Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі за месяц зарабляю каля 1500 даляраў» Інтэрвію з уладальнікам «крамы-цюбецейкі»


Ясёжан Ахрараў
Ясёжан Ахрараў

Грамадзянін Узбэкістану, які трымае ў Менску дзьве крамы з таннай вопраткай, расказвае пра сувязі з Бакіевым, крытыку ад беларускіх прадпрымальнікаў, асаблівасьці працы ў Беларусі і свае прыбыткі.

Ясёжан Ахрараў працуе ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. Гэта ён у жніўні мінулага году адкрыў першую ў Менску «краму-цюбецейку» на вуліцы Кульман ля Камароўкі. Да пераезду ў сталіцу некалькі месяцаў працаваў у Магілёве. Бізнэс у Менску адразу пайшоў добра, нядаўна Ахрараў адкрыў тут яшчэ адну краму.

Крама Ахрарава на вуліцы Кульман пад шыльдай «Распродаж»
Крама Ахрарава на вуліцы Кульман пад шыльдай «Распродаж»

«У Казахстане могуць прыйсьці з вуліцы і забраць усё»

«Я ў 2005 годзе ў Беларусь прыехаў, гандлявалі мы тут пакрысе, мне ў Беларусі спадабалася, — пачынае расказваць Ясёжан. — Летась вырашылі разьвівацца, таму адкрылі краму гэтую. Беларускім прадпрымальнікам, ведаю, тут часам не вельмі падабаецца, але ў мяне няма ніякіх прэтэнзій. У іх свой бізнэс, у мяне свой».

Да Беларусі Ахрараў працаваў у Расеі і Казахстане. Кажа, там законы не абавязкова выконваюцца, можа здарыцца ўсё што заўгодна. А вось у Беларусі ўсё паводле закону і калі дакумэнты ў парадку, то можна спакойна працаваць.

«У Казахстане твой тавар могуць проста вулічныя хлопцы забраць, — гаворыць прыдпрымальнік. — У Беларусі такога зусім няма. Вулічныя хлопцы — гэта рэкетыры, бандыты. У вас тут толькі парушэньні шукаюць. Калі знойдуць, то штраф. Парушэньні ва ўсіх ёсьць, ва ўсіх свой бізнэс».

У Казахстане твой тавар могуць проста вулічныя хлопцы забраць. У вас толькі парушэньні шукаюць

Паводле ўзбэцкага прадпрымальніка, калі ён вырашыў адкрыць краму таннай вопраткі ў Менску, то больш за ўсё часу страціў на атрыманьне дазволу на працу (яно было неабходнае, бо Ахрараў — грамадзян Узбэкістану): на гэта спатрэбілася 15 дзён. А фірму «Ойшатэкстыль», названую ў гонар дачкі, зарэгістравалі ўсяго за адзін дзень.

«Лёгка было адкрыць краму, — гаворыць Ахрараў. — Калі б ня гэты дазвол на працу, то зусім уклаўся б у адзін дзень. Гэта нашмат прасьцей, чым у Расеі».

Большасьць тавараў у краме Ахрарава паходзіць з Кітаю
Большасьць тавараў у краме Ахрарава паходзіць з Кітаю

«Не хачу гаварыць, дзе і па якіх цэнах бяру тавар»

Нізкія цэны ў сваіх крамах Ахрараў тлумачыць проста — вялікі абарот і ніжэйшы, чым у беларускіх прадпрымальнікаў, навар. Паводле яго, на кожную рэч нацэнка складае каля 30%.

«Людзі задаволеныя, ніхто ня скардзіцца, — кажа прадпрымальнік. — У нас параўнальна вялікія аб’ёмы, таму мы можам трымаць ніжэйшыя цэны, у гэтым увесь сакрэт. Дзе я тавар бяру? Двайце я ня буду адказваць на гэтае пытаньне. Не хачу казаць, дзе і па якіх цэнах. Цяпер столькі нэгатыву ідзе... Не хачу, каб ён дайшоў да пастаўшчыкоў. Хай гэта будзе наша камэрцыйная тайна».

У нас параўнальна вялікія аб’ёмы, таму мы можам трымаць ніжэйшыя цэны

Краінай паходжаньня на большасьці этыкетак вывешанага ў краме Ахрарава адзеньня пазначаны Кітай, ёсьць таксама Ўзбэксітан і Расея. Уладальнік менскай «цюбецейкі» кажа, што тавар ён набывае «практычна ў тых жа месцах, дзе і беларускія «іпэшнікі», — на аптовых складах у Расеі.

«Мы зараз можам з вамі прайсьціся па гандлёвых пунктах у той жа „Манэтцы“, „Імпульсе“ (гандлёвыя цэнтры побач з Камароўскім рынкам. — РС), і там будзе той самы тавар. Магчыма, толькі колерам будзе адрозьнівацца, а так усё тое ж самае, — гаворыць Андрэй, юрыст і беларускі памочнік Архарава. — Іпэшнікі самі прызнаюцца, што набываюць тавар у адных месцах з намі, але не разумеюць, чаму ва ўзбэкаў таньней. Нюансы ёсьць, вядома. Некаму могуць за кошт большых аб’ёмаў даць зьніжку. Але гэта бізнэс».

Нягледзячы на вялікую колькасьць нэгатыву, пагрозаў у свой адрас Ахрараў пакуль ня чуў, усё абмяжоўваецца выказваньнямі ў інтэрнэце і камэнтарамі ў СМІ.

«Але я ня маю ніякіх прэтэнзій. У іх свой бізнэс, у мяне свой, — кажа Ахрараў. — Працуем».

Пасьля кожнай хвалі публікацый пра «крамы-цюбецейкі» ў СМІ да Ахрарава прыходзіць чарговая праверка. Прадпрымальнік ня ведае, чым гэта выклікана, і ня думае, што нехта зь беларусаў мэтанакіравана скардзіцца на яго ў дзяржаўныя органы.

«Магчыма, проста чыноўнікі чытаюць пра нас і вырашаюць праверыць на ўсякі выпадак», — кажа яго юрыст.

Ахрараў у сваёй менскай краме
Ахрараў у сваёй менскай краме

«Мы ўсе з аднаго гораду»

Крамы з таннай вопраткай масава пачалі адкрывацца ў Беларусі прыкладна год таму. Да вясны 2017 году іх было ўсяго некалькі дзясяткаў, цяпер — некалькі соцень.

«Неяк так атрымалася, — кажа Ахрараў. — Мы ж, уладальнікі гэтых крамаў, усе з аднаго горада — Намангану Наманганскай вобласьці. Там усе адзін аднаго ведаюць, неяк падзяліліся паміж сабой інфармацыяй. Колькі нас тут працуе цяпер, я ня ведаю дакладна, не магу сказаць».

Адно з абвінавачваньняў, якое гучыць на адрас уладальнікаў «крамаў-цюбецеек» з боку беларускіх прадпрымальнікаў, — маўляў, капітал вывозіцца зь Беларусі. Ахрараў крытыку аспрэчвае. Гаворыць, што амаль пастаянна жыве ў Беларусі, плаціць тут падаткі, набывае беларускі тавары.

«Гэта ўсё ўмоўна. Калі беларускі прадпрымальнік у Беларусі купіць BMW, гэта ён дзе беларускія грошы пакіне? У Беларусі альбо ў Нямеччыне? — дадае юрыст Ахрарава. — Арэнда, касавыя тэрміналы, зборы за ўвоз — усё гэта застаецца тут».

У Беларусі з тым самым бізнэсам можна зарабіць больш, чым ва Узбэкістане. Таму мы пачалі працаваць тут

«У Беларусі з тым самым бізнэсам можна зарабіць больш, чым ва Узбэкістане, — прызнаецца прадпрымальнік. — Таму мы пачалі працаваць тут, таму прыходзіцца езьдзіць. Чалавек шукае там, дзе яму выгадней».

Сярэдні заробак Ахрарава ў Беларусі, кажа ён, каля 1500 даляраў за месяц. Арэнда памяшканьняў для крамы — сярэдняя па Менску, як ва ўсіх беларускіх прадпрымальнікаў. Пра месячны абарот крамы бізнэсовец гаварыць ня хоча, называе толькі суму выплачаных за мінулы квартал падаткаў — каля 5000 рублёў. Гандаль рэнтабэльны, усе заробленыя сродкі ўкладаюцца ў пашырэньне бізнэсу. Ахрараў гаворыць, што не зьбіраецца закрывацца пасьля двух гадоў працы, калі мусіць скончыцца «тэрмін неўмяшаньня» кантрольных органаў.

Узбэцкі прадпрымальнік таксама расказвае, што праверкі прыходзяць прыкладна двойчы на месяц, пратаколы аб парушэньнях складаюць кожны раз. У Ахрарава знаходзілі, напрыклад, парушэньні ў маркіроўцы тавару.

«У нас была толькі інфармацыя пра рост, а трэба было яшчэ абхват сьцёгнаў пазначаць. Такое вось парушэньне, — расказвае юрыст Ахрарава Андрэй. — Зьвязаліся з пастаўшчыкамі, выправілі, цяпер усё ў парадку ў нас з гэтым. Дакладна такія ж парушэньні можна і ў беларускіх „іпэшнікаў“ знайсьці. Але для гэтага ёсьць адпаведныя органы, мы такім не займаемся».

Сувязі «крамаў-цюбецеек» зь беларускімі ўладамі і Курманбекам Бакіевым (Былы прэзыдэнт Кыргызстану, пераехаў у Беларусь пасьля адхіленьня ад улады ў 2010 годзе, тады ж аб'яўлены ў міждзяржаўны вышук па падазрэньні ў саўдзеле ў масавых забойствах, у 2012 годзе вайсковым судом Кыргызстана прызнаны вінаватым і пакараны 24 гадамі пазбаўленьня волі. ЖЫве на тэрыторыі Беларусі, займаецца бізнэсам. Інфармацыя аб датычнасьці Бакіева да адкрыцьця крамаў атннай вопраткі зьяўлялася ў сацыяльных сетках) прадпрымальнік рашуча адмаўляе.

«Гэта мой уласны бізнэс, — настойвае Ахрараў, — Я проста бізнэсовец і працую сам на сябе».

Тыповая этыкетка на тавары, які прадаецца ў «краме-цюбецейцы»
Тыповая этыкетка на тавары, які прадаецца ў «краме-цюбецейцы»

​«У вас тут Эўропа. Дачка два месяцы пажыла ў Беларусі і перастала слухацца»

«Называюць нас „цюбецейкамі“, але мне ня крыўдна, — кажа прадпрымальнік. — Гэта наша нацыянальная рэч, на што тут крыўдаваць».

У менскую краму часта прыходзяць дзеці Ахрарава. Тады, калі ён прывозіць іх у Беларусь.

«Дзеці пэрыядычна са мной тут жывуць у Менску, у мяне адзін сын і дзьве дачкі, — расказвае Ахрараў. — Я то сюды іх прывязу, то дадому адпраўлю... Ці хачу я атрымаць беларускае грамадзянства? Я ня думаў аб гэтым. Беларусь мне падабаецца, але я не магу сваю сям’ю пакінуць. У мяне дзеці вучацца. У вас свае законы, у нас свае. Родная мова важная. Як вам сказаць... У вас Эўропа, выхаваньне іншае. Малодшая дачка прыяжджала, два месяцы пажыла ў Беларусі і перастала слухацца. Як гэта? Мне 35 гадоў, і я дагэтуль слухаюся сваю маці. Што яна скажа, тое закон для мяне. Хачу, каб і з маімі дзецьмі так было».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG