрымальнік яшчэ нядаўна спрабаваў канкураваць з сваімі былымі фабрыкамі.

Як высьветліў партал «Белорусы и рынок», летась расейская кампанія «Мелані», з прадукцыяй якой Марат Новікаў спрабаваў канкураваць з сваімі былымі фабрыкамі «Спартак» і «Камунарка», ужо не працавала.

Кампанія «Мелані» была створаная празь некаторы час пасьля таго, як у 2012 годзе большая частка актываў бізнэсоўца ў Беларусі — акцыі ў «Спартаку» і «Камунарцы» — перайшлі па ўказе Лукашэнкі ў рукі дзяржавы. У гомельскай фабрыцы Марату Новікаву належаў кантрольны пакет, у «Камунарцы» — звыш траціны акцыяў. Негалосна Марат Новікаў кантраляваў з пачатку 2000-х таксама «Слодыч» і «Чырвоны Мазыранін», якім пастаўляў сыравіну і рэалізоўваў прадукцыю праз расейскую кампанію «Белкандытар».

У 2011 годзе дзяржава задняй датай абнуліла частку дакупленых Новікавым у супрацоўнікаў акцый у «Спартаку» і «Камунарцы», а потым праз дадатковыя эмісіі давяла яго долю ў фабрыках да мізэрнай. Сёньня ўладальнік «Камунаркі» ўжо дзяржава.

Адзінае, што Марату Новікаву ўдалося захаваць у сваіх руках пасьля разгрому бізнэсу ў Беларусі, гэта брэнд Melanie, які выпускаўся на «Спартаку». Гэтую лінейку з 2015 году, на дамове з фабрыкамі-падрадчыкамі ў Польшчы і Літве, ён паспрабаваў прасоўваць на расейскім рынку.

Аднак, акрамя «Мелані», таксама не ажыцьцяўляў летась вытворчасьць і продажу іншы яго праект — «Фабрыка беларускай кухні». Прадпрымальнік спрабаваў наладзіць вытворчасьць паўфабрыкатаў для сеткі рэстаранаў «Беларуская кухня» у Расеі. Сеткі не атрымалася — цяпер у Маскве функцыянуе адзін аб’ект пад гэтым брэндам, у якім Марат Новікаў ужо нават не ўладальнік кантрольнага пакету, адзначае выданьне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG